Прырода ў Хатаве – з камфортам

Год гасцiннаcцi Нумары

image_pdfimage_print

Паляўнічы комплекс Стаўбцоўскага доследнага лясгаса, акружаны сасновым лесам, з уласнай сажалкай, карыстаецца попытам у айчынных і замежных турыстаў.

Дарогу сюды, углыб хатаўскіх ваколіц, знаходзяць самыя пераборлівыя турысты і, зразумела, такія заўзятары прыроды як паляўнічыя, рыбаловы. З задавальненнем пераадольваюць немалую адлегласць, нягледзячы на пару года, мінчане і жыхары іншых рэгіёнаў Беларусі, іншаземцы, прадстаўленыя ў пераважнай большасці расіянамі.

– У мяне ўжо распісаны выхадныя дні на будучае лета. Пара вяселляў! Зімою запісваюцца да нас правесці карпаратывы, дні нараджэння і т. п. І на Новы год была ў нас ёлачка, гасцей багата. Сярод іх ёсць пастаянныя кліенты, якія прыязджаюць сюды рэгулярна, раз у месяц, – расказвае загадчыца гаспадаркі паляўнічага комплексу Ала Недзень і, не ўстрымаўшыся ад уласнай ацэнкі, дабаўляе: – Мне самой тут вельмі падабаецца.

Усё жыццё Ала Недзень працавала паштальёнам. Але калі ў мінулым годзе скарацілі мясцовае аддзяленне сувязі, лясгас прапанаваў ёй, пушчанскай ураджэнцы, паспрабаваць сябе на паляўнічым комплексе.

– Падабраць чалавека было няпроста – нам патрэбна была добрая, увішная гаспадыня, якая парадак ва ўсім падтрымае і з гасцямі будзе ветлівай, далікатнай, – заўважае майстар лесу Хатаўскога лясніцтва Мечыслаў Ламака.   

Сапраўды, госці нядаўна ад’ехалі, а ў двухпавярховым доме – пах чысціні і свежасці, усё ў ім сведчыць пра падрыхтаванасць да прыёму новых гасцей.

Да дома, як і да лазні, іншых памяшканяў на тэрыторыі паляўнічага комплексу, вядуць падмеценыя дарожкі. Абапал іх, заўважаем, зімуюць пад яловымі лапкамі кусты ружаў.

– Муж у многім мне дапамагае, падвозіць на працу, – прызнаецца Ала Міхайлаўна. Са сваім мужам Міхаілам Міхайлавічам яна вырасціла чацвярых дзяцей. Яны маюць ужо дзвюх унучак.  

Паляўнічы комплекс быў адкрыты больш за дзесяць гадоў таму. Тры гады, як зроблены яго капітальны рамонт з рэканструкцыяй. Для цудоўнага адпачынку на прыродзе, прычым – з камфортам,  створаны ўсе ўмовы. Двухпавярховы дом плошчай 80 м2 – з камінам, кухняй і душавой кабінай. У доме – аптымальны тэмпературны рэжым, які падтрымліваецца з дапамогай італьянскага катла з аўтаматкай. Дарэчы, працуе ён на паліўных пелетах, што выпускаюцца на вытворча-майстарскім участку лясгаса ў Акінчыцах.

Госці, а гэта пераважна людзі гарадскія, вельмі любяць пасядзець ля каміна. Каб прапаліць яго, а таксама лазню з парылкай, лясніцтва спецыяльна падвозіць бярозавыя дровы. З вясны і да халадоў “улюбёнцам” публікі становіцца таксама мангальніца-альтанка, здольная змясціць пад сваім дахам вялікую кампанію. І, напрыклад, сваю здабычу паляўнічыя і рыбаловы смажаць тут жа, у мангальніцы, або ў доме на кухні, дзе ўстаноўлена газавая пліта.    

Побач са зручнасцямі цывілізацыі адпачываючыя з асалодай наталяюцца навакольнай прыродай. У сезон збіраюць вакол комплексу грыбы, ягады. А яшчэ – нацягваюць паміж стромкіх соснаў валейбольную сетку і, такім чынам,  даюць выхад сваім азарту і энергіі.

Адметна, што многія з гасцей ужо адпачывалі шмат дзе на Беларусі, у тым ліку і на шырока разрэкламаваных базах адпачынку. Але выбар свой спынілі менавіта на паляўнічым комплексе ў хатаўскіх ваколіцах. Чаму? Па іх словах, тут дастойная якасць паслуг у спалучэнні з нізкімі цэнамі. Напрыклад, пражыванне ў доме, разлічаным на 10-12 чалавек, абыходзіцца за суткі крыху больш за адзін мільён рублёў, дзвюхгадзінная лазня з парылкай – крыху больш за сто тысяч рублёў і т. п.     

Але, безумоўна, самы галоўны козыр – гэта аўра гэтых непаўторных мясцін і сустрэча гасцей з тым пачуццём шчырасці, на якое здатны жыхары Стаўбцоўшчыны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: паляўнічы комплекс Хатаўскога лясніцтва і яго гаспадыня Ала Недзень.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *