Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне сем шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі тры маленькія жыхары Стаўбцоўшчыны: Вераніка Івашчанка, Леў Новік і Міхаіл Жыбуртовіч.

Зямны шлях закончыўся для шаснаццаці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пра загаранне павеці для захоўвання дроў на прыватным падворку ў Дзераўной, агнём пашкоджаны дах і сцены.

Міліцыяй зарэгістравана 148 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 18 крымінальных спраў, у 15 з іх устаноўлены падазроныя.

У пасажыра, які ехаў у вагоне поезда «Баранавічы-Мінск», украдзена дарожная сумка, дзе знаходзіліся ноўтбук і ўласныя рэчы. Безвынікова закончыліся дзве спробы крадзяжоў маёмасці – зладзеі затрыманы. Працягваюцца крадзяжы мабільных тэлефонаў.

Стаўбцоўскім РАСК узбуджана крымінальная справа па факце забойства жанчыны ў Старыне. Падазроны ўстаноўлены, затрыманы і ўзяты пад варту.

Суд прыгаварыў да двух месяцаў арышту жанчыну за тое, што яна выкапала туі, якія раслі каля дома вяскоўца. На паўтара года абмежавання волі, без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, асуджаны злодзей, які ўчыніў грабеж – дастаў грошы з кішэні грамадзяніна. Два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу атрымала жыхарка Мікалаеўшчыны: яна ўхілялася ад выплаты расходаў на ўтрыманне яе непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Да 120 гадзін грамадскіх работ прыгавораны стаўбчанін, які наўмысна прычыніў сваёй жонцы лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены пратакол на стаўбчаніна, які незаконна высек 66 дрэў на тэрыторыі Бабаўнянскага лясніцтва (ля Пагарэлага), і заплаціць за нанесены навакольнаму асяроддзю ўрон 884 рублі. Яму пагражае і штраф да 30 базавых велічынь.

ДАІ выявіла 137 парушальнікаў дарожнага руху. Сярод затрыманых – пяцёра нецвярозых вадзіцеляў і дванаццаць недысцыплінаваных пешаходаў; дзевяць чалавек не мелі пасведчанняў на права кіравання транспартным сродкам. Зафіксаваны шэсць дарожна-транспартных здарэнняў без пацярпелых, два са смяротным зыходам, адно – з цяжкімі траўмамі.

«Хуткая» выязджала да хворых 244 разы, у тым ліку 12 выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *