Малоцяць масланасенне і прасуюць рапсавую салому

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай

52-a

У гаспадарках раёна вядзецца масавая ўборка азімага рапсу, які зжаты на большай палове плошчаў. У двух сельгаставарыствах гэтая работа завершана – у ААТ «Жацерава» і «Дзераўное». Сярэднераённая ўраджайнасць складае 13,3 цэнтнера масланасення з гектара. Самая высокая пакуль што ў ААТ «Вялікі Двор», дзе намалочваюць на круг па 32,8 цэнтнера.

На мінулым тыдні прыступілі да ўборкі азімага рапсу і ў ААТ «Агранёманскі». Гэтую тэхнічную культуру ў гаспадарцы, якая з’яўляецца элітгасам, умеюць вырошчваць і штогод атрымліваюць высокую ўраджайнасць.

– Сёлета многае залежыць ад кліматычных умоў, але будзем спадзявацца, што паказчык будзе неблагім, – гаворыць намеснік дырэктара таварыства Іван Скварчэўскі. – На мінулагодні вынік, аднак, не выйдзем, хоць і прымянілі ўвесь комплекс работ па абароне раслін, выкарыстоўваючы методыку і хімічныя прэпараты нямецкай фірмы «Bayer». Для хутчэйшага выспявання насення расліны напярэдадні ўборкі апрацавалі гліфасатамі. Зменшыцца ўраджайнасць і з-за таго, што пасевы на гарыстых участках падгарэлі, ёсць і некаторыя іншыя нюансы.  

Азімы рапс у таварыстве неабходна ўбраць на 135 гектарах. Па стане на 16 ліпеня ён быў зжаты на палове плошчаў. Стрымлівае ўборку дажджлівае надвор’е, як яно палепшыцца, хлебаробы зноў выйдуць у поле. Задзейнічаны тры экіпажы камбайнераў. Вопытны Міхаіл Таяноўскі (чатыры дзесяцігоддзі працуе на камбайне) з памочнікам Андрэем Васіным. Малады, але тытулаваны Віктар Семянько (перадавік прымаў удзел у абласных дажынках) у пары з жонкай Таццянай. Сямейны экіпаж у складзе бацькі і сына Анатолія і Вадзіма Казлоўскіх.

Услед за камбайнамі падбіраецца рапсавая салома, якая пойдзе на падсцёл жывёле. Летась сцябло здрабнялася, а сёлета вырашылі запрасаваць яе ў рулоны. Дзейнічаюць па сітуацыі, бо з-за нізкарослых пасеваў збожжавай саломы чакаецца менш.

Практычна ўвесь намалочаны рапс застаецца ў гаспадарцы і ідзе на перапрацоўку, бо некалькі гадоў назад кіраўніцтвам была набыта і ўстаноўлена спецыяльная лінія.

– Рапсавы алей мы рэалізуем, а жамерыны ўключаюцца ў рацыён жывёле, – дадае Іван Іванавіч. – За суткі перапрацоўваецца каля паўтары тысячы тон насення і для нашай гаспадаркі гэтага дастаткова.

Да жніва азімых збожжавых культур агранёманскія хлебаробы разлічваюць прыступіць прыкладна праз пяць дзён, а напрыканцы месяца выйдуць і на яравыя палеткі.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: (злева направа) камбайнеры Віктар Семянько і Міхаіл Таяноўскі; вядзецца ўборка рапсу.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *