Адзіная гісторыя, няспынны радавод

Год малой родины Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

040818a

«Вёска Ячонка заснавана ў 1590 годзе». Такі надпіс значыцца на камені, устаноўленым у пачатку паселішча, на павароце шашы, што вядзе далей да Засулля, Рубяжэвіч…

Адкрыццё мемарыяльнага знака стала кульмінацыйным пунктам свята вёскі, якое адбылося ў мінулую суботу. Пад гучныя апладысменты пакрывала з каменя здымаюць старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Я. Шэсцель, кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «Сула» У. У. Радзевіч і старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама П. З. Карніцкі. Такім чынам, пазначана гістарычная вяха, можна і так сказаць: вёска атрымала свой гістарычны пашпарт, з указаным годам нараджэння. А гэта ў сваю чаргу скіроўвае погляд і тых, хто тут жыве, і хто наведвае сваю малую радзіму, на радавод – імёны і лёсы людзей, якія тут нарадзіліся, падзеі і ў родным куточку зямлі.

А пачалося свята трыдыцыйным парадкам: з наведвання шчодрых гаспадароў, іх запрашэннем да столікаў з пачастункамі, з аглядам своеасаблівых выстаў творчасці – вышыванак, розных іншых вырабаў. І віншаваннямі – песнямі, вершамі, словамі ад душы ад самадзейных артыстаў. Першая сустрэча – на падвор’і Логвінаў. Пётр Пятровіч і Раіса Міхайлаўна адзначаюць 55-годдзе сумеснага жыцця, ізумруднае вяселле. І гучаць шчырыя пажаданні здароўя, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця не толькі ад дзяцей і ўнукаў, але і ад вяскоўцаў, гасцей свята.

І так ад сядзібы да сядзібы, ад сям’і да сям’і. Радзевічы і Бельскія, Лісоўскія і Казловы, Кухарчыкі і Клімовічы, Грамыкі і Валодзькі, Жукі і Рубіны, Тарасевічы і Трацякі. У грамадзе весела гуляецца, добра спяваецца. І хоць падрыхтоўка заняла немалы час гаспадароў, але ж усеагульная ўвага, тым больш зафіксаваная фота-сэлфі ды відэакамерамі, будзе доўга цешыць. Вельмі прыемна было ўсім, што жыхары Ячонкі хораша прыбралі свае падворкі. І пастаянныя жыхары, і навасельцы, дачнікі, як іх называюць, пастараліся агледзець, упрыгожыць і дамы, і двары.

Людзі тут працавітыя, шчырыя. Гэта адзначалі і выступаючыя са сцэны, наладжанай на імправізаванай вясковай плошчы, старшыня райсавета дэпутатаў С. Я. Шэсцель, старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама П. З. Карніцкі, і госці – прадстаўнікі абласнога і раённага камітэтаў Кампартыі, якія праводзілі на Стаўбцоўшчыне семінар.

Слова было дадзена і знакамітым землякам – Радзевічам. І ў іх адрас гучалі словы падзякі. У пачатку двухтысячных Уладзімір Піліпавіч, які раней узначальваў праўленне калгаса «Нёман», затым працаваў старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама, на іншых адказных пасадах, вярнуўся на малую радзіму і заснаваў сялянска-фермерскую гаспадарку. Затым перадаў важную зямную справу ў рукі сына. Уладзімір Уладзіміравіч, таксама вопытны спецыяліст сельскай гаспадаркі, шырока разгарнуў вытворчасць і перапрацоўку бульбы. І сёння Ячонка, дзе месцяцца палі і аб’екты СФГ «Сула», вядомая ў многіх краінах не толькі Еўропы. Шчырая ўдзячнасць выказвалася У. У. Радзевічу, як і старшыні сельвыканкама П. З. Карніцкаму, і за вялікую дапамогу ў арганізацыі свята вёскі.

Чалавек працай славіцца. На свяце ў Ячонцы былі адзначаны многія жыхары вёскі. Так, старшыня ААТ «Каганец» П. М. Малахаў назваў прозвішчы каля 40 чалавек, уручыў падарункі і ветэранам, і тым, хто сёння працягвае рупіцца на палях і фермах гаспадаркі.

На свяце ўшаноўвалі і заслужаных работнікаў іншых прафесій, адзначалі юбіляраў, выдатных гаспадароў, чые дамы будуць пазначаны знакамі сядзібаў узорнага парадку. Ім прысвячаліся песні, музычныя нумары ад здатных творчых калектываў, выканаўцаў з Засулля, Шашкоў, Літвы. Радавалі на свяце і знакамітыя артысты са сталіцы. Дапазна доўжылася свята, наладжанае для людзей.

Важна тое, што многія маглі выказаць свае пачуцці. І са сцэны падчас уручэння ўзнагарод. Так прачула гаварылі паштальёны Г. М. Анікейчык, Г. І. Кухарчык, педагогі (гэта званне назаўсёды) Я. Э. Кажамяка, М. К. Грамыка, В. П. Кухарчык. А Я. Б. Скроб вельмі да месца заўважыла: «Буслы кружаць над намі, над нашай вёскай. Гэта ж добры знак: будуць нараджэнні».

Сапраўды, пралятаюць гады. І не будзем кранаць далёкага веку. Старажылы вёскі прыгадвалі, што тут, побач з месцам святочнага дзейства, на ўзгорку стаяў невялікі будынак, дзе месціліся і сельсавет, і клуб, і паштовае аддзяленне. А па другі бок шашы – школа, што вывела ў людзі пакаленні вяскоўцаў. Ды не трэба настальгіі. Цяпер іншыя перспектывы развіцця. На схіле згаданага ўзгорка – выразна пазначана: «Сула». Цяпер гэта фірменны знак, улічваючы назву гаспадаркі. Шырокія палі і лугі, цяністыя пералескі, рэчкі Ячанка, а далей Сула з чыстай крынічнай вадой. Малая радзіма, якая для многіх стала і становіцца роднай назаўсёды.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *