Грып птушкі перадаецца чалавеку

Кантроль, бяспека Нумары

У сувязі з пагаршэннем эпізаатычнай сітуацыі па грыпе птушак у суседніх з Рэспублікай Беларусь краінах, насельніцтву раёна неабходна ведаць, што грып птушак – гэта вострая інфекцыйная, асабліва небяспечная хвароба, якая перадаецца чалавеку ад птушкі.

Прыкметы, што птушка захварэла, наступныя: незвычайныя паводзіны, парушэнне каардынацыі руху, адсутнасць рэакцыі на знешнія раздражняльнікі і прыгнечаны стан, адзначаецца прыпухласць і пачарненне грэбня, сінюшнасць завушніц, ацёчнасць падскураной клятчаткі ў вобласці галавы і шыі. Птушка гіне на працягу 24-72 гадзін.

Заражэнне чалавека і дамашняй птушкі адбываецца пры цесным кантакце з інфіцыраванай і мёртвай дзікай або дамашняй птушкай, іх экскрэментамі. У шэрагу выпадкаў магчыма заражэнне чалавека пры ўжыванні ў ежу мяса і яек хворых птушак без іх належнай тэрмічнай апрацоўкі.

З мэтай прафілактыкі грыпу птушак грамадзяне павінны не дапускаць выгул (выхад) дамашняй птушкі за межы двара, выключыць яе кантакт з дзікімі птушкамі, асабліва вадаплаўнымі. Утрымліваць тэрыторыі і пабудовы для жывёлы і птушкі ў чысціні. Перыядычна (два, тры разы на тыдзень) праводзіць іх дэзынфекцыю, а таксама апрацоўваць інвентар. Даглядаць птушку ў спецыяльна выдзеленым дзеля гэтага рабочым спецадзенні. Падчас уборкі не трэба піць ваду, есці, курыць. Кармы для птушкі трэба захоўваць ў шчыльна закрытых воданепранікальных ёмістасцях. Харчовыя адходы перад скормліваннем неабходна праварваць.

Ажыццяўляць куплю-продаж дамашняй і дэкаратыўнай птушкі, мяса птушкі і яек можна толькі ў месцах санкцыянаванага гандлю і пры наяўнасці ветэрынарных суправаджальных дакументаў. Ужываць курыную прадукцыю ў ежу пасля абавязковай тэрмічнай апрацоўкі.

Пазбягайце кантакту з падазронай на захворванне або мёртвай птушкай. Калі вы ўбачылі хворую птушку або яе труп на вуліцы ці на асабістым падвор’і грамадзян, без прамаруджвання паведаміце аб гэтым у дзяржаўную ветэрынарную службу раёна з указаннем месца знаходжання. Гэта неабходна для правядзення мерапрыемстваў па даследаванні іх на грып птушкі.

Анатолій ГУСАЧОНАК, галоўны ветэрынарны ўрач раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *