Смак стаўбцоўскага хлеба

Нумары Раённыя навіны У калектывах Стаўбцоўшчыны

54-e

У нашым раёне нямала людзей, якія салідарныя са мною, што стаўбцоўскі хлеб – самы смачны. А ў батонаў дык і наогул рэйтынг непераўзыдзены. Хоць у пакупніка ёсць магчымасць выбраць хлебабулачныя вырабы сталічных хлебазаводаў, прадпрыемстваў Мінскай, Гродзенскай і  іншых абласцей. Геаграфічна Стоўбцы размешчаны так, што вытворцы на шляху да спажыўцоў у розныя гарады праязджаюць са сваім таварам наш райцэнтр і, вядома ж, шукаюць і тут рынак збыту прадукцыі.

Стаўбцоўскі хлеб смачны для тых людзей, якія могуць адчуць ці хутчэй – рады не адчуць у ім розных дабавак, якія пазбаўляюць хлеб яго апетытнага паху. Начальнік цэха хлебапячэння райспажыўтаварыства Мікалай Дронь пацвярджае, што стаўбцоўскі хлеб – натуральны. Вытворцам пры гэтым даводзіцца браць на сябе немалую рызыку – хлеб не можа захоўвацца доўга.

–             Наш цэх, – расказвае Мікалай Дронь, – працуе ў начную змену. У месяц мы выпякаем каля тысячы тон хлебабулачных вырабаў. Імкнёмся павялічыць аб’ёмы да 1115 тон, наша ж абсталяванне дазвяляе выпякаць у месяц да двух тысяч тон прадукцыі.

Мы даведваемся, што год назад была ўстаноўлена новая печ з праграмным кіраваннем, якая дазволіла ў тры разы знізіць спажыванне газу, чым папярэдняе абсталяванне. Наватарствам на вытворчасці з’яўляецца і тое, што набыта абсталяванне польскай вытворчасці для рэзкі хлеба. Пакупнікі ўжо ацанілі гэта – можна купіць буханку ці паўбуханкі хлеба, паўбатона – нарэзаных. Асабліва запатрабавана такая прадукцыя ў летніх аздараўленчых лагерах, садаводчых кааператывах, на дачах.

З удзячнасцю сустрэта пакупнікамі і такая паслуга – у ведамасным магазіне «Вікторыя» цэха хлебапячэння на прывакзальнай плошчы, а таксама ў магазінах у Акінчыцах і Заямным ёсць у продажы гарачы хлеб. Яго выпякаюць кожны дзень у невялікіх аб’ёмах. Гэта выконвае пекар Алена Астроўская, якой даводзіцца быць і цестамесам, і фармаўшчыком, і пекарам. Алена Міхайлаўна адна з тых працаўнікоў цэха, у каго стаж работы ў хлебапякарнай вытворчасці складае дзесяцігоддзі. Так як і ў пекара Вольгі Маісеенка, якая сваё майстэрства прадстаўляла на адным з конкурсаў у Клецку. Яна спякла традыцыйныя беларускія караваі і паклала іх на ручнікі, што сама вышыла. Майстры Таццяна Стула і Ганна Гардзеева, цестамесы Марыя Кордан і Марыя Грыгар’еўская, укладчыкі Ганна Лянцэвіч і Наталля Галаўкіна, кладаўшчыкі Валянціна Зарубіна і Лілія Гацура аддалі прафесійнай дзейнасці ў хлебапякарнай вытворчасці спажывецкай кааперацыі многія гады. Ім прыемна, што сярод моладзі, якая папоўніла калектыў, таксама ёсць прафесіяналы сваёй справы. Такую характарыстыку даюць маладым пекарам Веры Грышан, Святлане Тур, Вользе Ждановіч.

Аб сваіх калегах з любоўю расказвае старшы лабарант Святлана Буцько. Яна мясцовая, 18 гадоў назад прыехала па размеркаванні ў райспажыўтаварыства пасля заканчэння Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа. Усе гэтыя гады яна працуе па сваёй спецыяльнасці як тэхнолаг хлебапякарнай вытворчасці. Вельмі любіць сваю справу. Аб гэтым яна так цікава расказала на сваім рабочым месцы вучням адной са школ раёна, якія прыбылі на экскурсію ў цэх, што некаторыя сур’ёзна задумаліся аб выбары такой жа прафесіі.

Хлебабулачная прадукцыя цэха, каля 40 найменаванняў, паступае ва ўсе аб’екты гандлю спажывецкай кааперацыі раёна, у ведамасныя магазіны і сталовыя такіх буйных прадпрыемстваў як мясакансервавы камбінат, філіял кіруючай кампаніі холдынгу «Мінскі маторны завод», у дзіцячыя сады і школы. Хлеб і булачныя вырабы мясцовых вытворцаў рэалізуюцца ў крамах індывідуальных прадпрымальнікаў. Святлана Іванаўна расказвае аб тым, што летнія стацыянарныя лагеры заказваюць здобныя булачныя вырабы цэха, якія з апетытам ядуць дзеці.

Безумоўна, у прадпрыемства, якому даводзіцца вытрымліваць сур’ёзную канкурэнцыю, ёсць свае планы. Напрыклад, набыць печ для выпечкі фармавога круглага хлеба па асобнай рэцэптуры. Да канца года плануецца ўстанавіць новую машыну для ўпакоўкі рэзанага хлеба ў пакеты.

Як бы ні мадэрнізавалася прадпрыемства, што б ні мянялася ў цэху, візітнай карткай яго назаўсёды застанецца пах свежавыпечанага хлеба, які ні з чым нельга параўнаць.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: дырэктар цэха Мікалай Дронь; старшы лабарант Святлана Буцько за работай у лабараторыі; рабочая змена пекара Алены Астроўскай.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *