Назіральная камісія выехала ў АКС

Кантроль, бяспека Нумары Соцыум

У Стаўбцоўскім аб’яднанні камунальных службаў працаўладкаваны пяцёра асобаў пасля адбыцця пакарання. Калектыў стараецца ўплываць на іх сацыялізацыю, а яны, у першую чаргу, імкнуцца не парушаць працоўную дысцыпліну.

Усе гэтыя пяцёра работнікаў былі выкліканы на пасяджэнне назіральнай камісіі, якое прайшло з выездам на прадпрыемства. Адкрыла і правяла яго старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая.

У гэтым годзе падобныя пасяджэнні раней планава «выязджалі» і на іншыя прадпрыемствы – у ПМК-233, рамотна-будаўнічае ўпраўленне, а таксама ў сельскія Саветы – Заямнаўскі, Шашкоўскі, Старасвержанскі, Наваколасаўскі. Сярод прадпрыемстваў раёна менавіта аб’яднанне камунальных службаў прыняло на працу на даны момант найбольшую колькасць асуджаных асоб. Яно прадаставіла гэтым людзям не толькі работу, а і, пры неабходнасці, жыллё. Для гэтага прадугледжаны пакой у ведамасным інтэрнаце па завулку Палявым у Стоўбцах. Да прыкладу, з лютага 2018 года ў ім пражывае адзін з тых, хто адбыў пакаранне.

– Задача назіральнай камісіі і органаў улады – аказаць садзейнічанне асобам, якія адбылі пакаранне, уліцца ў грамадства і стаць на шлях выпраўлення, дапамагчы наладзіць страчаныя сацыяльныя сувязі і т. п., – падкрэсліла Жанна Лысая.

Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі Уладзімір Кухарчык дадаў, што і з боку інспекцыі з гэтымі асобамі праводзіцца індывідуальная работа, якая накіравана ў першую чаргу на прафілактыку рэцыдыўнай злачыннасці. «Адна з работніц АКС не толькі раней была асуджана, але і з’яўляецца абавязанай асобай, у сувязі з чым знаходзіцца на двух відах уліку. Але праблемных пытанняў не ўзнікае», – падкрэсліў начальнік інспекцыі.

Станоўчыя характарыстыкі адносна работнікаў АКС, якія раней былі асуджаны, былі дадзены і майстрамі тых падраздзяленняў, у якіх яны працуюць. Як правіла, яны працаўладкаваны рознарабочымі, ёсць аператар кацельні. Начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы Валерый Бохан расказаў пра тое, як ажыццяўляецца кантроль за выкананнем работнікамі працоўнай дысцыпліны, якая выхаваўчая работа праводзіцца ў плане недапушчэння ўчынення новых правапарушэнняў і злачынстваў.

– Аб’яднанне камунальных службаў цесна ўзаемадзейнічае з крымінальна-выканаўчай інспекцыяй, – праінфармаваў членаў назіральнай камісіі Уладзімір Кухарчык. – На прадпрыемстве дзейнічае мабільная група, якая неадкладна паведамляе пра ўсе выпадкі нявыхадаў на работу. Дырэкцыя ідзе насустрач работнікам – прадастаўляе магчымасці для лячэння ад алкагольнай залежнасці. З асуджанымі тут працуюць індывідуальна, граматна, даючы ім шанц.  

Стымулам для кожнага з асуджаных, як растлумачыў Уладзімір Кухарчык, можа быць датэрміновае пагашэнне судзімасці або замена пакарання на больш мяккае, умоўна-датэрміновае вызваленне пры выкананні парадку і ўмоў адбыцця пакарання.

На даны момант на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі знаходзяцца 547 чалавек. Ажыццяўляецца кантроль за імі па месцы жыхарства і месцы працы. На жаль, кожны чацвёрты з падуліковых не працаўладкаваны, і прычына гэтаму – адсутнасць жадання працаваць, парушэнні працоўнай дысцыпліны. Для ўцягвання асуджаных у грамадска карысную працу рашэннем раённага выканаўчага камітэта накладзена ў 2018 годзе бронь на 41 рабочае месца на розных прадпрыемствах раёна. Аднак не заўсёды і гэта мера дапамагае. Да прыкладу, з 32 асоб, якія былі накіраваны інспекцыяй ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, працаўладкавана толькі палова. Асноўная прычына, па якой працаўладкаванне не адбылося, – асуджаная асоба не падыходзіць наймальніку ці месца жыхарства гэтай асобы не дазваляе працаваць на даным прадпрыемстве.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *