Плантацию из 41 тыквы вырастила 85-летняя жительница Столбцов

Главное

IMG_3088 копия

На гарадскім падворку рупная гаспадыня Ніна Ермаковіч сумела вырасціць плантацыю гарбузоў. Ды якіх! Па яе падліках, некаторыя будуць важыць не менш за 40 кілаграмаў. Яна пасадзіла сем каліў, а вырас з іх 41 гарбуз! Ніна Іванаўна кажа, што ёй столькі ўраджаю не патрэбна, але, каб аздаравіць зямлю, змяніць севазварот, яна садзіць штогод на новым месцы вялікую плошчу гарбузоў, якія не патрабуюць асаблівага догляду. Нас уражвае, што Ніна Іванаўна, якой ужо 85 гадоў, вырошчвае на сваім участку ўсе агароднінныя культуры. Па спецыяльнасці яна повар. Доўгі час працавала ў аддзеле грамадскага харчавання райспажыўтаварыства: у сталовай райцэнтра, 18 гадоў – у сталовай вёскі Скамарошкі, якая таксама была ў ведамстве спажывецкай кааперацыі. У дзень рыхтавала да 700 абедаў для механізатараў, выпякала да дзвюх тысяч піражкоў – для патрэб сталовай і ўсяго горада. Гэтыя навыкі ёй вельмі спатрэбіліся, калі стала апекуном сірот. Яна выгадавала сваіх дваіх унукаў, узяўшы аб іх клопат, калі яны былі яшчэ груднымі, і траіх сірот з дома-інтэрната, якія прыязджалі да яе на кожныя канікулы як у патранатную сям’ю. Дзецям штодзень быў смачны пачастунак – бабуліны піражкі, аладкі. Цяпер усе яе падапечныя дарослыя. Сёстры-цыганачкі з дома-інтэрната добра выйшлі замуж, нарадзілі Ніне Іванаўне ўнукаў, з імі яна працягвае падтрымліваць сувязі, як з роднымі. І свае кроўныя ўнукі сталі паспяховымі, маюць сваё жыллё, у Ніны Іванаўны ёсць ужо і праўнукі. За ўсіх іх яна моліцца сваім вялікім мацярынскім сэрцам. Доўгі час была пеўчай Стаўбцоўскага Свята-Аннінскага храма. А цяпер ужо цяжка ёй падымацца на хоры па крутой царкоўнай лесвіцы. Ніна Іванаўна моліцца, дзякуе Усявышняму за міласці да яе. А гарбузамі, кажа, магла б падзяліцца. Яны прэзентабельна ўпрыгожаць любую восеньскую выставу дароў прыроды. Святлана ЖЫБУЛЬ Фота Васіля ЗЯНЬКО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *