Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне сем шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 11-ць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ксенія Бець, Мія Арыка, Яраслаў Нагар, Адэліна Пясецкая, Дзіяна Клімовіч, Артур Глейм, Аляксандра Разумоўская, Яўгеній Швагерус, Леанард Ліпніцкі, Софія Казлоўская і Дзямід Белазаровіч.

Зямны шлях закончыўся для дзесяці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў без вогненных здарэнняў.

Міліцыяй зарэгістравана 109 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 12 крымінальных спраў, у васьмі з іх устаноўлены падазроныя. Маёмасць прапала з будаўнічага вагончыка ДРБУ № 135 у кар’еры паблізу Слабодкі. З кватэры па вуліцы Энгельса ў Стоўбцах украдзены залаты ланцужок. Хуліган разбіў шкло ў магазіне райспажыўтаварыства. Жыхар Заямнага, будучы нецвярозым, выказваў у адрас сваёй жонкі пагрозы з нажом у руках.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету затрыманы жыхар вёскі Ініца, які на затоцы ракі Нёман з дапамогай дзвюх сетак незаконна здабыў тры асобіны розных відаў рыб. Шкода, якая нанесена навакольнаму асяроддзю, склала 256 рублёў. Браканьеру пагражае штраф да 50 базавых велічынь.

Суд прыгаварыў да 150 гадзін грамадскіх работ 52-гадовую жыхарку Літвы, якая ўхіляецца ад працы і, адпаведна, ад кампенсацыі выдаткаў на дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. 34-гадовая жыхарка Наваколасава спрабавала ўчыніць крадзеж з выкарыстаннем чужой банкаўскай картачкі, за што была асуджана да выпраўленчых работ тэрмінам на год з утрыманнем з заробку дзесяці працэнтаў. На тры базавыя велічыні аштрафаваны 53-гадовы жыхар Любкаўшчыны, які паўторна з’явіўся ў грамадскім месцы (на прывакзальнай плошчы ў Стоўбцах) у п’яным выглядзе.

ДАІ выявіла 102 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – нецвярозы вадзіцель і шэсць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 12 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксаваны тры дарожна-транспартныя здарэнні. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

«Хуткая» выязджала да хворых 210 разоў, у тым ліку восем сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *