Адбіцца ад атакі… караеда

Нумары Раённыя навіны Стаўбцоўшчына - родны край

52-f

У мінулым годзе Стаўбцоўскі лясгас набыў квадракоптар, які выкарыстоўваецца для выяўлення ачагоў загарання ў пажаранебяспечны перыяд, у тым ліку ў цяжкадаступных месцах. Актуальнай праблемай застаецца адсочванне распаўсюджання ўсыхання сасновых насаджэнняў.

– Караеднае ўсыханне хваёвых дрэў — праблема, з якой сутыкнулася лясная гаспадарка Беларусі ў 2016 годзе. З той пары ў лесаводаў вядзецца маштабная барацьба з атакай насякомых-шкоднікаў, – адзначае галоўны ляснічы Стаўбцоўскага лясгаса Сцяпан ЯВІД.

– Сцяпан Сцяпанавіч, чаму неабходна назіраць за сасновымі насаджэннямі з вышыні?

– Як правіла, караед пачынае сваю работу з вершаліны дрэва. Верхавіна ўсыхае, і гэта добра бачна з вышыні. У бягучым годзе на тэрыторыі раёна выяўлена 917 гектараў пашкоджаных лясных масіваў. Усе яны распрацаваны: на плошчы ў 38,6 гектара былі прыменены суцэльныя санітарныя высечкі, больш чым на 800 гектарах – выбарачныя высечкі.

– Гэта дае гарантыі, што ачаг ліквідаваны, і караед не будзе далей шкодзіць дрэвы?

– Асноўныя метады барацьбы заключаюцца ў комплексе санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў, якія ўключаюць правядзенне суцэльных і выбарачных высечак лесу, апрацоўку нарыхтаванай драўніны інсектыцыдамі і спальванне парубачных рэшткаў. Перспектыва – за новымі падыходамі да стварэння лясных культур. Усё гэта дазволіць стварыць умовы, якія выключаюць далейшае аслабленне дрэў і засяленне іх стваловымі шкоднікамі.

– Відавочна, што набіраюць размах глабальныя змяненні, якія ўплываюць на ўстойлівасць лясоў. З гэтым нельга змірыцца, таму што лес заўсёды быў спрадвечным багаццем Беларусі. Якая сітуацыя з караедам у іншых раёнах? Што прапануюць айчынныя вучоныя?

– Петрыкаўскім лясгасам у бягучым годзе праведзены санітарныя высечкі на плошчы 4594 гектары. Большасць з іх – выбарачныя, з нізкай інтэнсіўнасцю выдалення дрэў. Практыка паказвае, што высечкі, якія праводзяцца пасля таго, як насякомае знішчыла дрэва, недастаткова эфектыўныя. Па-сапраўднаму дзейсным і своечасовым метадам барацьбы з нашэсцем шкодніка застаецца ў нашай рэспубліцы аператыўная выбарачная высечка свежазаселеных дрэў. У сувязі з гэтым неабходна мяняць лясное заканадаўства, каб максімальна скараціць тэрміны нарыхтоўкі пашкоджанай караедам драўніны. Выдаленне свежазаселеных дрэў павінна адбывацца не пазней, чым праз тры тыдні пасля атакі, хаця пакуль, на жаль, на практыцы гэта не заўсёды магчыма з-за складанасцей з выяўленнем насякомага. Для гэтага прадстаіць удасканальваць сістэму маніторынгу такіх насаджэнняў. Сёння самая актуальная для нас праблема – выяўленне шкодніка на ранняй стадыі, калі дрэва з выгляду здаровае, але яно ўжо падверглася атацы.

– Як вырашаюць гэту праблему іншыя дзяржавы?  

– Выкарыстоўваюцца розныя метады маніторынгу і вызначэння моманту засялення насякомых у дрэвы. Лесаводы Швецыі прымянілі не зусім звычайную тактыку – з дапамогай пошукавых сабак. Жывёлы здольны ўнюхаць прысутнасць насякомага пад карой дрэва і падаць адпаведны сігнал. Лесаводы Чэхіі пайшлі шляхам дыстанцыйнага зандзіравання. З дрэвам, які заселены шкоднікам, адбываюцца розныя змяненні, у тым ліку структуры ігліцы, з-за чаго выдзяляецца большая колькасць лятучых рэчываў, і іх здольны адчуць спектральныя сканеры і цеплавізары, якія падключаны да беспілотных лятальных апаратаў.

У нашай краіне прымяняюцца ферамонныя лавушкі, паводле якіх ацэньваецца дынаміка развіцця шкодніка, а таксама метад штучных раненняў дрэва. Ідэя гэтага метаду заключаецца ў ацэнцы стану дрэва па інтэнсіўнасці смолацячэння. Дрэвы, якія заселены стваловымі шкоднікамі, адрознівае наяўнасць буравой мукі ля асновы ствала, на саміх ствалах – смаляныя варонкі і дробныя дзірачкі (уваходныя адтуліны насякомых), уздуцці, густыя пацёкі смалы.

– Раскажыце, як на практыцы адбываюцца высечкі пашкоджаных дрэў?

– Свежазаселеныя стваловымі шкоднікамі дрэвы высякаюцца ў той час, калі пад карой знаходзяцца лічынкі. Расцягваць час нельга, таму што маладыя жукі, калі дапусціць іх з’яўленне, пры валцы дрэў могуць застацца на зямлі і пашкодзіць іншыя дрэвы. Высечаныя дрэвы неадкладна акорваюцца ці апрацоўваюцца прэпаратамі. Такім чынам, хуткае выдаленне свежазаселеных дрэў дазваляе знішчыць асноўную папуляцыю караеда да вылету жука ў здаровае насаджэнне. Пры праведзенні высечак лесу ў ачагах з ужо мёртвай драўнінай, даны эфект дасягаецца ў меншай ступені, і насякомыя працягваюць сваё развіццё.

– Барацьба з караедам вядзецца не першы год. Што бачыцца ў перспектыве?

– Самым эфектыўным метадам барацьбы з насякомымі-шкоднікамі ў нашых лясах у будучым будзе змяненне структуры лясоў, павышэнне іх біялагічнай і пароднай разнастайнасці. Менавіта новыя падыходы ў лесааднаўленні дапамогуць папярэдзіць масавыя ўспышкі шкоднікаў і захаваць устойлівасць лясоў на фоне глабальных кліматычных і іншых змяненняў.          

Гутарыла

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *