Яблыкі закупляюцца неабмежавана

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

250818e

Асноўны клопат для многіх жыхароў раёна гэтай парой – куды дзець апад яблыкаў з уласнага прысядзібнага ўчастка. Іх многа, і яны, не сакрэт, хутка псуюцца, таму трэба спяшацца, калі ёсць жаданне зарабіць на сезоннай прадукцыі.

Яблыкі запатрабаваны для прамысловай перапрацоўкі, таму пачалі іх закуп на Стаўбцоўшчыне адразу некалькі нарыхтоўчых арганізацый. Цэны ў іх адрозніваюцца, але неістотна, таму здатчыкам варта выбіраць найбольш зручны для сябе варыянт (дастаўляць сваім транспартам ці выклікаць раз’язнога нарыхтоўшчыка), максімальна набліжаны да месца жыхарства. Большасць нарыхтоўчых арганізацый закупляе яблыкі без абмежаванняў у аб’ёмах. Галоўнае – адразу на месцы ажыццяўляецца і разлік за іх.  

Заяўка нарыхтоўшчыку

Райспажыўтаварыства закупляе яблыкі ў насельніцтва двума спосабамі – шляхам самастойнай дастаўкі і з выездам дадому паводле пададзенай заяўкі. Попытам карыстаюцца абодва спосабы.

Прыёманарыхтоўчы пункт адкрыты непасрэдна ў Стоўбцах, на садавінаагароднінным складзе, што знаходзіцца ў раёне вакзала. Цана за кілаграм яблыкаў – 5 капеек. На адну капейку танней даюць нарыхтоўшчыкі тады, калі па заяўцы выязджаюць самі. Раз’язны нарыхтоўшчык на месцы ўзважвае яблыкі і разлічваецца са здатчыкам. Безумоўна, гэта асабліва зручна сельскім жыхарам, людзям састарэлым.

– Жыхары раёна тэлефануюць нам (тэл. 4-21-42, 5-12-33) і пакідаюць сваю заяўку. Як правіла, дзейнічае аператыўны прынцып – «сёння на заўтра», бо сабраныя яблыкі доўга ляжаць не могуць, – тлумачыць начальнік аддзела нарыхтовак Ірына Тулейка.

Падобная практыка адпрацавана ў райспажыўтаварыстве на працягу многіх гадоў. Сёлета аддзелам нарыхтовак ужо назапашана 18 тон яблыкаў, а ўсяго плануецца закупіць за сезон не менш за 400 тон. Як адзначае Ірына Тулейка, закуп яблыкаў у насельніцтва, і не толькі ападу, а і таварных, фактычна працягнецца да глыбокай восені. Ужо ў верасні пачынаецца закладка на міжсезонны перыяд розных відаў гародніны – бульбы, капусты, буракоў, морквы, цыбулі, таму ва ўдалых агароднікаў ёсць магчымасць падзарабіць і на продажы гэтай гародніны.

Закупляюць і ў пасёлку Школьны          

Традыцыйна ў разгар сезона закуп яблыкаў у насельніцтва ажыццяўляецца і на тэрыторыі вытворчага цэха № 9 ААТ «Мінск Крышталь» кіруючай кампаніі холдынгу «Мінск Крышталь Груп». Жадаючыя самі дастаўляюць іх у пасёлак Школьны ў рабочы час ва ўсе дні, акрамя пятніцы, суботы і нядзелі. Вытворца плаціць 6 капеек за кілаграм яблыкаў.

– На месцы ўзважваем мяхі і выплачваем грошы, – падкрэсліў начальнік цэха Вацлаў Рублік. – Нарыхтаваныя яблыкі адпраўляем на Урэцкі спіртовы завод, дзе з гэтай сыравіны вырабляюць яблычны сок.          

У пасёлку Школьны ўжо нарыхтавалі 60 тон яблыкаў. Вытворцы закупляюць не толькі яблыкі, а і, з улікам спецыфікі вытворчасці, збожжа.

Прымаюцца і грушы

Перад тэрыторыяй Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» можна назіраць такую карціну: стаўбчане вязуць лішкі яблыкаў са сваіх прысядзібных участкаў не толькі на машынах, а і на веласіпедах, іншых спадручных транспартных сродках.

21 жніўня, калі матэрыял рыхтаваўся да друку, на філіяле максімальная цана на яблыкі, якія дастаўляюць фізічныя асобы, складала 7 капеек за кілаграм. «Цана ўстанаўліваецца Гарадзейскім цукровым камбінатам і, у залежнасці ад кан’юнктуры рынку, можа пераглядацца», – заўважае дырэктар філіяла Яраслаў Буйніцкі.

Памер яблыка ў даным выпадку не мае значэння, але важна, каб ён быў таварным з выгляду, не меў гнілі, пабітасці. Тое ж датычыць і груш жоўтых сартоў, якія камбінат таксама з ахвотай закупляе ў насельніцтва. Гэтая сыравіна праходзіць у вытворчай лабараторыі радыялагічны кантроль. Асобыя патрабаванні да сыравіны выкліканы ў тым ліку тым, што перапрацоўшчыкі выкарыстоўваюць яе для выпуску прадукцыі для дзіцячага харчавання.

На даны момант прыёмка яблыкаў ад насельніцтва ажыццяўляецца філіялам у рабочыя дні з 08.00 да 17.00. У перыяд масавай нарыхтоўкі магчыма прыёмка і ў выхадныя дні. У любым выпадку гэтае пытанне лепш за ўсё папярэдне ўзгадніць (кантактныя тэлефоны – 7-82-20, 2-16-94).

Свежыя яблыкі вязе вытворцам не толькі насельніцтва. Яны паступаюць ад фермерскіх гаспадарак, сельгаставарыстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў (сёлета плануюць назапасіць 1125 тон яблыкаў). І адразу трапляюць на вытворчы канвеер. З іх атрымліваецца духмянае павідла і – ужо другі год запар – апробаваны выпуск яблычнага соку прамога адціскання.

– У масавы сезон нарыхтоўкі перапрацоўваем 40 тон яблыкаў у суткі, – зазначае начальнік вытворчасці Аляксандр Скачко. – Сыравіна праходзіць праз некалькі мыечных машын, інспекцыйны транспарцёр, малатковую драбілку, шнэкавы апарвальнік, турбапрацірку і т. п. Працэс перапрацоўкі поўнасцю аўтаматызаваны. У ім задзейнічаны трое работнікаў.

Акрамя таго, лінейку новых відаў прадукцыі філіяла папоўнілі таксама яблычна-вішнёвы і яблычна-клубнічны сокі прамога адціскання, якія выпускаюцца з цукрам і мякаццю. У асартыменце перапрацоўшчыкаў і вялікая колькасць прадукцыі з уласнай сыравіны – морквы, гарбуза, кабачка.                  

На здымку: на прыёмцы і перапрацоўцы яблыкаў задзейнічана майстар змены Алена Губар.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *