Варта станоўчай адзнакі

Нумары Спорт

Футбалісты каманды «Нёман-Агра» прайгралі «Руху» з Брэста. Аднак жа, здаецца, выступленне калектыву можна ацаніць станоўча.
Нагадаем, што ФК «Рух» – безумоўны лідар першынства Беларусі ў другой лізе. Да згаданай сустрэчы са стаўбчанамі на рахунку брэстчан было 50 ачкоў, 16 перамог і толькі дзве нічые, 69 праведзеных галоў у вароты сапернікаў. Пасля дзевятнаццатага тура рахунак выглядае так: 53 ачкі і 70 забітых мячоў. Але ж гаспадары поля маглі і страціць яшчэ два ачкі…
Цяжка было ўгадаць, з якім настроем выйдуць нашы нёманцы на сустрэчу з лідарам. У мінулым туры ўступілі суседзям з Узды з непрыемным лікам – 0:6. А новы сапернік яшчэ больш высокі класам. Брэст увогуле прэтэндуе на званне футбольнай сталіцы Беларусі. Праўда, сёлета наўрад ці мясцоваму клубу «Дынама» ўдасца заняць прызавое месца, пакуль ён месціцца ў сярэдзіне турнірнай табліцы чэмпіянату рэспублікі ў вышэйшай лізе. Але ж такі гучны і перспектыўны піяр! Нават Дыега Марадона, прызнаны адным з лепшых футбалістаў свету, цяпер у складзе кіраўніцтва ФК «Дынама» (Брэст). Зразумела, што «Рух», сёлета ўпершыню заяўлены для выступлення ў другой лізе беларускага футбола, мае багатыя магчымасці для камплектавання саставу і, што не менш важна, фінансавыя гарантыі. Таму і ясны маршрут брэстчан для пераходу ў больш моцны клас – першую лігу.
Можа брэстчане і недаацанілі сапернікаў, але найперш дала знак рашучасць стаўбчан. Варатар «Нёмана-Агра» Нятрэба, абаронцы – Сукала (капітан каманды), Туміловіч, Стомаль, Макась – стрымлівалі наступы «Руха». Ім рашуча дапамагалі і падтрымлівалі атаку нёманцаў паўабаронцы Шуцько, Петрашкевіч, Паляшчук, Маргун. Каля варот сапернікаў шукалі свой шанц нападаючыя Даўбейка і Дубовік. Сваё старанне праявілі і маладыя Рудзянок і Бычынскі, якія выйшлі на замену.
І літаральна да апошняй хвіліны паядынку на табло значыліся нулі, нікому з сапернікаў не ўдавалася адкрыць лік. Аднак на апошняй, дзевяностай, хвіліне націск гасцей закончыўся трапным ударам нападаючага Марозава. 1:0 – перамога каманды «Рух».
Для нашых жа футбалістаў, якія так упарта трымаліся, – крыўднае паражэнне. У турнірнай табліцы страчана яшчэ адна пазіцыя – каманда «Нёман-Агра» перамясцілася з дзявятага месца на дзясятае. І наперадзе няпросты паядынак з камандай «Крумкачы», якая займае другое месца, адстае ад «Руха» на тры ачкі. Але калі нашы выйдуць зноў на поле з такім баявым настроем, то поспех і ў чарговай, і ў наступных сустрэчах стане рэальным.
Ф. БАНДАРОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *