Лічыць кожную капейку – таксама навука

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

040818h

Калі Марыя Курыльчык заканчвала Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум, было саюзнае размеркаванне, і яе накіроўвалі на працу ў далёкую расійскую Астрахань. Аднак яе бацька ўсё ўзважыў і прапанаваў дачцэ надоўга далёка ад дому не ехаць. Аўтарытэт яго быў высокі. Ігнатовіч Уладзімір Яфімавіч многія гады адпрацаваў у камбінаце бытавога абслугоўвання майстрам швейнай вытворчасці, узначальваў цэх масавага пашыву. Паўстагоддзя назад цэх працаваў у некалькі змен. Сам ён умеў адмыслова шыць, і абшываў іх, дзяцей. І Марыя паслухала бацьку, прыехала ў Стоўбцы, больш таго – стала працаваць у адной з ім арганізацыі, стварыўшы выдатную сямейную прафесійную дынастыю.

Стаж работы ў камбінаце бытавога абслугоўвання складае ў Марыі Уладзіміраўны 45 гадоў, а ў суме з бацькавым стажам – каля стагоддзя. Яна такая ж, як і некалі бацька, аўтарытэтная, паважаная сярод калег. У яе адзін запіс у працоўнай кніжцы, калі не ўлічваць змяненні ў сувязі з павышэннем у пасадах. Пачынала яна працаваць падлікоўцам, потым была пераведзена на пасаду бухгалтара, затым – старшага бухгалтара, намесніка галоўнага бухгалтара, а з 1996 года выконвае абавязкі галоўнага бухгалтара.

Марыя Уладзіміраўна гаворыць, што яна вельмі любіць сваю работу, аддае ёй шмат сіл, часу. Перажывае за ўсё, збірае выручку, каб своечасова выплаціць заработную плату людзям, ажыццявіць закупкі для развіцця вытворчасці, граматна і своечасова падрыхтаваць справаздачныя дакументы. З вялікай любоўю гаворыць пра калег, многія з якіх, як і яна сама, працуюць па 30-40 гадоў, гэта касцяк калектыву, на якіх заўсёды можна паспадзявацца. Калі трэба выканаць тэрміновыя заказы, працаўнікі гатовы затрымацца на рабоце, прыйсці на працу ў выхадныя дні.

За гады сваёй работы Марыі Уладзіміраўне давялося працаваць поплеч з дзевяццю дырэктарамі камбіната. Цяпер ажыццяўляецца нямала новых праектаў. Напрыклад, новая швейная прадукцыя спартыўнага стылю з сучасных матэрыялаў рэалізуецца ў сталіцы, у інтэрнэт-магазінах. Такі попыт дазволіў пашырыць швейную вытворчасць. Адзін цэх працуе ў Доме быту, а другі швейны – на плошчах былога адміністрацыйнага будынка, куды пераехала і абутковая майстэрня. Такі гаспадарчы падыход з мэтай эканоміі рэсурсаў прыязна ўспрымаецца галоўным бухгалтарам, якая скрупулёзна падлічвае капейку да капейкі, каб работа калектыву была рэнтабельнай. Марыя Уладзіміраўна адзначае, што вялікі ўклад у развіццё камбіната ўносіць практыка выязнога гандлю, дзякуючы чаму каса папаўняецца выручкай, а прадукцыю стаўбцоўскага атэлье набываюць на кірмашах у розных гарадах. І ў сувязі з гэтым адзначае прыёмшчыц вясковых комплексна-прыёмных пунктаў: Алену Урбан, Алену Пятровіч, Валянціну Аляшкевіч, Алену Светагор, якія найбольш паспяхова працуюць у гэтым кірунку і ўносяць значны ўклад у скарбонку камбіната. Адметнасць цяперашняга часу ў сферы бытавых паслуг – гэта патрэба самім ісці ў народ, а не чакаць наведвальнікаў. Некаторыя з прыёмшчыкаў комплексна-прыёмных пунктаў наведваюць нават вяскоўцаў у іх дома, прапануюць паслугі, знаёмяць з таварам.

Марыя Курыльчык усклала на сябе і такую важную задачу – быць настаўнікам для маладых спецыялістаў. Сама яна прайшла шлях ад работы на ручных лічыльніках, груваздкім арыфмометры да авалодвання сучаснымі камп’ютарнымі падліковымі праграмамі. Гаворыць, яе вельмі радуе, што спецыялісты, якія пачыналі працаваць пад яе кіраўніцтвам, цяпер займаюць пасады ў іншых арганізацыях раёна, сталі сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. Цярплівым, далікатным, граматным настаўнікам была Марыя Уладзіміраўна і для цяперашняга галоўнага эканаміста камбіната бытавога абслугоўвання Алы Рэўтовіч, спецыяліста па кадрах Таццяны Глушаковай. З любоўю гаворыць пра маладога спецыяліста Вікторыю Борыс. Мясцовая дзяўчына, з Апечак, спадабалася Марыі Уладзіміраўне як паслухмяная вучаніца, якая з лёту схоплівае навуку, не баіцца работы. У ёй настаўнік моладзі бачыць перспектыўнага спецыяліста.

Ніколі сфера бытавога абслугоўвання не была ў лідарах па ўзроўні заработнай платы. Аднак Марыя Курыльчык ніводнага разу не пашкадавала, што засталася вернай аднойчы выбранаму прафесійнаму шляху, не змяніла месца работы, хоць і былі выгадныя прапановы. Вернасць справе вярнулася ёй павагай калег, высокай рэпутацыяй прафесіянала.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *