Пяцьдзясят трэцяе жніво патомнага хлебароба

Главное

ГЕНАДЗЬ ЦВІРКА не адзін год з’яўляецца героем газетных публікацый. І не толькі ў раённай газеце, але і ў абласной, рэспубліканскіх. Адзін толькі такі факт чаго варты – у гэтым годзе Генадзь Адамавіч 53-ці раз удзельнічаў ва ўборцы збожжавых, у свае 72 гады працаваў на камбайне. Вынікі яго работы на Лідзе-1300 настолькі высокія, што Генадзь Цвірка занесены ў спіс перадавых камбайнераў вобласці і атрымаў запрашэнне прыняць удзел у абласной урачыстасці «Дажынкі».
Выклікае павагу тое, што Генадзь Адамавіч – сын сваёй зямлі: нарадзіўся і ўсё жыццё працуе на ёй. Ён з патомных хлебаробаў, у гэтай гаспадарцы працавалі і яго бацькі. А бацька Адам Мацвеевіч, які ва ўзросце 96 гадоў у мінулым годзе ў старасці добрай пакінуў зямное жыццё, працаваў у сына некалі памочнікам камбайнера.
Генадзь Цвірка ў ААТ «Агранёманскі» знаходзіцца на пасадзе начальніка вытворчага ўчастка, па-простаму можна сказаць – брыгадзір паляводчай брыгады. А падчас уборачнай штогод садзіцца за штурвал камбайна. І цяпер у кіраўніка падраздзялення важныя клопаты – закладка сіласу, уборка кукурузы, цукровых буракоў, пад’ём зябліва. На плошчы 690 гектараў з 1360, якія замацаваны за вытворчым участкам Генадзя Адамавіча, ужо пасеяны азімыя з вытрымліваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў. Дапамога кіраўніку вытворчага ўчастка не толькі яго высокі прафесіяналізм, любоў да сваёй работы, аўтарытэт сярод калег, кіраўніцтва і ўсіх землякоў, але і яго пазітыўны настрой, чаму можа павучыцца кожны малады чалавек.
Праца Генадзя Цвіркі ў сельскагаспадарчай вытворчасці адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Пашаны, медалямі. Ёсць у яго важкія ўзнагароды савецкага часу – залаты і сярэбраны медалі ВДНГ і іншыя адзнакі за высокія паказчыкі ў рабоце.
Такія патомныя хлебаробы, як Генадзь Цвірка, упрыгожаць абласную ўрачыстаць «Дажынкі-2018», яны – сапраўдны залаты фонд аграпрамысловага комплексу Міншчыны.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *