Усё можа муляр

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

110818c

Аляксандр Фенька носіць званне «Ганаровы будаўнік» і, разам са сваімі калегамі, фактычна пабудаваў увесь новы шматпавярховы мікрараён Стоўбцаў.

Па абноўленай магістральнай вуліцы райцэнтра, вуліцы Цэнтральнай, прайшло нядаўна святочнае шэсце з нагоды 425-годдзя Стоўбцаў. Прыгожае відовішча было дапоўнена інфармацыяй аб тым, што ў калоне ПМК-233 крочыў і Аляксандр Фенька, уладальнік нагруднага знака Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь «Ганаровы будаўнік». Менавіта яго прозвішча прагучала з дынаміка на ўвесь горад, менавіта на яго заслугі перад раёнам і краінай была звернута ўвага ўсіх стаўбчан і шматлікіх гасцей свята.

Аляксандр Фенька – адзіны ў ПМК, хто ўдастоены ганаровага звання за сваю прафесійную дзейнасць. На званні і рэгаліі Аляксандр Іванавіч увагу звяртае мала, затое работа ў яго руках кіпіць. На будаўнічым аб’екце ўсё можа муляр, а, дакладней, брыгадзір муляраў!

Калісьці заямнаўскі хлопец пры выбары месца працы аддаў перавагу менавіта ПМК-233. Асноўная прычына – тут ужо працаваў яго старэйшы брат Уладзімір. Мулярам. Як было не пайсці ўслед за братам?! Ды і на двары быў пачатак дзевяностых – час разладу і няўпэўненасці. Многія маладыя людзі пасля развалу вялікай краіны не ведалі куды ісці, што будзе далей… У Аляксандра была яшчэ і ўласная калізія: так атрымалася, што пасля заканчэння дзесяці класаў не змог здаць выпускныя экзамены. Быў фізічна моцны, заўсёды любіў фізкультуру, а тут не пашанцавала выпускніку – якраз зламаў нагу. Сёння ён з удзячнасцю, а не з пачуццём шкадавання, прыгадвае збег усіх тых абставін.

ПМК у той час грымела на ўвесь раён. Аб’ектаў было многа, і спецыялісты былі патрэбны. Моладзь з ахвотай набіралі і давалі магчымасць на месцы асвоіць прафесію. Будучы падсобнікам, Аляксандр вучыўся ўсяму, у тым ліку і як рабіць кладку. Дапамог яму ў гэтым Аляксандр Мазур, іншыя вопытныя работнікі.

«Бяры цэглу ў рукі ды кладзі адну да другой. Што тут складанага?» – прыгадвае сёння Аляксандр Фенька тую сваю навуку, якая ў рэальнасці ўключала ў сябе асваенне комплексу сумежных прафесій, запатрабаваных у будаўніцтве. Гэта і цяслярскія навыкі, работа з бетонам і т. п.

Сёння ў ганаровага будаўніка – пяты кваліфікацыйны разрад. Ён з’яўляецца брыгадзірам. Сам вучыць моладзь. У яго брыгадзе шчыруюць дзесяць чалавек. Сярод іх – старажыл Валянцін Грыцкевіч, вопытныя муляры Ігар Паляшчук, Дзмітрый Янкін і іншыя. Гэтай брыгадай, як сказана вышэй, узведзены ў райцэнтры амаль усе пяціпавярховыя цагляныя жылыя дамы на вуліцы Цэнтральнай. І ў забудове новай вуліцы Міру ёсць яе значны ўклад.

Дзякуючы будаўнікам выраслі дамы, цэлыя кварталы, не адна вуліца ў горадзе… Яны ўзводзілі новы дзіцячы сад. Пашчыравалі і за межамі раёна. Да прыкладу, у беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Якая прыгажосць і стваральная сіла крыюцца ў прафесіі будаўніка! Добра помняцца Аляксандру Феньку першыя яго аб’екты – будынак суда раёна і «чырвоны» банк, аддзяленне аграпрамбанка. Праходзячы ці праязджаючы паўз гэтыя ўстановы, заўсёды нешта варухнецца ўнутры, напоўніць пачуццём сваёй карыснасці на гэтай зямлі.      

Сёлета, у Год малой радзімы, гаварыць пра след, пакінуты на роднай зямлі, асабліва прыемна. На бацькоўскай зямлі, у Заямным, Аляксандр Фенька стварыў сям’ю. Жыве яна ў доме, які пабудаваў галава сям’і ўласнымі рукамі. Дом прасторны – на два паверхі. Увішная гаспадыня ў ім – жонка Святлана. Яна працуе настаўніцай пачатковых класаў у Заямнаўскай школе. Гадуюць дзвюх дачок, 14 і 10 гадоў. «У сваім доме пастаянна знойдзецца работа, – адказвае на пытанне пра хобі Аляксандр Іванавіч і ўдакладняе: – Нікога не наймаем, самі ўсё зрабіць умеем».

Да гэтай пары ў ПМК-233 працуе дынастыя братоў Фенькаў. Калі трэба, яны прыходзяць адзін аднаму на дапамогу. Старэйшы Уладзімір таксама пабудаваў дом, у Стоўбцах. Ён завочна вывучыўся і сёння займае пасаду галоўнага інжынера. Кожны з братоў выбраў свой няпросты шлях у будаўнічай прафесіі і сумленна ідзе па ім, нікуды не зварочваючы, не шукаючы лёгкага хлеба.  

– За дзень – не менш за «куб» кладкі. А можна – і ў паўтара раза больш. Тады будзе і заробак, – дзеліцца Аляксандр Фенька. У яго разважаннях – ні кроплі «ганаровасці». Ён па-ранейшаму такі ж хвацкі, роўны ў адносінах з калегамі. А клопат яго пра тое, каб былі аб’екты, маштабныя пляцоўкі, на якіх ёсць дзе разгарнуцца з яго ўменнем і вопытам.  

У 2016 годзе, пасля больш чым двух дзясяткаў гадоў працы мулярам у ПМК, Аляксандру Феньку было прысвоена званне ганаровага будаўніка. На ўрачыстую цырымонію ў Мінск ён ездзіў разам з дырэктарам, а нагрудны знак атрымаў з рук намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва рэспублікі. Рукі будаўнікоў, прывычныя да працы, не могуць без яе жыць…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *