Бяспечная дарога ў школу

Ахова правапарадку Нумары

З 25 жніўня на дарогах Беларусі і раёна пачаўся спецыяльны комплекс мерапрыемстваў – «Увага – дзеці!», закліканы звярнуць увагу ўдзельнікаў дарожнага руху на пачатак новага навучальнага года. На працягу акцыі (да 5 верасня) вадзіцелям усіх транспартных сродкаў у светлы час сутак неабходна рухацца з бліжнім святлом фараў.

Падобныя знакі ўвагі, як і максімальная ўважлівасць паблізу дзіцячых навучальных устаноў, прадпісаны вадзіцелям. Бацькам ДАІ настойліва рэкамендуе «прывіваць» дзецям правілы бяспечных паводзін і асцярожнасць на дарозе, у тым ліку праз асабісты прыклад, належны бацькоўскі кантроль і т. п. Своеасаблівае пажаданне акрэслена ў дэвізе адзінага дня бяспекі дарожнага руху, які пройдзе 31 жніўня: «У новы вучэбны год – бяспечных усім дарог!»

Напярэдадні новага навучальнага года нельга забываць, што не губляе актуальнасці праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, у бягучым годзе назіраецца рост аварый з удзелам непаўналетніх. З пачатку года зарэгістравана 58 такіх ДТЗ (у 2017 годзе – 30), у іх сем дзяцей загінулі і 58 – атрымалі траўмы. Фактычна кожнае трэцяе ДТЗ адбылося па віне саміх дзяцей, якія нечакана выйшлі або выбеглі на праезджую частку, знаходзіліся на ёй без суправаджэння дарослых і т. п.

Да прыкладу, 1 жніўня каля 17.00 у Налібаках малалетні хлопчык, 2012 года нараджэння, выбег з двара на праезджую частку і трапіў пад матацыкл «Мінск». З траўмамі яго завезлі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніц. 6 чэрвеня, на пачатку летніх канікулаў, у Стоўбцах, пры выездзе з другараднай дарогі на галоўную, адбылося ДТЗ з удзелам веласіпедыста. Ім аказаўся хлопчык 2008 года нараджэння, які не саступіў дарогу аўтамабілю. Непаўналетні таксама атрымаў цялесныя пашкоджанні…

Нярэдка церпяць на дарозе і дзеці-пасажыры, якіх перавозяць з парушэннем правіл перавозкі, а менавіта без дзіцячых утрымліваючых устройстваў, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці.

Сяргей КАЛОМЕНСКІ,старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ РАУС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *