Працаваць для людзей і ў імя людзей!

Афіцыйна

Чацвёртага верасня адбылася пазачарговая шостая сесія Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання.
На парадак дня было вынесена пытанне аб зацвярджэнні старшыні Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта.
Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка прадставіў кандыдатуру першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзяніса Колясеня на пасаду старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама. А. М. Ісачанка адзначыў: «Стаўбцоўскі раён адносіцца да ліку сельскагаспадарчых. Юрый Горлаў кіраваў раёнам больш за чатыры гады. За гэты перыяд рэгіён выведзены на перадавыя пазіцыі па ўсіх напрамках дзейнасці. Дзелавыя і прафесійныя якасці дазволілі разгледзець яго кандыдатуру для назначэння кіраўніком іншага, больш буйнога, рэгіёна – Маладзечанскага раёна. Горлаў ужо зацверджаны старшынёй Маладзечанскага райвыканкама. Пры падборы кандыдатуры на пасаду старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Мінскі аблвыканкам прапанаваў кандыдатуру Дзяніса Колясеня, першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. 31 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на гэтае назначэнне…» Старшыня Мінскага аблвыканкама перад Дзянісам Колясенем, дэпутатамі, кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў паставіў канкрэтныя задачы па далейшым развіцці Стаўбцоўскага рэгіёна і прапанаваў падтрымаць кандыдатуру Д. С. Колясеня і зацвердзіць старшынёй райвыканкама.
Дэпутаты Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў Рамуальда Бурдукевіч, Аркадзь Казякоўскі таксама звярнуліся да дэпутацкага корпуса з прапановай падтрымаць кандыдатуру Д. С. Колясеня на пасаду старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама.
На падставе арт. 17 і 46 Закона Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2010 «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», распараджэннем старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 31.08.2018 № 245 рк, па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Стаўбцоўскі раённы Савет дэпутатаў зацвердзіў Дзяніса Колясеня на пасаду старшыні Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта.
Анатоль Ісачанка ўручыў Дзянісу Сяргеевічу пасведчанне старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама і павіншаваў з назначэннем. Таксама Анатоль Ісачанка падзякаваў за работу ўжо былому старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву, які звярнуўся да дэпутатаў і кіраўнікоў: «Я ўдзячны лёсу, што ён мяне звязаў са Стаўбцоўшчынай, якая для мяне стала малой радзімай… Дзякуй усім за сумесную працу».
Дзяніс Колясень у інтэрв’ю журналістам акрэсліў першачарговыя задачы, якія яму бачацца на новай пасадзе: «У першую чаргу трэба звяртаць увагу на людзей, іх дабрабыт, зарплату і працаўладкаванне. Я працую ў камандзе Стаўбцоўскага райвыканкама не першы год. У Стоўбцах закладзены трывалы фундамент ва ўсіх сферах эканомікі, які патрэбна і далей развіваць: і прамысловасць, і сельскую гаспадарку, і сацыяльную сферу. Кіраўнікам патрэбна працаваць над сабой, каб захаваць і прымножыць дасягнутыя вынікі. Будзем працаваць рознабакова. У нас ёсць задачы, над якімі мы будзем працаваць і якія будзем вырашаць сумесна з кіраўніцкім корпусам рэгіёна».
Нэлі АСТРЭЙКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *