Кожнае зярнятка ўлічана і пойдзе ў справу

Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны Соцыум Факты, падзеi, людзi

Сёння вытворчыя магутнасці філіяла «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» ААТ «Мінскаблхлебапрадукт» загружаны на поўную магутнасць ураджаем 2018 года. У сховішчы засыпана 21,5 тысячы тон збожжа розных культур. Гэта дзяржзаказ, з якога будзе выпякацца хлеб, вырабляцца макарона, крупы, камбікармы. У засеках прадстаўлена ўсё, што вырошчваецца на нашых палетках. Кожнае зярнятка ўлічана і пойдзе ў справу.
Кантроль за захоўваннем збожжа ажыццяўляе ў тым ліку сучасная аўтаматызаваная сістэма, да якой падключаны ёмістасці агульнай вагой 10 тысяч тон. Астатняе захоўваецца ў складскіх памяшканнх. Яны далёка няновыя (у наступным годзе філіялу спаўняецца 80), але да прыёмкі новага ўраджаю ўсе адрамантаваны і прыведзены да належных патрабаванняў. Штодзень вытворчая лабараторыя адсочвае вільготнасць, тэмпературу захоўвання збожжа. Яе магчымасці дазваляюць выконваць практычна ўсе даследаванні у адносінах да культур зерневай групы, уключаючы і радыялагічны кантроль.
– За апошнія гады істотна змяніўся імідж прадпрыемства, – падкрэслівае яго дырэктар Мікалай ПУЛЯК. – У адміністрацыйным будынку выкананы сучасны рамонт. Добраўпарадкавана тэрыторыя ля яго, у тым ліку абсталявана аўтастаянка. Бытавыя ўмовы работнікаў палепшыліся. У іх карыстанні – камфортныя душавыя і туалеты, месца для курэння. Тэрыторыя аснашчана сістэмай відэаназірання. У 2015 годзе, пасля рэарганізацыі і далучэння прадпрыемства да УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў», у нас прайшла аптымізацыя. Калектыў зладжаны, сярэдні ўзрост работнікаў – 42 гады. Працуюць 30 чалавек. У штаце – электрыкі, слесары, грузчыкі, лабаранты…
– Мікалай Васільевіч, напружанасць уборачнай ужо адышла. З’явіліся выхадныя дні, рабочы дзень больш-менш нарміраваны. Можна перадыхнуць…
– У перыяд уборачнай работа вялася кругласутачна, без выхадных. За суткі прымалі каля 100 машын. Тэхніка прыбывала з Мінскага, Капыльскага, Дзяржынскага, Смалявіцкага раёнаў… 4,6 тысячы тон збожжа паступіла з нашага раёна. З прыёмкай не было затрымак, чэргаў. Не ўзнікала пытанняў і адносна якасці збожжа. Яно паступала сухое, даведзенае да пэўных кандыцый, таму факты вяртання не зафіксаваны. На выгрузку аўтамабіля дастаткова было 10-15 мінут.
Сапраўды, ужо можна перадыхнуць, аднак і сёння, і круглы год у нас назіраецца інтэнсіўны рух. Ідзе адгрузка вагонаў на галаўное прадпрыемства. Прымаем дабаўкі для вытворчасці камбікармоў. Гэтыя паслугі аказваем розным арганізацыям, яны карыстаюцца попытам. Шукаем магчымасці зарабіць і працаваць з прыбыткам, без даўгоў. Вядзём работу па энергазберажэнні.
– Якія паслугі, акрамя захоўвання збожжа, найбольш запатрабаваныя?
– Раней мы шмат захоўвалі ячменю піваварнага для заводаў «Крыніца» і «Аліварыя», а таксама Слуцкага, Маладзечанскага, Мінскага камбінатаў хлебапрадуктаў. Пасля рэарганізацыі сітуацыя крыху змянілася. Нашы магутнасці накіраваны ў першую чаргу на патрэбы Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў. Сёння камбінат захоўвае збожжа на многіх прадпрыемствах рэспублікі і, адпаведна, хацеў бы сабраць яго ў адным месцы. У планах 2019 года – увесці ў строй на нашым філіяле яшчэ чатыры ёмістасці з камп’ютарнай сістэмай кантролю агульнай вагой 10 тысяч тон. Пры наяўнасці сродкаў гэты праект будзе рэалізаваны і дазволіць эканоміць як нашы сродкі, так і сродкі галаўнога прадпрыемства.
Сярод запатрабаваных паслуг – узважванне на электронных, 60-тонных, вагах. Пяць гадоў таму на філіяле быў адкрыты фірменны магазін. У яго асартыменце прадстаўлена нехарчовая і харчовая прадукцыя, камбікармы ўсіх відаў, якія выпускае галаўное прадпрыемства. Камбікармоў штомесяц рэалізуем сельгаставарыствам, насельніцтву 500 і больш тон. Каб падтрымаць гаспадаркі свайго раёна, адпускаем у доўг. Праводзім узаемаразлікі збожжам, малаком, праз дагаворы пераводу доўгу на малочныя камбінаты.
– Як падтрымліваеце сваіх працаўнікоў?
– У магазіне для кожнага работніка, згодна з калектыўным дагаворам, прадугледжана магчымасць штодзённа бясплатна атаварвацца прадукцыяй уласнай вытворчасці на 1,5 рубля. За месяц набягае немалая сума. Канешне, імкнёмся да памеру той заработнай платы, які вызначаны Прэзідэнтам краіны. Нашы работнікі заслугоўваюць удзячнасці і павагі. Даўно працуюць у калектыве старшы вартаўнік Павел Яраховіч, майстар Анатоль Дубоўскі, прыбіральшчыца Лідзія Нагібовіч, электраманцёр Генадзь Барычэўскі. Добра зарэкамендавала сябе і моладзь. Так, вытворчую лабараторыю ўзначальвае малады спецыяліст Алеся Стасевіч. Яна працуе ў пары з вопытным лабарантам Надзеяй Мазурэнка, а ў перыяд уборкі ўраджаю ў калектыў лабараторыі былі ўзяты на дапамогу яшчэ трое студэнтаў. Калі вялася падрыхтоўка філіяла да прыёмкі новага ўраджаю, на сезонную работу былі працаўладкаваны дзесяць школьнікаў.
Сёння мы ўжо поўнасцю падрыхтаваны да работы ў асенне-зімовых умовах, атрымалі пашпарт гатоўнасці.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *