Усе мы рыхтуемся да школы

Адукацыя Нумары

Адбылася прамая лінія з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людмілай Стонька. Змяшчаем адказы на пытанні, якія паступілі падчас работы прамой лініі.

– Як будуць арганізаваны святочныя мерапрыемствы да новага навучальнага года і якая тэма першага ўрока ў Дзень ведаў?

–Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў і пачатку новага навучальнага года, пройдуць у суботу, 1 верасня. За парты сядуць 4254 вучні. Першы школьны званок прагучыць для 432 першакласнікаў. Навучальны год адкрые тэматычны ўрок, прысвечаны Году малой радзімы з удзелам знакамітых землякоў. Жнівеньская настаўніцкая канферэнцыя адбудзецца 29 жніўня і пройдзе па тэме «Ад адукацыі і развіцця да працвітання малой радзімы».

Патэлефанавала шматдзетная сям’я з пытаннем, якія льготы ім прадугледжаны пры аплаце падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў?

– Для навучэнцаў са шматдзетных сем’яў плата за карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі паніжаецца на 50 працэнтаў.

– Ці зменіцца колькасць і форма здачы выпускных экзаменаў па завяршэнні 11 класаў у 2019 годзе?

–У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вучні ХІ класаў будуць здаваць чатыры абавязковыя экзамены: па беларускай ці рускай мове ў пісьмовай форме, матэматыцы ў пісьмовай форме, замежнай мове і гісторыі Беларусі ў вуснай форме па экзаменацыйных білетах.

– Чым адрозніваюцца падручнікі новага пакалення ад папярэдніх?

–Падручнікі новага пакалення валодаюць навігацыйнай функцыяй, г. зн. маюць ссылку на электронныя адукацыйныя рэсурсы. Дадаткова ссылка забяспечана піктаграмай QR-кода. Пры навядзенні на піктаграму электроннага ўстройства (смартфона, планшэта) вучань можа выйсці непасрэдна на канкрэтны вучэбны матэрыял.

– Ці могуць навучэнцы 5-7 класаў вывучаць прадметы на павышаным узроўні?

–Тыповым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, вызначана, што ў V-VІІ класах сярэдніх школ на павышаным узроўні можа вывучацца замежная мова, на што можа быць выдзелена не больш за дзве дадатковыя гадзіны ў тыдзень. Пры гэтым у адпаведнасці з заўвагай 12 да Тыпавога вучэбнага плана сярэдняй школы, школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і падпунктам 1.3 пункта адзін пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, максімальна дапушчальная тыднёвая нагрузка для вучняў V-VІІ класаў, у якіх арганізавана навучанне на павышаным узроўні вучэбных прадметаў, павялічваецца на адну гадзіну.

– Ці будзе ў 2018/2019 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана профільнае і прафесіянальнае навучанне?

–Так, будзе. Звяртаю ўвагу, што прыём у профільныя класы прафесіянальнай накіраванасці ажыццяўляецца ў адпаведнасці з тымі ж патрабаваннямі, як і ў звычайны профільны клас. У Х профільныя класы аграрнай накіраванасці магчымы набор вучняў, якія маюць адзнакі па профільных прадметах не ніжэй за шэсць балаў і сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі не ніжэй за пяць балаў. Для вучняў Х класаў, якія вывучаюць прадметы на базавым узроўні, будзе арганізавана профільнае навучанне ў рамках вучэбнага прадмета «Працоўнае навучанне» ў колькасці шасці гадзін.

– У якіх дзіцячых садах горада Стоўбцы працуюць групы па адаптацыі да ўмоў дзіцячага сада і як у іх запісацца?

–У яслях-садзе № 4, яслях-садзе № 5, яслях-садзе № 7 г. Стоўбцы і Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга» працуюць адаптацыйныя групы на платнай умове. Кошт аднаго занятку на сучасны момант складае 1,50 рубля. Для наведвання адаптацыйнай групы неабходна напісаць заяву на імя загадчыка дзіцячага сада.

 

МАЛЕБНЫ ДЛЯ ВУЧНЯЎ

З 21 па 25 жніўня ў кафедральным саборы святой праведнай Ганны ў Стоўбцах будзе знаходзіцца Жыровіцкая ікона Божай Маці.

22, 23 і 24 жніўня будзе служыцца Літургія, па заканчэнні – малебны Прасвятой Багародзіцы, у 17.30 – малебны для вучняў.

Малебны для вучняў таксама будуць служыцца ў саборы 26 жніўня ў 17.00, 28, 29, 30 і 31 жніўня – у 17.30.

У Свята-Уваскрасенскім храме г. Стоўбцы па вуліцы Міру малебны на пачатак новага навучальнага года будуць адслужаны 24, 25, 26 жніўня ў 17.00.

Благаславенне на вучобу дзеці атрымаюць і ў касцёле святога Казіміра ў г. Стоўбцы, будзе таксама здзейснена асвячэнне падручнікаў і школьных прылад.

Здаўна ў людзей было непарушнае правіла браць благаславенне на ўсякую добрую справу. Вучоба – гэтая цяжкая праца і для вучняў, і для настаўнікаў. Папрасіць Божай дапамогі не будзе лішнім.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *