Перад новым навучальным годам

Адукацыя Нумары

300818d

У нашым раёне новы навучальны год пачынаецца ў 49 установах адукацыі, спорту і турызму. Навучальны працэс будуць ажыццяўляць 879 педагогаў. За парты сядуць 4254 вучні, з іх 432 – першакласнікі.

 

У ПАКАЛЕННЯХ ВУЧНЯЎ – ЛЁС НАСТАЎНІЦЫ

Марыя Фенька – у ліку педагогаў раёна, якіх называюць залатым фондам сферы адукацыі. Настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, Марыя Аляксандраўна 30 гадоў працуе настаўніцай пачатковых класаў. Свае два выпускі яна зрабіла ў роднай Заямнаўскай школе. Цяперашні яе 3 «Д» клас стане чацвёртым выпускам у сярэдняй школе № 3, дзе яна зараз працуе.

У гэтым класе – 12 хлопчыкаў і 14 дзяўчынак. Марыя Аляксандраўна іх характарызуе як добрых, паспяховых дзяцей. Вялікую зацікаўленасць у тым, каб яны шмат чаго спасціглі за час вучобы ў пачатковай школе, маюць бацькі. Яны і сталі першымі памочнікамі настаўніцы: як добра, калі дзеці працуюць актыўна не толькі на ўроку, але і дома, тады і ёсць жаданы вынік.

Выпускнікі Марыі Фенька ўжо атрымалі прафесіі. Ёй прыемна, што Таццяна Гярцова таксама стала настаўніцай, працуе цяпер на пасадзе настаўніка псіхолага ў СШ № 3. Адзін выпускны яе клас – цяпер адзінаццаты, другі – сёмы. Марыя Аляксандраўна мае магчымасць прасачыць за лёсам сваіх выхаванцаў, мае магчымасць бачыць іх. Настаўніца гаворыць, што кожны вучань назаўсёды застаецца ў сэрцы. Работа з дзецьмі патрабуе любові да прафесіі. Менавіта гэта і дапамагае Марыі Фенька пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства, паспяваць за патрабаваннямі ў сферы адукацыі і быць на плыні хуткацечнага часу.

 

ДЛЯ ПРАЦЯГУ ПРАФЕСІІ ПЕДАГОГА

У бягучым годзе выпускнікам школ раёна былі выдадзены 7 накіраванняў на вучобу. На спецыяльнасці педагагічнай накіраванасці паступілі 26 выпускнікоў устаноў адукацыі раёна.

У гэтым ліку 38 працэнтаў складаюць выпускнікі педагагічнага класа сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы.

У 2018/2019 навучальным годзе ў СШ № 2 будуць працягваць працаваць педагагічныя класы.

 

НОВАЕ ЗАЎВАЖАНА

У інавацынай дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна павялічылася колькасць праектаў са статусам рэспубліканскай пляцоўкі да пяці. У дзвюх установах адукацыі арганізавана работа абласных педагагічных праектаў, у 12 – раённых.

Педагогі за мінулы навучальны год атрымалі 11 узнагарод рознага ўзроўню.

Лепшыя настаўнікі будуць адзначаны і на жнівеньскай канферэнцыі.

 

З ВЫСОКІМ РЭЙТЫНГАМ

У мінулым годзе 36 выпускнікоў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі атрымалі пасведчанне з адзнакай, на трэцяй ступені 21 выпускнік – атэстат асобага ўзору.

Узровень адукацыйнай падрыхтоўкі вучняў паказалі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Па выніках мінулага навучальнага года сярэдні бал выпускнікоў раёна склаў 41,5 пры абласным 45,7.

13 выпускнікоў раёна здалі цэнтралізаванае тэсціраванне з вынікам вышэй за 90 балаў. Вышэйшыя за абласныя і рэспубліканскія вынікі здачы ўступных экзаменаў па рускай, беларускай, нямецкай мовах, фізіцы.

У нашым раёне застаецца высокім працэнт паступлення выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы – 53,5.

 

УМЕННЕ ЗАРАБІЦЬ РУБЕЛЬ

Адукацыйныя ўстановы раёна скіраваны на актыўную работу па прыцягненні пазабюджэтных сродкаў для развіцця сваіх школ і дзіцячых садоў дадаткова да бюджэтнага фінансавання.

За шэсць месяцаў бягучага года план па пазабюджэтнай дзейнасці сферай адукацыі раёна выкананы на 104,5 працэнта. Платныя паслугі склалі 226,4 тыс. руб., з іх адукацыйныя – 102,2 тыс. руб. Прадаўжаецца ініцыятыўная дзейнасць педкалектываў у гэтым напрамку.

Пры падрыхтоўцы школ і дашкольных устаноў да новага навучальнага года спонсарскай і шэфскай дапамогі аказана на суму 65 тыс. руб.

 

У ЛЕТНІХ ЛАГЕРАХ

Завяршылі работу ўсе летнія аздараўленчыя лагеры.

У сёлетнім сезоне ў 37 школьных і стацыянарным лагерах аздаравіліся 1443 вучні.

Санаторныя школы на працягу мінулага навучальнага года наведалі 68 вучняў.

План дзіцячага аздараўлення з бюджэтнай падтрымкай за перыяд летняй аздараўленчай кампаніі ў нашым раёне выкананы на 101,3 працэнта.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

З ІНАВАЦЫЙНЫМ ПАДЫХОДАМ

Адукацыйнае асяроддзе нашай установы адукацыі фарміруе асобу педагога і навучэнца з улікам іх унутраных патрэб да самаадукацыі, самавызначэння, самасцвярджэння, падрыхтаванасці педагогаў і вучняў да эфектыўнага вырашэння вучэбных і выхаваўчых задач, псіхалагічнай гатоўнасці да творчасці.Таму з упэўненасцю можна сцвярджаць: адукацыйнае асяроддзе ўстановы адукацыі павінна быць інавацыйным. У нашай школе ўкараняюцца новыя тэхналогіі і методыкі выкладання, рэалізуюцца адукацыйныя і сацыяльныя праекты: інавацыйны праект «Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны»; пілотны праект «Электронная школа: электронны журнал/электронны дзённік»; школьны праект «Выкарыстанне медыятэхналогій у адукацыйным працэсе ўстановы адукацыі».

Адметнай асаблівасцю выхаваўчай прасторы з’яўляюцца: выхаваўчы праект шостага школьнага дня «Здароўе – гэта здорава»; дзейнасць клуба «Пунсовыя ветразі», які аб’яднаў старшакласнікаў і педагогаў трох суседніх школ – Старасвержанскай, Горкаўскай і Залужскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа; школьнае тэлебачанне «Мікс-ТВ»; дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах «Велатурызм», узорнага фальклорнага калектыву «Вясёлы падворак», народнай аматарскай студыі «Чароўная саломка».

Адукацыйныя і сацыяльныя праекты садзейнічаюць пастаяннаму самаўдасканаленню асобы ўпраўленца, педагога, вучня, бацькоў, творчай рэалізацыі задум, дасягненню высокіх сумесных вынікаў.

На працягу 2017/2018 навучальнага года творчая група педагогаў пазнаёмілася з вопытам работы па акрэсленай тэме інавацыйнага праекта калег школ рэспублікі: гімназіі № 14 г. Мінска, гімназіі № 3 г. Івацэвічы, гімназіі № 1 г. Дзятлава.

Важную ролю ў рэалізацыі інавацыйнага праекта адыгрывае работа музейнага пакоя і заняткі вучняў ў аб’яднанні па інтарэсах «Спадчына». З дапамогай музейнай педагогікі вучні далучаюцца да гісторыі адукацыі і культуры сваёй мясцовасці, да даследчай дзейнасці па вывучэнні роднай спадчыны. Выхаваўчая дзейнасць музейнага пакоя накіравана на фарміраванне ў падрастаючага пакалення пачуцця кроўнай сувязі з роднай зямлёй, на выхаванне міласэрнасці, клапатлівых адносін да састарэлых, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, нацыянальнай самасвядомасці і годнасці, любові да сваёй краіны, малой радзімы, дзе ты нарадзіўся і вырас. Экспазіцыі школьнага музейнага пакоя «Гісторыя Старасвержанскай адукацыі» і «Зямля бацькоў – зямля святая» патрабуюць пастаяннага абнаўлення і краязнаўчай дзейнасці.

У рэалізацыі праекта «Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчых кампетэнцый навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны» актыўна ўдзельнічаюць педагогі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Старасвержанскага цэнтра культуры і Старасвержанскай школы мастацтваў. Разам з педагогамі Старасвержанскай школы мастацтваў вучні паспяхова займаюцца фальклорам, вакальнымі і харавымі спевамі. Узорны фальклорны ансамбль»Вясёлы падворак» пад кіраўніцтвам настаўніка музыкі Н .І. Зубовіч дастойна прадстаўляе фальклорны напрамак нацыянальнай культуры, аб чым сведчаць дыплом удзельніка рэспубліканскага конкурсу харавой творчасці «Спяваем разам» і дыплом упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама ў конкурсе харавой творчасці «Спяваем разам».

Пад кіраўніцтвам бібліятэкара школы А. І. Гарановіч створана школьнае тэлебачанне. Вучні з задавальненнем прадстаўляюць цікавыя фільмы, прысвечаныя Году малой радзімы, падзеям Вялікай Айчыннай вайны, гістарычным падзеям Стаўбцоўшчыны, шаноўным людзям, перадавікам сельгаставарыства ААТ «Агранёманскі».

Заслугоўваюць увагі фільмы школьнага «Мікс-ТВ» «Вяртанне да вытокаў», прысвечаны Году малой радзімы, «Помнікі роднай Стаўбцоўшчыны» і «Мае родныя Стоўбцы» да 425-годдзя г. Стоўбцы. Каманда вучняў пад кіраўніцтвам А. І. Гарановіч прыняла ўдзел у рэспубліканскім інтэрнэт-праекце «Зямля пад белымі крыламі» і сярод 12 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь заняла другое месца за прадстаўлены вопыт работы па тэме інавацыйнага праекта.

Што аб’ядноўвае калектыў школы ў інавацыйнай творчай дзейнасці?

Любоў да Радзімы, да роднага краю, жаданне навучыцца слухаць і разумець адзін аднаго і дзейнічаць разам. Жаданне плённа працаваць на карысць школы, раёна, сваёй любімай Радзімы.

Ніна АЛЯШКЕВІЧ, дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *