Выхоўваем патрыётаў

Грамадства Нумары

Люты – багаты месяц на знамянальныя даты з гісторыі нашай краіны. Менавіта таму ў гэты час у Вішнявецкай СШ традыцыйна праходзіць месячнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Сёлета ён пачаўся з правядзення Дня памяці, прымеркаванага да 50-годдзя святкавання Дня юнага героя-антыфашыста. На агульнашкольнай урачыстай лінейцы «Успомнім усіх пайменна» члены піянерскай дружыны «Дружная» і пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ» аддалі дань павагі і ўдзячнасці гераізму і мужнасці юных патрыётаў, якія, не зважаючы на ўзрост, змагаліся з ворагам у гады ваеннага ліхалецця побач з бацькамі. Светлая памяць герояў-антыфашыстаў была ўшанавана хвілінай  маўчання. Тэма «маленькіх герояў вялікай вайны» знайшла свой лагічны працяг на класных і інфармацыйных гадзінах, у вучнёўскіх паведамленнях на ўроках гісторыі, сачыненнях на ўроках літаратуры.

Незагойнай ранай у памяці народнай была і застаецца афганская вайна. Урокі мужнасці «Памяць і боль», «Гарачыя сэрцы», «Салдат вайны не выбірае», тэматычныя класныя гадзіны «Подзвігі герояў-інтэрнацыяналістаў – нашых землякоў», інфармацыйныя гадзіны «Дзеля міру і згоды», гадзіна-ўшанаванне «Жыве памяць у нашых сэрцах», якія прайшлі ва ўстанове адукацыі для вучняў 3 – 11 класаў, былі прысвечаны 25-ай гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Яскравым прыкладам удзячнай памяці нашчадкаў, прызнання гераічных заслуг усіх, хто на вякі ўпісаў у слаўную гісторыю нашай краіны ратныя і працоўныя подзвігі, гонару  за тых, хто добрасумленна, з годнасцю выконвае свой воінскі абавязак, з’яўляецца святкаванне Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У межах святкавання гэтай усенародна любімай даты ва ўстанове адукацыі была праведзена  акцыя «Да абароны Айчыны гатоў!». Цікава і запамінальна прайшлі для вучняў спартыўна-ваенізаваныя гульні «Багатырская наша сіла» (1 – 4 кл.), «Шлях да генерала» (5 – 8 кл.), «Армейскі калейдаскоп» (9 – 11 кл.), мэта і змест правядзення якіх акрэслены ў дэвізе: «Каб у арміі служыць, трэба моцным, дужым быць, спрыт і кемлівасць праяўляць, цела, дух трэніраваць». Жаданымі ганаровымі гасцямі і актыўнымі ўдзельнікамі гэтых святаў з’яўляюцца бацькі нашых вучняў.

Не застастаўся без увагі ва ўстанове адукацыі і Міжнародны дзень роднай мовы (21 лютага). Вучні школы прынялі ўдзел у гадзіне-прэзентацыі «Вучыце дзетак па-беларуску!», вусным часопісе «Мовазнаўцы Стаўбцоўшчыны» (10 – 11 кл.), інтэлектуальна-пазнавальных гульнях «Мова вобразная, вольная, пявучая» (1 – 4 кл.), «Слова роднае, жывое, гаваркое» (5 – 11 кл.).

Фінальным акордам месячніка грамадзянска-патрыятычнага выхавання стаў фестываль патрыятычнай песні «Таварыш песня…», які сабраў разам у шосты школьны дзень настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў, аматараў мастацкай самадзейнасці.

Такім чынам, праз выкарыстанне выхаваўчага патэнцыялу юбілейных і памятных дат, актыўных формаў і метадаў уздзеяння на вучняў педагагічны калектыў нашай школы працуе над удасканаленнем сістэмы работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.

 Марына БЕЛІК, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вішнявецкай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *