Апраўдаць давер выбаршчыкаў

Выбары-2014 Нумары

image_pdfimage_print

Я, Астрэйка Нэлі Леанідаўна, нарадзілася 14 ліпеня 1961 года ў вёсцы Вішнявец Стаўбцоўскага раёна. У 1978 годзе закончыла СШ № 2 г. Стоўбцы, а ў 1983 годзе – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна па спецыяльнасці філолаг, выкладчык  беларускай і рускай мовы і літаратуры. Працавала ў Заямнаўскай СШ, СШ № 3 г. Стоўбцы. З 2008 г. – рэдактар дзяржаўнай установы «Рэдакцыя газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы». Дэпутат раённага Савета дэпутатаў 26 склікання, член райвыканкама.

Балатавацца ў кандыдаты дэпутатаў Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па Шашкоўскай выбарчай акрузе № 43 і раённага Савета дэпутатаў па Залужскай выбарчай акрузе № 16, мяне падштурхнула менавіта прафесія. Журналісты, як і дэпутаты, у пастаянных стасунках з людзьмі. Жывуць іх праблемамі і спадзяваннямі. Разумеюць, дапамагаюць, падтрымліваюць.

Хутка бяжыць час. Ужо адыходзіць у мінулае выбарчая кампанія 26 склікання. Успамінаюцца сустрэчы з выбаршчыкамі, аналізую зробленае. І кожны раз з задавальненнем адзначаю для сябе: людзі давяраюць свайму дэпутату, спадзяюцца на яго, на тое, што пры дапамозе грамадскай думкі можна зрушыць з месца нават самую складаную праблему. У час свайго дэпутацтва спрабавала выслухаць і зразумець кожнага, хто звяртаўся па параду, па дапамогу. Ніколі не адмахвалася ад просьбаў. Чым магла, дапамагала. Дапамагала чалавеку – успрымала гэта як звычайнасць, як асаблівасць прафесіі.

Я нарадзілася на Стаўбцоўшчыне, тут жыву, таму мне заўсёды зразумелыя патрэбы нашых людзей. У мяне ёсць магчымасць агучыць гэтыя патрэбы ў СМІ. Пытанні ці праблемы не толькі асвятляюцца ў раёнцы, але і вырашаюцца. Дэпутат, безумоўна, мае больш магчымасцяў дапамагчы людзям. А прафесія журналіста тут з’яўляецца добрым памочнікам, бо журналісты, асабліва рэгіянальных СМІ, бліжэй да простых людзей. Дэпутат – чалавек з народа і для народа. Гэта не высакамоўныя словы.

Даючы згоду балатавацца кандыдатам у дэпутаты абласнога і раённага Саветаў, разумею высокую адказнасць, якую на сябе ўскладваю. Час лозунгаў даўно прайшоў. Мы павінны працаваць не дзеля «птушачкі» ў справаздачах. Неабходна ісці ад жыцця, прытрымлівацца запытаў людзей, працаваць дзеля людзей. Кожны грамадзянін павінен быць упэўнены: улада для народа.

Калі выбаршчыкі падтрымаюць маю кандыдатуру, то буду старацца дапамагаць вырашаць іх праблемы, удзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі праграм, накіраваных на эфектыўнае развіццё эканомікі раёна, павышэнне ўзроўню дабрабыту і якасці жыцця людзей. Сярод надзённых задач – садзейнічанне ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Да кожнага населенага пункта павінна быць добрая дарога, транспартная і тэлефонная сувязь, а ў жыхароў вёсак – магчымасць мець якаснае гандлёвае і медыцынскае абслугоўванне. Я за ўсталяванне справядлівай сацыяльнай палітыкі, за вырашэнне надзённых і перспектыўных задач аховы здароўя, адукацыі, за здаровы лад жыцця. Неабходна аказваць падтрымку моладзі, забяспечваць умовы для развіцця яе творчых здольнасцяў, атрымання адукацыі, набыцця жылля. Я за павышэнне ролі сям’і, статусу жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы, захавальніцы сямейнага ачага, за недапушчэнне сіроцтва пры жывых бацьках. За гарантаванне бяспекі людзей, супрацьдзеянне распаўсюджвання негатыўных з’яў у грамадстве: п’янства, наркаманіі, карупцыі, хабарніцтва. Лічу сваёй задачай садзейнічаць адраджэнню багаццяў нацыянальнай культуры, духоўнай і гістарычнай спадчыны. Я за падтрымку рэлігійных арганізацый як захавальнікаў духоўнасці, прынцыпаў дабра і справядлівасці, за рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, за экалагічную бяспеку. За тое, каб у СМІ даваць праўдзівую, аб’ектыўную, чэсную інфармацыю.

У выпадку выбрання мяне дэпутатам буду рабіць усё магчымае, каб наш родны край стаў яшчэ больш прыгожым, добраўпарадкаваным, каб кожны чалавек адчуваў сябе грамадзянінам і гаспадаром на сваёй зямлі. Я – за нашу Міншчыну, родную Беларусь. Мой жыццёвы прынцып – быць сумленнай перад сабой і людзьмі, адказнай перад законам. Пастараюся і надалей не здрадзіць яму.

Заклікаю ўсіх выбаршчыкаў праявіць сваю грамадзянскую сталасць і прыняць удзел у галасаванні на выбарах 23 сакавіка.

Нэлі АСТРЭЙКА, кандыдат у дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *