Падарожжы па родным краі

Крочым па раёне Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

На базе Горкаўскай СШ дзейнічаў турысцка-краязнаўчы палатачны лагер «Непаседы». За перыяд змены ў лагеры адпачылі і аздаравіліся 20 дзяцей. Жыццё лагера прайшло ў рамках рэспубліканскай акцыі «Малая радзіма: ад вывучэння да дзеяння». Асноўнымі задачамі турысцка-краязнаўчага палатачнага лагера з’яўляліся: аздараўленне дзяцей, расшырэнне ведаў па геаграфіі, гісторыі роднага краю, стварэнне ўмоў для фарміравання грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці.

Кожны дзень лагера меў свой дэвіз: «Усё самае лепшае – дзецям!», «Якое шчасце – жыць і адкрываць за цудам цуд!», » Беражы здароўе змоладу!», «Падары кропельку дабрыні», «Беражы цуда на планеце – святую нашу Беларусь», «Патрэбен мір на планеце, каб шчасліва смяяліся дзеці».

У першай палове дня праводзіліся мерапрыемствы турысцка-краязнаўчай накіраванасці. Маршрут падарожжаў праходзіў па малой радзіме – аграгарадку Горкі. І важна было найбольш даведацца пра мінулае, яскрава ўбачыць сённяшнія пераўтварэнні і зазірнуць у будучае сваёй малой радзімы. Многім упершыню, дзякуючы падарожжу, давялося пабыць на сучаснай малочнай ферме, абсталяванай па апошнім слове тэхнікі. Тэхнік-асемянатар фермы Ларыса Галімуліна правяла прафарыентацыйную работу: пазнаёміла з новымі і патрэбнымі прафесіямі, якія неабходныя зараз менавіта ў гаспадарцы, расказала пра абавязкі і ўмовы працы.

На маршруце «Вёска Жацерава: культурная спадчына» Рэгіна Васілеўская зрабіла аповед аб святыні вёскі – касцёле Сэрца Езуса. Наведванне касцёла дало магчымасць задумацца аб галоўным – быць спагадлівым і дарыць людзям дабрыню, любіць жыццё. У час размовы з былым фельчарам Ірынай Агароднік дзеці атрымалі адказы на пытанні, якія тычыліся іх здароўя. У знак удзячнасці была падорана песня «Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались». Добрая ўсмешка Ірыны і слёзы на вачах гаварылі нам, што такія сустрэчы патрэбны, трэба памятаць клопат і дабрыню ў адносінах адзін да аднаго. І яшчэ адна сустрэча ў час падарожжа закранула душы дзяцей – размова з настаўніцай – пенсіянеркай Янінай Саматыя. Яе цікавы аповед пра гады працы ў школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры выклікаў шмат пытанняў: як вучыліся, колькі дзяцей было ў класах, якія адзнакі ставілі, ці чыталі дзеці шмат літаратуры. На ўсе пытанні былі дадзены грунтоўныя адказы і выказана пажаданне: мець добрага сябра – кнігу.

На маршруце «Вёска Раёўшчына: людзі, здарэнні, факты» вучні з вялікім задавальненнем наведалі фермерскую гаспадарку і пагутарылі з Ларысай Іларыёнаўнай Дзейчык. Колькі часу, клопату, працы ўкладваюць гаспадары, каб мець на стале сёння раннія агуркі, таматы, капусту – комплекс вітаміноў. Вялікія плошчы цяпліц уразілі дзяцей.

Маршрут «Вёска Савоні: другая маладосць» паказаў, наколькі змянілася вёска, памаладзела, папрыгажэла – гэта адзнака дзяцей. Нельга было не наведаць дзіцячы сад «Калабок», дзе былі арганізаваны сумесныя гульні.

Дзяцей зацікавіла суседняя вёска, дзе знаходзіцца царква Святога Іаанна Прадцечы. Маршрут «Вішнявец: святыня вёскі». Прытым быў арганізаваны велапаход пад яскравым дэвізам: «Злоўлены вецер». Свяшчэннік у час наведвання царквы расказаў гісторыю пабудовы. Сама атмасфера царквы напоўніла душы дзяцей мірам, спакоем.

Усе гэтыя падарожжы былі цікавымі і карыснымі. Але, мабыць, самым запамінальным было падарожжа ў ФАК у г. Стоўбцы. Наведалі басейн і трэнажорны зал. Галоўнае, што дзеці зрабілі для сябе вынікі – патрэбна займацца спортам і здорава быць здаровым.

З мэтаю прапаганды здаровага ладу жыцця ў лагеры прайшлі цікавыя гульні «Разведчыкі», «Сцежка перашкод», дзе выхаванцы замацавалі атрыманыя ўменні і навыкі па аказанні першай медыцынскай дапамогі, спосабах развядзення кастра, прыгатавання ежы ў паходных умовах. З якім задорам, накалам прайшла гульня » Піраты 21 стагоддзя!» Удзельнікі праявілі кемлівасць, узаемавыручку, уменне працаваць у камандзе і раскрылі свае таленты.

Падабаліся пасядзелкі ля вогнішча, дзе можна было выказаць свае думкі і пажаданні, спець любімыя песні, падзяліцца цікавай гісторыяй. Ва ўсіх мерапрыемствах прымалі ўдзел начальнік лагера Анатолій Пешка і педагогі-выхавацелі: Наталля Шабаліна, Алена Мамчыц і Станіслаў Васілеўскі.

За смачныя сняданкі, абеды, падвячоркі і вячэры дзеці дзякавалі работнікам сталовай Ірыне Петрашэвіч і Валянціне Макавецкай.

Па выніках анкетавання ў выхаванцаў засталіся самыя добрыя, цёплыя ўспаміны. Дзевяць дзён жыцця ў лагеры, падарожжы па малой радзіме праляцелі імгненна, таму што было цікава і карысна.

Алена МАМЧЫЦ,

настаўніца Горкаўская СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *