Да кожнага адрасата

Эканомiка

IMG_162156
«Пошта на колах» не пакіне вёску, пакуль не будуць абслужаны ўсе кліенты
– У Апечках па графіку мы павінны быць гадзіну, але апошні раз затрымаліся амаль на дзве з паловай. Было шмат кліентаў. Абслужылі ўсіх і потым паехалі далей па маршруце, – падкрэслівае начальнік перасоўнага аддзялення паштовай сувязі № 2 Наталля Скачко.
У паштовым экіпажы – і вадзіцель Юрый Харуцкі. На пошце ён сем гадоў, а ўвогуле мае за плячыма вадзіцельскі стаж паўтара дзясятка гадоў.
Абое – маладыя і ўсмешлівыя, адразу выклікаюць сімпатыю. Разам яны пачыналі працаваць чатыры гады таму, калі перасоўнае аддзяленне было створана. Наталля да гэтага ўзначальвала аддзяленне паштовай сувязі ў Мархачоўшчыне. Калі аддзяленне было закрыта, ёй прапанавалі перайсці на перасоўнае аддзяленне. Яна, між іншым, мае дзве профільныя адукацыі – сярэднюю спецыяльную і вышэйшую. Закончыла Акадэмію сувязі і атрымала дыплом эканаміста-маркетолага. Як кажуць, з работай на перасоўным аддзяленні ўсе магчымасці дадзены ёй у рукі – рэкламуй, набліжай паслугі, рабі іх зразумелымі і даступнымі для людзей. Своеасаблівы бонус у тым, што паштовы экіпаж добра ведае кожнага свайго кліента і, калі трэба, Юрый гатовы паднесці бабульцы яе пакупку да самага парога.
Наталля – маладая матуля, тры месяцы таму выйшла з дэкрэтнага адпачынку. За работу ўзялася з асаблівым імпэтам. Сваю дачушку Карыну аддала ў дзіцячы сад. Муж выручае, калі жонка затрымліваецца на рабоце.
А затрымлівацца паштоваму экіпажу прыходзіцца нярэдка. Асабліва гарачыя дні, калі ідзе выдача пенсій, афармленне падпіскі на перыядычныя выданні. У суботнія дні шмат кліентаў. Сярод іх не толькі вяскоўцы, але і дачнікі. За дзень экіпаж аб’язджае не менш за два дзясяткі вёсак, не забываючы пра закінутыя ў пушчанскіх прасторах хутары. Тут паштавікоў таксама чакаюць. Канечны пункт – Кляцішча, у сувязі з чым можна гаварыць пра абслугоўванне гэтым перасоўным аддзяленнем аднаго з самых аддаленых на Стаўбцоўшчыне маршрутаў.
– Што запатрабавана вяскоўцамі? – цікавімся ў Наталлі і Юрыя.
– Мы аказваем усе віды паслуг – ад паштовых да гандлёвых, і яны карыстаюцца попытам. Нашы кліенты робяць адпраўленні лінейкі «Камфорт» і экспрэс-адпраўленні. Набываюць віншавальныя паштоўкі. Цяпер добра ідзе падпіска на перыядычныя выданні, – пералічваюць мае суразмоўцы.
На верасень яны аформілі вяскоўцам падпіску на 225 экзэмпляраў «Праменя» – і за гэта паштоваму экіпажу асаблівая падзяка ад рэдакцыі раённай газеты.
З Наталляй Скачко і Юрыем Харуцкім мы размаўляем раніцай, перад іх выездам на маршрут. Час абмежаваны, а клопатаў у іх нямала: неабходна забраць газеты, пасылкі, пісьмы і пераводы, загрузіць тавар. Фургон аўтамабіля УАЗ невялікі, таму важна ўпакаваць усё. Цукар, камбікармы ў мяхах – хадавая прадукцыя, але і буйнагабарытная. «Затое ў аўтамабілі ўся камп’ютарная тэхніка працуе аўтаномна, ад акумулятара», – не можа не пахваліць сваю тэхніку вадзіцель.
Перасоўнае аддзяленне аснашчана камп’ютарам, прынтарам, тэрміналам, счытвальнікам, што дае магчымасць кліентам разлічвацца ў тым ліку і зручным безнаяўным спосабам. Сярэднямесячны тавараабарот у гэтага экіпажа дасягае пяці тысяч рублёў.
Задаём Наталлі і Юрыю яшчэ адно пытанне:
– Людзі ідуць да вас – значыць, задаволены вашай работай. Што для вас самае складанае?
– Прыемна, што мы знаходзім падыход да кожнага кліента. Працуем без скаргаў, нам кажуць «дзякуй», – амаль у адзін голас адзначаюць паштавікі. – А найбольшая цяжкасць – гэта пераадоленне дарогі. Маршрут праходзіць пераважна па гравійнай дарозе. Зімой па ёй няпроста дабірацца. Цяпер – свае складанасці. Праедзеш ад вёскі да вёскі – і ўвесь у пыле…
Але моладзь не баіцца цяжкасцяў. Гэта пацвердзіла і намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух, якая вельмі добра выказвалася пра згаданае перасоўнае аддзяленне. Ад сябе дададзім, што не баіццца моладзь і самастойнасці, таму што пошта на колах – гэта не толькі абслугоўванне кліентаў, а і вырашэнне шматлікіх іншых пытанняў. Да прыкладу, спраўнасць аўтамабіля ў дарозе, здача выручкі, апрацоўка інфармацыі, падрыхтоўка справаздач і – нават уборка аўтамабіля. Усё гэта экіпаж робіць сам і за ўсё нясе адказнасць.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *