Алімпійскія іскрынкі

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

З міжнародным прызнаннем

У манежы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі сабраліся юныя лёгкаатлеты, якія прадстаўлялі каманды спартыўных школ Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Малдовы, Беларусі і Украіны. Зразумела, што напал барацьбы быў вялікім, і ў радзе спартыўных дысцыплін паказаны высокія вынікі.

Дастойна прадстаўлялі нашу рэспубліку на міжнародных спаборніцтвах навучэнцы ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна». Антон Васілеўскі заняў другое месца ў бегу на 800 метраў. Другі вынік у скачках у даўжыню ва Уладзіслава Супруна. І на спрынтарскай дыстанцыі 60 метраў трэцім на фінішы быў Максім Верабей.

Трэнер Анатоль Турчановіч рад за сваіх выхаванцаў, за спартыўным ростам якіх будуць сачыць і вядучыя спецыялісты рэспублікі.

 

Эмоцыі «зялёнага бору»

«Зялёны бор» – назва спартыўнага комплексу ў Мінскім раёне. Менавіта тут прайшлі спаборніцтвы ХІІ зімовай спартакіяды работнікаў КУП «Мінскаблдарбуд». Удзельнікам належала праявіць сваё майстэрства ў розных спартыўных дысцыплінах: валейболе, плаванні, настольным тэнісе, падняцці гіраў, а таксама ў перацягванні каната і дартсе.

Наша дарожна-будаўнічая арганізацыя ДРБУ № 135 прадстаўлена была камандай з 13 чалавек. Капітан яе – начальнік Віталій Дзям’янка. Змагаліся за перамогу таксама галоўны інжынер Наталля Раманчык, інжынер-энергетык Валянцін Янчур, вядучы інжынер Іна Тамашэвіч, майстры Сяргей Высоцкі, Анатоль  Каразей, Алег Дзям’янка, прарабы Вадзім Колпак, Дзмітрый Жылянок, вадзіцелі Максім Кузняцоў, Сяргей Супрановіч, падліковец Алена Жушма, рабочая Тамара Самахвал.

Плён намаганняў і вынік падрыхтоўкі відавочны – каманда стаўбцоўскіх будаўнікоў-дарожнікаў заваявала чатыры кубкі і чатыры дыпломы. У нашых другія камандныя месцы па валейболе і настольным тэнісе, трэцяе месца ў спаборніцтве па перацягванні каната. І ўвогуле занята ў зімовай спартакіядзе другое агульнакаманднае месца. Так што эмоцыі ў калектыве самыя станоўчыя.

 

Стоўбцы-2014

Адбыўся першы турнір юных футбалістаў рэспублікі пад такім дэвізам на стадыёне «Юнацтва». На зялёнае поле выйшлі каманды футбольных клубаў «Баранавічы», «Гарадзея», «Арбіта» (Мінск) і Стаўбцоўскай ДЮСШ. Пераможцаў вызначыла фінальная сустрэча калектываў Баранавічаў і Стоўбцаў, якая закончылася з лікам 3:1 на карысць гасцей.

Рабяты 1999 года нараджэння, якія спаборнічалі на працягу двух дзён, засталіся задаволены цёплым прыёмам. Арганізатар турніру — ФК «Нёман», трэнеры якога Андрэй Мікалаевіч і Дзмітрый Макарэвіч, відаць, узялі на заметку рабят, якіх можна рыхтаваць для ўдзелу ў галоўнай камандзе раёна.

 

На прызы райсавета аграпрамысловага саюза

На стадыёне «Юнацтва» праведзены традыцыйны турнір па міні-футболе на прызы раённага савета аграпрамысловага саюза. У спаборніцтвах удзельнічалі каманды школ горада і тры сельскія калектывы – з Наваколасава, Шашкоў і Дзераўной.

Спаборніцтвы праходзілі па класічнай для гульнявых відаў сістэме: спачатку каманды вялі барацьбу ў групах, пераможцы якіх аспрэчвалі галоўны трафей, астатнія вызначалі  далейшыя месцы. У выніку мацнейшай стала каманда гімназіі № 1 г. Стоўбцы, на другім месцы юныя футбалісты Дзераўнянскай СШ і на трэцім – Шашкоўскай СШ. Усе прызёры ўзнагароджаны кубкамі, граматамі, ігракі – медалямі. Лепшыя ў намінацыях адзначаны прызамі.

Дырэкцыя Стаўбцоўскай ДЮСШ дзякуе савету АПК, які ўзначальвае І. І. Меляшкевіч, за аказаную фінансавую падтрымку ў правядзенні спаборніцтваў.

 

З чэмпіёнскім дыпломам

Калектыў Стоўбцырайгаза працягвае славіцца сваімі спартыўнымі перамогамі. У нядаўняй абласной зімовай спартакіядзе, у якой прынялі ўдзел 18 камандаў работнікаў нафтавай і газавай прамысловасці Мінскай вобласці, стаўбчане занялі І месца. Адметна, што гэтае лідарства за камандай Стоўбцырайгаза захоўваецца на працягу многіх гадоў.

 Гонар сваёй арганізацыі адстойвалі 13 спартсменаў на чале з начальнікам службы эксплуатацыі Іванам Хамічонкам. Першае месца ў эстафетнай гонцы заваявалі бухгалтар Людміла Мяшкова, майстар службы эксплуатацыі Васіль Радзівановіч, інструктар вытворчага навучання Наталля Мікульская, начальнік службы транспарту Аляксандр Ільючэнка. Пераможцы ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі, а Стоўбцырайгаз у сваю капілку дабавіў яшчэ адзін кубак.

Прайшлі  рэспубліканскія спаборніцтвы па зімовых відах спорту калектываў нафтавай і газавай прамысловасці. У зборную каманду Мінскай вобласці былі ўключаны лепшыя спартсмены Стоўбцырайгаза Людміла Мяшкова і Васіль Радзівановіч. У лыжных гонках Людміла Мяшкова заняла першае  месца. Яе імя на слыху не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы: такі высокі вынік у Людмілы Мяшковай – не першы.

Спартыўныя перамогі яшчэ больш згуртавалі дружны калектыў Стоўбцырайгаза.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *