Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне пяць шлюбаў, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі пяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Васіліса Бельская, Аліна Ціхановіч, Уладзіслаў Шыдлоўскі, Кірыл Коржык і Міланія Клімовіч.

Зямны шлях закончыўся для чатырнаццаці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень прайшоў спакойна.

Міліцыяй зарэгістравана 168 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 9 крымінальных спраў, у пяці з іх устаноўлены падазроныя. Злоўлены на месцы злачынства злодзей, які на працягу некалькіх месяцаў краў грошы з кашалькоў жыхароў інтэрната філіяла Мінскага маторнага завода. Абрабавана дача ў садовым таварыстве «Сябры» і дом па завулку Стадыённым у горадзе. Каля чыгуначнага магазіна ў Коласаве знік веласіпед. Нецвярозы гараджанін завалодаў чужой легкавой аўтамашынай і здзейсніў на ёй паездку.

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання Стаўбцоўскім РАУС патрабаванняў заканадаўства, якія прад’яўляюцца да парадку вырашэння заяў і паведамленняў аб злачынствах і правапарушэннях. У ходзе праверкі ўстаноўлена, што службовымі асобамі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Стаўбцоўскага РАУС дапускаюцца парушэнні ўказанага заканадаўства. У адносінах да оперупаўнаважанага ГБЭЗ, які таксама не выканаў пісьмовыя ўказанні пракурора, вынесена пастанова аб узбуджэнні дысцыплінарнай вытворчасці.

Суд прыгаварыў да трох месяцаў арышту жыхара вёскі Курачкі, які ў стане алкагольнага ап’янення паўторна здзейсніў крадзеж прадуктаў харчавання ў гарадскім магазіне. Раней судзімы за махлярства жыхар Задвор’я, які ажыццявіў паўторна такое ж злачынства, правядзе чатыры гады і два месяцы ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, у яго канфіскавана маёмасць.

ДАІ выявіла 132 парушальнікаў дарожнага руху. Сярод затрыманых – чацвёра нецвярозых вадзіцеляў, сем чалавек не мелі пасведчанняў на права кіравання транспартным сродкам і дзевятнаццаць недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксаваны шэсць дарожна-транспартных здарэнняў без пацярпелых.

«Хуткая» выязджала да хворых 219 разоў, у тым ліку 14 выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем, адзін сігнал медыкі палічылі неабрунтаваным.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *