Усеагульны клопат аб ураджаі

Жатва - 2018 Нумары Сельская гаспадарка

080818a

У ААТ «Дзераўное» ўраджайнасць збожжавых сёлета невысокая, але ў разрэзе гаспадарак раёна дзераўнянскія хлебаробы не на апошніх пазіцыях, збор збожжа з кожнага гектара дасягае амаль 19 цэнтнераў. Дажджлівая восень, вясеннія замаразкі і засуха моцна паўплывалі на ўраджай. Недабор збожжа чакаецца адчувальным – недалічацца прыкладна трэцяй часткі ад мінулагодняга валавога збору.

Усяго збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць у таварыстве 2164 гектары – гэта самая вялікая ўборачная плошча сярод гаспадарак раёна. Збажына ўжо практычна зжата. На дзень наведвання экіпажы камбайнераў шчыравалі на полі за Хатоўкай. Гэта два Аляксандры – Чарняўскі і Каранеўскі, Віктар Бець (самы вопытны сярод камбайнераў) і Уладзіслаў Дзям’янка, Генадзій Шумчык і Яўгеній Валадзько, Дзмітрый Машлякевіч і Віктар Янушкевіч, Фёдар Карчагін і Аляксей Рымашэўскі, Ігар Бондар і Іван Сіняўскі, камбайнер Дзмітрый Мялешка. У пяці экіпажах памочнікамі завіхаюцца дзеці працаўнікоў сельгаставарыства, студэнты вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў. Кожны год маладыя людзі дапамагаюць роднай гаспадарцы ва ўборцы хлеба. Кіраўніцтва таварыства іх работай задаволена. Трое хлопцаў займаюцца ў сельскагаспадарчых навучальных установах. Ёсць спадзяванне, што пасля заканчэння прыедуць працаваць спецыялістамі ў таварыства.

На адвозцы збожжа ад камбайнаў задзейнічаны пяць аўтамашын. Казімір Шумчык другім у раёне перавёз на сваім «велікагрузе» тысячу тон збожжа ад камбайнаў. Дбайнага працаўніка павіншавалі і ўручылі падарунак дырэкцыя і прафкам гаспадаркі. Летась руплівец даставіў з поля на збожжасклад амаль дзве тысячы тон збожжа. Працоўная біяграфія Казіміра Казіміравіча, які ўвесь час рупіцца ў гаспадарцы вадзіцелем, налічвае трыццаць пяць гадоў – своеасаблівы юбілей. І ўвесь гэты час ён верны аднойчы і назаўсёды выбранай прафесіі. Варта дадаць, што некалькі ўборачных кампаній Казімір Казіміравіч працаваў і памочнікам камбайнера. Задзейнічаны дзве аўтамашыны з гарадскіх арганізацый.

Машыністамі на двух збожжасушыльных комплексах рупяцца Іосіф Калошыч і Аляксандр Гарохавік, браты Мікалай і Міхаіл Калошычы. На рахунку кожнай пары ўжо звыш тысячы тон дапрацаванага збожжа. Добрасумленна выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі, адвозяць дапрацаванае збожжа ад сушылак на склад, вадзіцель Дзмітрый Анішчык і Міхаіл Янкоўскі.

У дырэктара таварыства Юрыя Тарасевіча за гады работы ў сельскай гаспадарцы, і на пасадзе кіраўніка ў прыватнасці,такой складанай уборачная кампанія выдалася ўпершыню, таму і не выклікае станоўчых эмоцый. Яно і зразумела, затрачаныя сродкі не акупяцца.

– Але не ўсё так дрэнна, – гаворыць дырэктар таварыства. – Будзем абавязкова з кармамі. Узялася ў рост кукуруза, паднімаецца люцэрна. Пасля дажджоў «ажылі» сенажаці. Паралельна працягваецца не менш адказная кампанія – нарыхтоўка травяных кармоў. Закладаем зараз сянажную траншэю на МТФ «Ніўнае». Заняты на гэтай рабоце кормаўборачны атрад. Усе механізатары праяўляюць старанне для таго, каб зімоўка жывёлы была сытнай. Косіць траву Аляксандр Калошыч, на кормаўборачным камбайне завіхаецца Мікалай Сяліцкі, на граблях – Уладзімір Машлякевіч, на трамбоўцы – Станіслаў Дзям’янка. Адвозяць зялёную масу Аляксандр Бычкевіч, Іван Бець, Дзмітрый Дзям’янка, Іван Жыбуль і Алег Забаронак.

Адначасова з уборкай збожжавых, якая на гэтым тыдні павінна завяршыцца, рыхтаваліся ў гаспадарцы да сяўбы азімага рапсу і азімых збожжавых культур. Актыўна прасавалі і звозілі з палеткаў салому, прыкладалі тут намаганні Артур Валадзько і Валерый Кутас. На ворыве глебы шчыраваў Станіслаў Пячурка. Дзераўнянскія хлебаробы клапоцяцца аб ураджаі і хвалююцца за яго.

На здымках: задаволены вадзіцель Казімір Шумчык і вагаўшчыца Вольга Валадзько – ёсць тысяча тон збожжа; вадзіцель Дзмітрый Анішчык; экіпаж камбайнераў у складзе Дзмітрыя Машлякевіча і Віктара Янушкевіча.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *