Агульныя футбольныя правілы

Нумары Спорт Стаўбцоўшчына спартыўная

52-h

Вядома імя новага чэмпіёна свету па футболе, ім стала зборная Францыі. Аднадушны вывад спецыялістаў, гасцей з многіх краін: сусветны футбольны форум у Расіі прайшоў на самым высокім узроўні, арганізацыя турніра выдатная.

Задаволены гаспадары чэмпіянату і выступленнем сваёй зборнай. Упершыню ў гісторыі сучаснай Расіі выхад у чвэрцьфінал. Актыўная гульня каманды ва ўсіх праведзеных матчах, праяўленая выключная воля да перамогі. І цяпер да прызнаных у свеце футбольных зорак далучаюць і расійскіх футбалістаў Забніна, Галавіна, Чэрышава, Куцепава, Дзюбу. Маладыя таленавітыя спартсмены. І разам з імі вопытныя варатар Акінфееў, абаронца Ігнашэвіч. Сяргей Ігнашэвіч, дарэчы, ураджэнец Беларусі, даказаў, што і амаль у саракагадовым, па спартыўных мерках, ветэранскім узросце, строга захоўваючы рэжым, спартсмен здольны на многае.

Акурат на той суботні дзень, калі каманды на чэмпіянаце свету сапернічалі за выхад у паўфінал, былі прызначаны і матчы першынства Беларусі ў другой лізе. І арганізатары знайшлі аптымальны выхад: аб пачатку гульні «Нёман-Агра» (Стоўбцы) і ФК «Івацэвічы» ў 19 гадзін. Спраўны, зацікаўлены балельшчык мог такім чынам паназіраць перад экранам тэлевізара за матчам зборных Англіі і Швецыі, які пачынаўся ў 17.00, затым паспяшаецца на стадыён «Юнацтва». І ўжо ў 21 гадзіну, узяўшы ў рукі пульт, пераключыць пільную ўвагу на сустрэчу «Расія – Харватыя».

Аб тым, што адбылося ў той і іншыя дні футбольнага мундзіаля, багата публікацый у прэсе. Тут жа спынімся на падзеі мясцовага ўзроўню. Нашы нёманцы падтрымалі святочны тон шчырых футбольных заўзятараў – перамаглі сапернікаў з Івацэвіч з лікам 2:0.

Хуткі тэмп, адчайная барацьба на ўсіх участках футбольнага поля дазволілі нашым трымаць перавагу. Яна ўвасобілася на 25 мінуце гульні, калі дакладны ўдар па варотах удаўся Дзмітрыю Стомалю – 1:0. А перад перапынкам за парушэнне правілаў у штрафной пляцоўцы суддзя прызначае пенальці ў вароты гасцей. З адзінаццаціметровай адзнакі трапна б’е Багдан Дубовік – 2:0. У другім тайме гульня была роўнай, стаўбчане не дазволілі сапернікам дабіцца поспеху. Такім чынам, на рахунку каманды «Нёман-Агра» цяпер 13 ачкоў і яна займае дзясятае месца ў турнірнай табліцы. Ззаду яшчэ пяць калектываў. Шчыльнай групай ідзе яшчэ столькі ж каманд у сярэдзіне футбольнага каравана, у якіх па 14-16 ачкоў. А наперадзе брэсцкі «Рух» – 29 ачкоў, ФК «Ашмяны» – 27 і «Крумкачы» – 26 ачкоў. Менавіта ў Ашмянах праводзіцца наступная гульня стаўбчан, аб выніку якой мы паведамім пазней.

Футбольны свет неабсяжны, наўрад ці знойдзем сёння краіну, дзе б не ведалі аб гэтай простай, але захапляльнай, кранальнай для многіх гульні ў мяч. І для ўсіх каманд – ад самага высокага ўзроўню да правінцыйных, якія цешаць галамі ў малых гарадах і пасёлках, агульныя футбольныя правілы. У тым ліку і негалосныя, але правераныя: поспеху ў спартыўнай барацьбе дабіваецца каманда, дзе ўсе змагаюцца не шкадуючы сіл, дзе адзін – за ўсіх і ўсе – за аднаго.

Ф. БАНДАРОВІЧ

 

«Хварэць», але без фанатызму

Без падтрымкі балельшчыкаў не абыходзіцца ніводзін футбольны клуб. І заўзятары спяшаюцца на стадыён, каб суперажываць за поспех сваёй любімай каманды, падтрымліваць яе апладысментамі, воклічамі, якія падбадзёрваюць футбалістаў.

Але ж канкрэтнай з’явай стаў і фанатызм. Яго можна характарызаваць высокім узроўнем улюбёнасці, калі так назваць, у футбол і ў пэўную каманду. Фанатызм – гэта ненармальны рух са сваімі правіламі і парадкамі. І ён становіцца сапраўды масавай з’явай, якая не абмяжоўваецца толькі вялікімі гарадамі, але распаўсюджваецца па ўсёй краіне.

Практыка правядзення футбольных матчаў паказвае, што на стадыёнах сярод балельшчыкаў шмат моладзі, у тым ліку непаўналетніх, паводзіны якіх вызначаюцца павышанай агрэсіўнасцю. Аднак і лаянка, і абразлівыя выразы ў адрас каманды сапернікаў – усё гэта фіксуецца, супраць парушальнікаў прымаюцца меры рэагавання. Тым больш недапушчальныя сутычкі, бойкі.

Парушэнне грамадскага парадку выклікае адказнасць па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, пакаранне па якім прадугледжвае да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, ці штраф да 30 базавых велічынь. А ў выпадку грубага парушэння – крымінальную адказнасць.

Супрацоўнікамі райаддзела міліцыі праводзіцца значная работа, накіраваная на недапушчэнне выпадкаў фанацкага экстрэмізму. Так перад пачаткам футбольнага сезону ў актавай зале Стаўбцоўскага РАУС адбылася сустрэча балельшчыкаў і кіраўніцтва футбольнага клуба «Нёман-Агра» з прадстаўнікамі службаў правапарадку. Ішоў актыўны дыялог. Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх М. В. Азановіч, старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Д. Б. Калкоўскі, оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку М. Л. Турко адказалі на пытанні балельшчыкаў. Ад імя ФК «Нёман-Агра» выступіў старшыня клуба Д. М. Макарэвіч. Быў прадэманстраваны відэафільм «Хварэем» за сваіх правільна».

І цяпер перад пачаткам матчаў на стадыёне «Юнацтва» агучваюцца напамінкі аб правілах паводзін. Так пры наведванні стадыёнаў з сабой нельга прыносіць піратэхнічныя вырабы, халодную ці іншую зброю, прадметы, выкарыстанне якіх можа ўяўляць пагрозу жыццю і здароўю людзей. Забараняецца знаходзіцца ў стане алкагольнага ці іншага ап’янення. Не дапускаецца ўчыняць іншыя дзеянні, што парушаюць устаноўлены парадак арганізацыі і правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў, перашкаджаюць ажыццяўленню мер па ахове грамадскага парадку.

Праяўляць эмоцыі, «хварэць» за каманды на стадыёне – гэта натуральна, аднак жа без залішняга фанатызму, парушэнняў правапарадку.                

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *