Мясціны дзяцінства заўсёды ў сэрцы

Год малой родины Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

250818

Родная вёска. Калі набліжаешся да мясцін, дзе прайшло тваё дзяцінства, ужо здалёк пачынаеш адшукваць бацькоўскую хату. Мілыя вясковыя вобразы… Усе яны быццам бы расквечаныя сонцам, чыстыя, душэўныя, здзіўляюць глыбінёй пачуццяў, кранаюць успамінамі. Вёска дзяцінства заўсёды ў сэрцы. Яна тое ядро, тая аснова, з якой пачынаецца першы крок у вялікае жыццё.

У пазамінулыя выхадныя ў Янкавічах, гэтым прыгожым пушчанскім паселішчы, ладзілася свята вёскі. На малую радзіму прыехалі дзеці, унукі і праўнукі мясцовых жыхароў. Разам са сваімі бацькамі яны пастараліся годна прывеціць гасцей, якія ішлі па вуліцы пад гукі духавога аркестра Дзераўнянскай музычнай школы. Сустракалі хлебам-соллю, падносілі ўласна выпечаныя караваі. Мясцовыя жыхары набожныя, таму віталі таксама абразамі і крыжам. Па-святочнаму прыбралі людзі свае падворкі. У Янкавічах любяць, каб усё было прыгожа. Гаспадары чыталі вершы, пелі песні і частавалі ўсіх смачнымі стравамі. Паказалі, на што годныя не толькі ў кулінарнай справе, але і ў вышыванні. Калекцыянеры выставілі рарытэтную кампазіцыю былых бытавых прыбораў. Госці не шкадавалі вяскоўцам кампліментаў. Для іх спявалі песні работнікі Дзераўнянскага цэнтра культуры.

Затым свята працягнулася на імправізаванай сцэне. Добрыя словы сказалі людзям старшыня сельвыканкама Таццяна Босая, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака, ксёндз-канонік Мар’ян Шэршань.

Праца селяніна заўжды была ў павазе. Вёска ганарыцца сваімі землякамі, работнікамі сельскагаспадарчай галіны, тымі, хто добрасумленнай працай прымнажаў здабыткі сваёй гаспадаркі, прыкладаў старанне для таго, каб жылі ўсе заможна. Дырэкцыя і прафкам ААТ «Дзераўное» ўшанавалі падарункамі сваіх былых работнікаў, ветэранаў працы: Станіславу Далідовіч, Францішку Емельяновіч, Марыю Дошчачка, Марыю Амельяновіч, Міхаіла Навіцкага, Браніславу Емельяновіч, Ядвігу Навіцкую, Ганну Буракову, Кацярыну Ключнік, Францішку Кузёмка, Алену Касцюкевіч, Стэфаніду Гарэлік, Ванду Макаву. Павіншавалі слаўных працаўнікоў і прадстаўнікі ТАА «СЖК «Налібакі». Адзначаны Яніна Далідовіч, Данута Навіцкая, Антона Паланевіч, Яніна Ранцюк, Ірэна Супрановіч, Ганна Дошчачка, Тэрэза Адамцавіч, Рэгіна Грыгарцэвіч, Ядвіга Макава.

На свяце прысутнічалі самыя старэйшыя жыхары. Ім – асаблівыя павага і ўдзячнасць, бо менавіта яны носьбіты мясцовых традыцый, жыццёвага ўкладу, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. Гэта Стэфанія Іпалітаўна Макава. У жніўні спраўляе свой васьмідзесяцігадовы юбілей паважаная Софія Бярнардаўна Кузёмка. Адзначылі шматдзетную сям’ю Сяргея і Галіны Грыгарцэвічаў. Радуюць тату і матулю чацвёра дзетак – расце надзейная змена.

Шмат гадоў адпрацаваў у лясгасе Іосіф Макаў, у ДРБУ № 135 – Міхаіл Супрановіч і Часлаў Кузёмка, у аграбудфірме «ПМК-74–Налібакі» – Альфонс Лукашэвіч. Ушанавалі сацыяльных работнікаў Вольгу Грышан, Марыну Емельяновіч, Яніну Навіцкую, супрацоўніцу псіханеўралагічнага дома-інтэрната, што ў Кулі, Тэрэзу Мішкевіч. Асаблівая падзяка была выказана старасце вёскі Людміле Навіцкай.

У конкурсе на лепшы падворак перамаглі Браніслава Емельяновіч, Сяргей Грыгарцэвіч, Іосіф Навіцкі і Віктар Рэзчыкаў.

Напрыканцы свята ўсіх чакаў сюрпрыз – выступленне цыганскага ансамбля «Алюр».

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *