У Іванаве – горадзе памятных падзей і традыцый

Нумары Тэма тыдня

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Сёлета гасцей свята літаратуры, культуры і друку 2 верасня прыме горад Іванава Брэсцкай вобласці.

За час правядзення свята набыло агульнанацыянальны статус, стала значнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Асноўная ідэя гэтага мерапрыемства – беражлівае захаванне духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з цяперашнім днём, дэманстрацыя пастаяннага клопату дзяржавы аб духоўна-маральным развіцці грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай культуры і кнігавыдання.

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, асветы і кнігадрукавання. Упершыню ў 1994 годзе свята праходзіла ў г. Полацку. Затым яго сталіцамі былі Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Полацк (тройчы), Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў. Рашэннем нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства сталіцай свята ў 2018 годзе вызначаны горад Іванава.

Іванава размяшчаецца ў самым цэнтры Заходняга Палесся, дзе Беларусь мяжуе з Украінай. Гісторыя Іванава бярэ свой пачатак з XV стагоддзя. У 1423 годзе, як апавядаюць летапісныя крыніцы, Вялікі князь Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Вітаўт падараваў гэтае паселішча з прылеглымі да яго землямі кафедральнаму сабору ў Луцку.

На тэрыторыі сучаснага раёна і непасрэдна горада развіваліся многія гістарычныя падзеі. Так, у 1771 годзе ў гэтай мясцовасці дзейнічала руская армія пад камандаваннем А. В. Суворава. Не мінулі жыхароў горада і падзеі 1812 года. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915-1918 гадах тэрыторыя Іванаўшчыны была акупіравана германскімі войскамі, у 1921-1939 гг. уваходзіла ў састаў Польшчы, з восені 1939 г. – у састаў БССР. Другая сусветная вайна пакінула на гэтай зямлі страшны след. Насельніцтва раёна скарацілася больш чым у два разы. Вызвалены раён быў 16 ліпеня 1944 года. У 1965 годзе Іванава становіцца цэнтрам раёна. Цяпер гэта ўтульны, прыгожы гарадок з больш чым 15 тысячамі насельніцтва.

Багатае і насычанае падзеямі культурнае жыццё горада. Арганізацыяй культурнага адпачынку, развіццём мастацкай самадзейнасці займаецца Цэнтр культуры і народных традыцый. Асаблівай гордасцю ў сферы культуры раёна з’яўляецца больш за 20 калектываў, якія носяць званні народных і ўзорных.

Цікава, што ў Іванаве працуе школа бондарства – адзіная ў нашай краіне. Унікальнымі вырабамі сваіх рамеснікаў славіцца мястэчка Моталь. У Моталі захаваўся дом, дзе з’явіўся на свет будучы першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Ураджэнцам Іванаўшчыны з’яўляецца Напалеон Орда – выдатны мастак, музыкант, кампазітар. Цяпер у вёсцы Варанцэвічы, дзе знаходзіўся яго радавы маёнтак, створаны музейны комплекс. Вядомая далёка вёска Дастоева, гэта мясціна, дзе знаходзілася сядзіба Дастаеўскіх, род якіх падараваў свету вялікага пісьменніка. У раёне захаваліся ўнікальныя помнікі архітэктуры, у асноўным цэрквы, якія былі зроблены мясцовымі палескімі майстрамі поўнасцю з дрэва, без адзінага цвіка.

Штогод на святы беларускага пісьменства збіраюцца тысячы гасцей з усёй Беларусі і замежжа. Традыцыйна ў мерапрыемствах прымаюць удзел кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў. Праграма свята прадугледжвае правядзенне прэзентацый знакавых выдавецкіх праектаў, выступленні пісьменнікаў і паэтаў.

Састаўной часткай свята з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дорога к Святыням с Благодатным Огнем от Гроба Господнего». У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. І цяпер маршрут экспедыцыі пройдзе ад Мінска да Іванава.

Напярэдадні свята штогод праводзіцца Міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў. Тэма сёлетняй сустрэчы – «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Адбудзецца і навукова-практычная канферэнцыя «Іванаўскія чытанні», прысвечаныя гісторыі горада і раёна.

2 верасня ў г. Іванава пройдзе мерапрыемства адкрыцця памятнага знака, прысвечанага XXV юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. У цэнтральным парку адбудзецца мастацка-тэатралізаванае дзейства «Маёй радзіме пакланюся» і цырымонія ўручэння Нацыянальных літаратурных прэмій за лепшыя творы ў розных жанрах.

На вуліцах горада разгорнецца святочны гандаль, будуць працаваць «Фестываль кнігі і прэсы», пляцоўкі майстроў народнай творчасці, мастакоў, дзіцячыя гарадкі, выставачныя экспазіцыі музеяў і бібліятэк, наладжвацца выступленні творчых калектываў і іншыя мерапрыемствы.

На галоўнай сцэне горада пройдзе эстафета перадачы вымпела гораду Слоніму – сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2019 годзе.



Tagged

1 комментарий по теме “У Іванаве – горадзе памятных падзей і традыцый

  1. Так, у 1771 годзе ў гэтай мясцовасці дзейнічала руская армія пад камандаваннем А. В. Суворава? /// якая забівала іванацаў. Чаму не напісалі гэта?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *