На фермах

Нумары Сельская гаспадарка

220818b

Анатолій Камяк працуе аператарам па вырошчванні буйной рагатай жывёлы на МТФ «Цеснавая» ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Вылучаецца стараннасцю і мае неблагія вынікі. Ён даглядае групу цялушак, якія штодзень прыбываюць у вазе ў сярэднім на 550 грамаў кожная. Агульны стаж работы дбайнага работніка ў гаспадарцы налічвае трыццаць гадоў, палову з якіх Анатолій Паўлавіч завіхаецца ў жывёлагадоўлі, а папярэдне шчыраваў механізатарам.

У рамках праведзенай прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» Анатолій Камяк атрымаў за рупнасць падзячнае пісьмо райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарунак.

 

ЗАЛУЖАНЕ ТРЫМАЮЦЬ ЛІДАРСТВА

Вынікі работы працаўнікоў малочных цэхаў раёна за сем месяцаў сведчаць, што жывёлаводы МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі» па-ранейшаму не страцілі заваяванай першай пазіцыі і трымаюць лідарства – надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы па 5579 кілаграмаў малака, прыбаўка ў адносінах да мінулагодняга паказчыка склала 1339 кілаграмаў. Калектыў гэтай фермы працуе стабільна. Жывёлаводы – сапраўдныя прафесіяналы ў сваёй справе, а значыць, ёсць і адпаведныя вынікі. Рэальна, што агранёманскія працаўнікі павінны перасягнуць дзевяцітысячны рубеж і надаіць нават больш. У папярэднія гады «размяняць» десяць тысяч удалося толькі калектыву МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа».

На прызавых прыступках работнікі МТФ «Целяхі» і «Церабейнае» з ТАА «СЖК «Налібакі», якія маюць паказчыкі 5359 і 5338 кілаграмаў, на чацвёртым і восьмым – іх калегі з МТФ «Цэнтр» і «Пруды» з вынікамі 5247 і 4698 кілаграмаў. Пятае месца займаюць жывёлаводы МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства, якія атрымалі па 4850 кілаграмаў малака ад каровы. Шостую пазіцыю ўтрымліваюць працаўнікі МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дзе надой склаў 4764 кілаграмы. Наступныя два месцы – сёмае і дзявятае – за шчырымі работнікамі МТФ «Ячонка» ААТ «Каганец» і МТФ «Казейкі» ААТ «Агранёманскі», яны маюць вынікі адпаведна 4548 і 4407 кілаграмаў. На дзясятай пазіцыі – працаўнікі МТФ «Засулле» ААТ «Каганец» з вынікам 4343 кілаграмы. Услед за імі ідуць іх калегі з МТФ «Зарэчча», на дванаццатым месцы працаўнікі МТФ «Жыгалкі» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», на трынаццатым – МТФ «Жацерава» аднайменнага таварыства. На чатырнаццатае месца перамясціліся жывёлаводы МТФ «Стары Свержань» ААТ «Агранёманскі». Замыкае групу наймацнейшых МТК «Вішнявец» ААТ «Вішнявецкі-агра». Усе яны маюць адпаведна вынікі 4129, 4281, 4030, 4021 і 3994 кілаграмы.

У агульны поспех вышэйназваных калектываў уносяць свой непасрэдны ўклад кіраўніцтва і спецыялісты зоаветслужбаў гаспадарак, даглядчыкі-пастухі, механізатары, якія падвозяць кармы і выконваюць на фермах іншыя неабходныя работы.

 

ВОПЫТ – СПРАВЕ ПАДМОГА

Роўна і стабільна працуе калектыў МТФ «Стары Свержань» ААТ «Агранёманскі». Намаганні жывёлаводаў даюць сёлета плён, і па выніках работы за сем месяцаў працаўнікі гэтага вытворчага падраздзялення здолелі ўвайсці ў кагорту наймацнейшых менавіта дзякуючы рупнасці ўсіх працаўнікоў. Калектыў раўняецца на сваіх калег (работнікаў МТФ «Залужжа» і «Казейкі») і паставіў перад сабой мэту дасягнуць сямітысячнага рубяжу па надоях малака ад каровы. Дбайныя працаўнікі паступова да яе рухаюцца. Брыгадзірам фермы працуе Таццяна Пальчык. Таццяна Уладзіміраўна – умелы кіраўнік, рупіцца ў жывёлагадоўлі каля трыццаці пяці гадоў. Падначаленыя яе паважаюць і слухаюцца, добрасумленна выконваюць усе патрабаванні, строга прытрымліваюцца тэхналогіі даення кароў. Вылучаюцца стараннем аператары машыннага даення Святлана Шчацініна, Ірына Ермаковіч і Людміла Буката. Усе жанчыны – вопытныя працаўніцы, кожная ўжо надаіла звыш чатырох тысяч кілаграмаў малака ад каровы.

 

ТРЫНАЦЦАЦЬ ПЯЦІТЫСЯЧНІЦ

Па выніках работы сямі месяцаў бягучага года трынаццаць аператараў машыннага даення атрымалі ад кожнай каровы сваёй групы звыш пяці тысяч кілаграмаў малака, а Людміла Зянько з ААТ «Агранёманскі» ўшчыльную наблізілася да шасцітысячнага рубяжу, надаіла 5917 кілаграмаў малака і прыбавіла адносна адпаведнага леташняга перыяду 1292 кілаграмы. Другая ў рэйтынгу Тамара Патапава з вынікам 5762 кілаграмы і самай высокай прыбаўкай – 1613 кілаграмаў. Трэцяе месца займае Наталля Банадысева з ТАА «СЖК «Налібакі» з паказчыкам 5649 кілаграмаў. Ганна Саланкевіч і Святлана Бабрыковіч з гэтага ж таварыства надаілі 5629 і 5540 кілаграмаў, Надзея Калько з ААТ «Агранёманскі» – 5414 кілаграмаў, Таццяна Чэмка з ААТ «Каганец» – 5402 кілаграмы, налібаччанкі Святлана Рынкевіч, Алена Гаптар і Жанна Калпак займаюць адпаведна восьмае, дзявятае і дзясятае месцы з вынікамі 5357, 5345 і 5318 кілаграмаў. Перасягнулі пяцітысячныя рубяжы па надоях малака ад каровы Алеся Дубіцкая і Галіна Чыжэўская з ТАА «СЖК «Налібакі», надаілі адпаведна 5299 і 5107 кілаграмаў, а таксама Нона Філіна з ААТ «Агранёманскі» – 5235 кілаграмаў. Высокія паказчыкі ў Алены Арцюховіч з ААТ «Жацерава» і Вікторыі Мамонька з ААТ «Радзіма Якуба Коласа», адпаведна 4952 і 4922 кілаграмы.

 

ПАКАЗЧЫКІ СТАБІЛЬНЫЯ

Падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны рэспублікі за першае паўгоддзе. Па вытворчасці малака і мяса наш раён працуе стабільна і па-ранейшаму займае 21 прыступку ў рэйтынгу сярод 118 раёнаў. Па надоях малака ад каровы лідзіруе Гродзенскі раён з паказчыкам 3950 кілаграмаў, у аўтсайдарах – Шумілінскі Віцебскай вобласці з вынікам 1197 кілаграмаў. Па паказчыках таварнасці малака наш раён, як у вобласці, так і ў рэспубліцы, знаходзіцца ў сярэдзіне табліцы з паказчыкам 89,1 працэнта. Самая высокая таварнасць прадукцыі ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласці – 92,6 працэнта, а самая нізкая – у Сенненскім Віцебскай вобласці і Чэрыкаўскім Магілёўскай вобласці – 81,1 працэнта. Комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства саступіў адну пазіцыю і займае шаснаццатае месца. На першай прыступцы – ДП «Алекшыцы» Бераставіцкага раёна, дзе атрымліваюць кілаграмовыя сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІ Ў ЛІПЕНІ

У ліпені бягучага года на малочнатаварных фермах раёна надоена 8190,8 тоны малака, што на 191,1 тоны больш за адпаведны перыяд летась. Гэта складае да мінулагодняга 102,4 працэнта. У сярэднім ад кожнай каровы надоена 487 кілаграмаў, плюс 7 кілаграмаў. За гэты перыяд найбольш прыбавілі ў адносінах да паказчыкаў мінулага года працаўнікі фермаў ААТ «Агранёманскі», адпаведна 108,8 тоны і 61 кілаграм. Маюць вышэйшы плюс, як па валавой вытворчасці, так і па надоях малака ад каровы, жывёлаводы ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Шашкі», «Жацерава» і «Вішнявецкі-агра». Няблага спрацавалі за мінулы месяц і паступова выходзяць з мінуса жывёлаводы СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». У мясной жывёлагадоўлі адносная стабільнасць, сярэднераённы паказчык трымаецца практычна на ўзроўні. У лідарах па вырошчванні мяса ялавічыны – ААТ «Агранёманскі».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *