Суседнічаюць новы станок і… непарадак

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Калі вытворчасць суседнічае з парадкам – гэта называецца культурай вытворчасці, і яна – красамоўней за любыя словы – скажа пра эканамічны патэнцыял, стабільнае і трывалае развіццё любога прадпрыемства.

Маніторынг прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі на тэрыторыі раёна праводзіцца санітарнай службай пастаянна. Яго даныя аналізуюцца і публікуюцца на старонках раённай газеты. Разам са спецыялістам мы пабывалі на адным з такіх аб’ектаў дрэваапрацоўкі, на гэты раз – на прыватным вытворча-гандлёвым унітарным прадпрыемстве «ФэнсіВок», што ў вёсцы Слабада.

Прадпрыемства працуе больш за дзесяць гадоў, але, варта сказаць, пытанні з навядзеннем парадку пакуль не сталі тут такой жа паўсядзённай нормай, як, напрыклад, выпрацоўка пэўнага аб’ёму прадукцыі (яна, дарэчы, адгружаецца і на экспарт). Раней кіраўніцтва  УП «ФэнсіВок» неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за неналежны санітарны стан тэрыторыі. Што змянілася за апошні час?

Ужо на пад’ездзе да піларамы бачны хісткі драўляны плот, а за ім  – нагрувашчанне самага рознага «дабра».

– Смецце? Паціху вывозім яго. Металалом? Складзіруем… Не прайсці? Гатовую прадукцыю хутка вывезем, яна, як і сыравіна, разложана па асартыменце. Што з карой? У драбілку, а дранку адгружаем на экспарт, – дае свае тлумачэнні па ўсіх пазіцыях той ці іншай безгаспадарчасці дырэктар Віталь Саўчук. –  Агароджу абавязкова будзем мяняць, – запэўнівае дырэктар.

І сапраўды, падчыстка тэрыторыі плошчай  0,88 га запатрабуе нямала намаганняў.

– У металалому, непатрэбнага абсталявання ці будаўнічых матэрыялаў павінна быць канкрэтнае, абазначанае месца захоўвання, – нагадвае загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Лойка.

Падчас абходу відавочна, што той жа металалом раскіданы фактычна па ўсёй тэрыторыі. Іржавыя каркасы машын ды іншае знаходзяцца і па-за тэрыторыяй (з тыльнага боку). Калі спераду тэрыторыя ўздоўж агароджы была ў свой час падкошана, то з тылу да яе ніяк не дайшлі прыватныя дрэваперапрацоўшчыкі разам са сваёй газонакасілкай: стаіць сцяной амаль метровы, яшчэ леташні, быльнёг…

У дырэктара просім паказаць так званыя зоны ці ўмоўна падзеленыя ўчасткі на тэрыторыі – сыравінны, вытворчы, адгрузачны і т. п., наяўнасць якіх адназначна сведчыць пра граматны і абгрунтаваны падыход да яе выкарыстання, дагледжанасць, добраўпарадкаванасць. На жаль, толькі адзін з участкаў, на якім узвышалася цэлая гара з драніцы і пад нагамі адчувалася тупкае асфальтаванае пакрыццё, больш-менш адпавядаў сучасным патрабаванням, прад’яўляюцца да ўтрымлівання вытворчых тэрыторый. Гэтым, будзем лічыць, пакладзены добры пачатак.

Пакуль на большай частцы тэрыторыі – брудныя каляіны, што застаюцца ад лесавозаў і іншай цяжкай тэхнікі, «недабуды» і іншыя недахопы. Да прыкладу, і тыя невялікія кавалачкі асфальту, каторыя ёсць, выглядаюць засмечанымі ад лесапілення. Гэты ўедлівы пыл «даганяе» і нас, калі дырэктар падводзіць бліжэй, прадэманстраваць работу абсталявання. Яно і зразумела: лентачна-пільны станок – новы.

– Набылі «стужку» ў мінулым годзе. Яна значна аблягчае працу нашых работнікаў, – не прамінае заўважыць Віталь Саўчук. – За змену 2-3 работнікі могуць напіліць каля 10 м3 круглага лесу. Нічога цяжэйшага за дошку браць у рукі ім не прыходзіцца. Ад механізацыі – і заробак вышэйшы. Вось разлічымся вясной з крэдытам і будзем больш укладваць у добраўпарадкаванне…

На УП «ФэнсіВок» у першую чаргу патрэбна ўкладваць сродкі ў стварэнне бытавых умоў для работнікаў. «Бытоўка» пакуль сканцэнтравана ў звычайным будаўнічым вагончыку. Санітарны стан яго выклікаў шмат нараканняў, ды і без ацяплення ён у зімовы перыяд. Пры неабходнасці работнікі ідуць грэцца ў кацельню. 

– Не адзін год мы рэкамендуем прадпрыемству правесці рамонт памяшканняў, як нагадваем і пра падтрыманне элементарнага парадку, уборку бытавых адходаў непасрэдна на тэрыторыі піларамы і на той, што прылягае да яе. У даным выпадку ўсё, што звязана з уборкай, не патрабуе ніякіх укладанняў, – удакладняе Алена Лойка.

Бясспрэчна тое, што вытворчасць і навядзенне парадку на любым з аб’ектаў, у тым ліку і на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі, павінна весціся паралельна, па-гаспадарску, з разуменнем аднолькавай важнасці для свайго развіцця як першага, так і другога. І калі, сапраўды, плацяжы па крэдыце часова не даюць разгарнуцца, то быць дбайным і акуратным гаспадаром на сваёй пілараме – справа, здаецца, не фінансаў, а гонару. У згаданага прадпрыемства ёсць для падтрымання парадку ўласная тэхніка, калектыў. Чаму б усім разам не выйсці дружна на суботнік?

 У рэйдзе ўдзельнічала і падрыхтавала матэрыял Таццяна ПЯТКЕВІЧ

На здымках: механізацыя – палёгка ў працы; адзіны куточак парадку; месца для металалому не вызначана; агароджы патрэбен гаспадар; а што на прылеглай тэрыторыі?

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *