Дом, у якім пахне сырадоем

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

IMG_1090
Старшыню Шашкоўскага сельвыканкама Святлану Якаўлеву мы просім падказаць нам адрасы вясковых людзей, чымсьці адметных. І нас запрашаюць да гаспадыні, якая спраўляецца на дамашнім падворку з дзвюма каровамі. Цяперашнім часам гэта вялікая рэдкасць.
Тутэйшыя людзі, Іван і Святлана Радзіоны сваімі рукамі пабудавалі дом у Шашках і падтрымліваюць у ім, а таксама на падворку ідэальны парадак. А для гэтага патрэбен штодзённы догляд.
Іван Валянцінавіч працуе апаратчыкам на торфабрыкетным заводзе «Нёман», Святлана Іванаўна – тэхработніцай у мясцовым Доме культуры. Гэта па запісе ў працоўнай кніжцы, а яшчэ яна – актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, без яе не абыходзяцца канцэрты, гастрольныя выезды. Выдатная спявачка з’яўляецца членам народнага фальклорнага калектыву «Гарэзы». Да таго ж, яна дэкламуе на сцэне гумарыстычныя вершаваныя творы. У вёсцы Святлану Іванаўну паважаюць, любяць.
Жанчына расказвае, што кожны член сям’і дапамагае даглядаць кароў. Напрыклад, пяцікласнік Алег узяў на сябе абавязак прыганяць кароў з пашы. На бліжэйшых з іх домам вуліцах толькі пяць кароў. Гаспадары ў складчыну купілі электрапастух. Дзед Раінчык (па-вясковаму) – Міхаіл Іванавіч Кутас, сусед – навучыў Алега карыстацца электрапастухом, хлопец можа сам адключыць і падключыць сістэму. Старэйшы сын Аляксандр, які працуе ў Мінску, гатоў ранкам завезці матулю з малочнымі прадуктамі на Калгасны рынак. Малочніцу там чакаюць гараджане, якія заўсёды купляюць дамашнюю прадукцыю толькі ў яе.
Святлана Якаўлева нашы ўражанні падмацоўвае і сваёй характарыстыкай сям’і. Як кіраўнік мясцовай улады адрасуе Радзіонам самыя добрыя словы. І прыводзіць такую статыстыку. Калі яна заступіла на пасаду старшыні сельвыканкама ў 2003 годзе, на ўліку ў сельсавеце было 437 кароў ва ўласных гаспадарках. Цяпер аб’ядналі два сельсаветы – Шашкоўскі і Аталезскі. З усіх вёсак налічваецца толькі 80 дамашніх кароў. Маючы ўласны гаспадарскі погляд, старшыня дзеліцца і такім назіраннем: «У пачатку 2000-х гадоў кожны кавалачак сенажацяў і пустыроў быў абкошаны руплівымі гаспадарамі для нарыхтоўкі сена. А цяпер куды ні глянь – усюды трэба абкасіць, каб падтрымліваць парадак у адпаведнасці з усімі прад’яўленымі патрабаваннямі».
З поўным правам можна сказаць, што Святлана Радзіон – вясковая жанчына, адметная сваёй працавітасцю і талентам.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *