Тут заўжды малады, тут дзяцінства жыве

Год малой родины Нумары

55-b

Мясціна, дзе ты нарадзіўся, для кожнага чалавека самая мілая, дарагая і прыгожая. Да яе з маленства прыкіпела душа – гэта той куточак зямлі, куды, дзе б ні жыў, заўжды хочацца вяртацца зноў і зноў. Тут усё да болю знаёмае і нават дыхаецца лягчэй. Бацькаўшчына заўжды жыве і будзе жыць ў сэрцах сваіх дзяцей.

У мінулую суботу жыхары вёскі Слабод-ка Старасвержанскага сельсавета ладзілі свя-та свайго роднага кутка. Гісторыя захавала мала звестак аб гэтым паселішчы, але вядома, што некалі вёска ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, затым Расійскай імперыі.

Вяскоўцы запрасілі шаноўных гасцей на сваё свята і сустрэлі іх караваем. А жывуць у гэтым населеным пункце прыгожыя і працавітыя людзі, якія ўмеюць і чалавека з дарогі прывеціць, і ў хату запрасіць, і малачком смачным напаіць. Рукі ў іх залатыя, сэрца шчырае, душа багатая і шчодрая. Ад двара да двара рухаўся людскі натоўп. Кожнай сям’і хацелася паказаць сваё ўменне ў прыгатаванні смачных страў, вызначыцца адметным рамяством. Вёсачка, у якой пастаянна пражываюць 37 жыхароў, нечакана здзівіла – асаблівай гасціннасцю сустрэлі прысутных гаспадары 17 падворкаў. Супрычыніліся да вяскоўцаў і дачнікі, якія пасябравалі з мясцовым насельніцтвам і сталі яго неад’емнай часткай. А такіх дамоў нямала. Спадчыннікі прыязджаюць на лета ў бацькоўскія хаты. Некаторыя купілі дамы пад дачы і вельмі задаволены: побач лес, рэчка, прыгожыя мясціны, дзе можна адпачыць ад гарадской мітусні і заняцца сваім любімым хобі.

Падчас руху па вясковай вуліцы расказвала пра жыхароў, выступала ў ролі вядучай, Ніна Валя-р’янаўна Волк, якая ў маладыя гады працавала загадчыкам Слабодкаўскага сельскага клуба. Першай частавала гасцей самая старэйшая жыхарка Ніна Сямёнаўна Ермакова, якой у кастрычніку споўніцца дзевяноста гадоў. Яна тут нарадзілася, працавала ў калгасе цялятніцай. Яе суседка Людміла Валянцінаўна Сахута таксама шчыравала ў жывёлагадоўлі і хоць родам з Чувашыі, але ўжо трыццаць гадоў жыве ў Слабодцы. Сорак адзін год педагагічнага стажу ў Марыі Аляксандраўны Сачук, якая выкладала ў мясцовай школе гісторыю, а затым стала яе дырэктарам – паважаны ў вёсцы чалавек. Яе суседак Лідзію Іванаўну Пальчык і Таццяну Васільеўну Шпінь аб’ядноўвае тая акалічнасць, што родам абедзьве з Украіны. Выйшлі замуж за мясцовых хлопцаў і прыжыліся тут, пусцілі карані. Не цураліся цяжкай працы ў жывёлагадоўлі. Як, дарэчы, і Ганна Яўстафьеўна Сачук, Ніна Максімаўна Кужаль, Аліна Васільеўна Сачук, Вольга Васільеўна Скорбеж, Рэгіна Пятроўна Навіцкая, Ніна Аляксандраўна Сачук.

Гасцінна сустрэла гасцей сям’я старасты вёскі Алены Сачук. Алена Мікалаеўна працуе ў мясцовым магазіне і сумяшчае гэтую работу з працай на ферме. Добрая гаспадыня і выдатны арганізатар, карыстаецца аўтарытэтам у аднавяскоўцаў. Яе муж Юрый Канстанцінавіч рупіцца ў жывёлагадоўлі. Больш за 30 гадоў аддала працы на Слабодкаўскім аддзяленні паштовай сувязі Ірына Мікалаеўна Грыб, у мінулым актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці. Канстанцін Канстанцінавіч Пальчык усё працоўнае жыццё прысвяціў хлебаробскай справе. Пайшоў па слядах бацькі і сын Аляксей – адзін з лепшых механізатараў ААТ «Агранёманскі», які ўзнагароджаны сёлета медалём «За працоўныя заслугі». На самым ускрайку вёскі жыве старэйшая сямейная пара Уладзімір Андрэевіч і Алена Міхайлаўна Віцько, яны разам ужо 59 гадоў!

Затым свята працягнулася на імправізаванай сцэне. Слова прадаставілі старшыні раённага Са-вета дэпутатаў Сяргею Шэсцелю, які павіншаваў усіх са святам і адзначыў, што ў кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма, і з узростам людзі цягнуцца да вёскі, бо тут як нідзе адчуваецца душэўнасць, цеплыня, жыве адчуванне ўзаемадапамогі і падтрымліваюцца традыцыі продкаў. Людзі вяртаюцца сюды жыць, і вёскі набываюць другое дыханне.

Па традыцыі былі ўшанаваны падарункамі ветэраны працы, заслужаныя працаўнікі гаспадаркі і былыя работнікі іншых сфер вытворчасці, юбіляры. А таксама шаноўныя госці: ветэран вайны, былы старшыня мясцовага калгаса імя Андрэева Сямён Мікалаевіч Стома, які працаваў тут і дырэктарам школы, а таксама Мікалай Віктаравіч Пархімовіч – былы старшыня райвыканкама, які пачынаў у вёсцы сваю працоўную дзейнасць.

Па выніках конкурсу на лепшае падвор’е старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская ўручыла пераможцам сертыфікаты якасці, а таксама падзячныя пісьмы спонсарам, стараннямі якіх адбылося гэтае свята – дырэктару ААТ «Агранёманскі» Уладзіміру Жукаву, кіраўніку ТАА «БорЛясПрам» Ігару Шулякоўскаму, кіраўніку СФГ «Вечатарова» Аляксандру Курыльчыку. Выказала падзяку кіраўніцтву ДЭУ-135 і ТАА «Мой сад».

Канцэртную праграму свята падрыхтавалі работнікі Старасвержанскага цэнтра культуры.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *