Эмоцый узлёт дае турзлёт

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

180818b

У мінулыя выхадныя ў лясным масіве ля турыстычнага комплексу «Высокі бераг» прайшоў адзінаццаты раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі. Сёлета ён быў прысвечаны 100-годдзю камсамола і арганізаваны пад эгідай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, раённага камітэта ГА БРСМ і раённага аб’яднання прафсаюзаў. Памерацца сіламі прыехалі дзесяць камандаў. Усе яны не навічкі, неаднойчы прымалі ўдзел у падобных спаборніцтвах. Гэта газавікі, маторнікі, энергетыкі, камунальнікі, медыкі, супрацоўнікі райвыканкама, работнікі мясакансервавага камбіната, Беларусбанка, лясгаса і прадстаўнікі воінскай часці.

Ганаровае права падняць сцяг спаборніцтваў заслужыла мінулагодні пераможца – каманда філіяла Мінскага маторнага завода.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая:

– Некалі ўзнікла добрая ідэя, а затым склалася слаўная традыцыя праводзіць турыстычныя злёты менавіта ў гэтым маляўнічым месцы, на радзіме беларускага песняра Якуба Коласа, на беразе паўнаводнага і хуткаплыннага Нёмана, які з’яўляецца сімвалам нашай Стаўбцоўшчыны. Сёння тут сабраліся каманды аднадумцаў, людзей не толькі творчых і таленавітых, а і амбіцыёзных, якія і плённа працуюць на карысць сваёй краіны, і ўмеюць крэатыўна адпачываць. Жадаю ўсім удачы і каб сённяшняя сустрэча падарыла вам новых сяброў. Перамога дастанецца мацнейшым, але самае галоўнае, каб перамагла дружба.

Спаборніцтвы пачаліся з конкурсу «Візітная картка». Усе прадстаўленні былі своеасаблівымі, непаўторнымі і цікавымі. Але ў артыстычнасці, творчасці і арыгінальнасці не было роўных газавікам. Другое месца – за камандай супрацоўнікаў райвыканкама, а трэцяе падзялілі медыкі і работнікі Беларусбанка.

Асноўная ж барацьба за тытул мацнейшых чакала ўдзельнікаў злёту наперадзе. І адным з самых нялёгкіх выпрабаванняў стаў квэст «Паляна заданняў», дзе трэба было паказаць не толькі спартыўны спрыт, а і выканаць творчае і інтэлектуальнае заданні. Суддзі спаборніцтваў пастараліся разнастаіць гэты конкурс, этапы сталі больш складанымі. Дастойна справілася з іх праходжаннем і паказала найлепшыя хвіліны чацвёрка маторнікаў. У прызёрах – віртуозы мясакансервавага камбіната і газавікі. Адначасова праходзілі спаборніцтвы па дартсе, дзе вызначыліся капітаны камандаў медыкаў, газавікоў і энергетыкаў. У «сляпым валейболе» першынствавала каманда Стоўбцыгаза, якая даволі ўдала ўзяла старт, другія і трэція – камунальнікі і маторнікі.

Пакуль ішлі спартыўныя спаборніцтвы, у разбітых на паляне ўздоўж ракі палатачных гарадках было даволі ажыўлена. Тут шпаркімі тэмпамі вялася падрыхтоўка да конкурсу на лепшае іх абсталяванне, гатаваліся турысцкія стравы. Ацэньваючы гэты конкурс, журы шчыра падзівілася нестандартным дызайнерскім рашэнням і фантазіі маладых людзей, якія арыгінальна і адмыслова аформілі свае лагеры і творча іх прадставілі. А найбольш спадабалася выступленне каманды газавікоў, якая працягвала сваё трыумфальнае шэсце. Сцэнарый быў цікавым і вытрыманым у адзіным стылі.

Як, дарэчы, і ў маторнікаў, якія падрыхтавалі выступленне на тэму савецкага часу. Парадавалі і энергетыкі. Такім чынам, вызначылася тройка прызёраў.

А які ж турзлёт без песні ў агульнага кастра? Познім вечарам «запальвалі» вакалісты. Тут вышэйшы рэйтынг у маладых людзей мясакансервавага камбіната, зноў парадавалі газавікі, а трэцяе месца падзялілі супрацоўнікі райвыканкама і маторнага завода.

Другі дзень спаборніцтваў не ахаладзіў пыл барацьбы. Надвор’е спрыяла ўдзельнікам спартакіяды. Хутчэй за іншых зарыентаваліся, знайшлі пікеты ў конкурсе «Лабірынт» маторнікі, другімі прыйшлі камунальнікі, трэцімі – газавікі. У фігурным ваджэнні веласіпеда ў індывідуальным спаборніцтве перамаглі прадстаўнікі камандаў райвыканкама і маторнага завода – Надзея Картузава і Віталій Філіповіч. А агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным чынам: каманды філіяла маторнага завода, райвыканкама, мясакансервавага камбіната. Конкурс «сюрпрыз», у якім першынствавала каманда мясакансервавага камбіната, дазволіў ёй перамясціцца вышэй у рэйтынгавай табліцы і адыграў, бадай, галоўную ролю пры вызначэнні агульнакамандных месцаў. Другімі і трэцімі тут былі маторнікі і медыкі.

Самым захапляльным і эмацыянальным, як і заўсёды, з’яўляецца конкурс па перацягванні каната. У апошнім «сэце» волаты-газавікі вырвалі перамогу ў супрацоўнікаў райвыканкама і тым самым паставілі кропку – сталі пераможцамі спартакіяды. Трэцяе месца дасталося асілкам маторнага завода, якія таксама выступілі даволі ўдала і занялі другое агульнакаманднае месца. Трэцяе – у работнікаў мясакансервавага камбіната. Прыз за волю да перамогі быў уручаны камандзе 25-га арсенала.

Пераможцы турзлёту ў камандных і асабістых выступленнях узнагароджаны кубкамі, дыпломамі і падарункамі, падрыхтаванымі арганізатарамі мерапрыемства.

На здымках: прывітальнае слова намесніка старшыні райвыканкама Жанны Лысай; старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў узнагароджвае капітана каманды УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» Уладзіміра Куеля; каманда-пераможца ВУ «Стоўбцыгаз»; другое месца ў каманды філіяла ААТ «Кіруючаякампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г.Стоўбцы; трэцяе месца заняла камандаААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»; другая ў конкурсе па перацягванні каната каманда райвыканкама; у ліку лепшых палатачны гарадок маторнікаў; энергетыкі паказваюць спрытнасць у конкурсе «Сюрпрыз».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *