«Бальнічны» – гэта пра студатрад

Медыцына Нумары

IMG_1375
Завяршыў сваю работу студэнцкі сэрвісны атрад на базе цэнтральнай раённай бальніцы. «Імпульс», як і два папярэднія атрады, пакідае пасля сябе станоўча зараджаны след.
У гэтым мы пераканаліся, калі завіталі ў стаўбцоўскую паліклініку, дзе школьная і студэнцкая моладзь шчыравала на пасадах медрэгістратараў, санітарак, прыбіральшчыкаў тэрыторыі. Каму няма 16-ці, былі заняты няпоўны рабочы дзень. Іх работу не назавеш лёгкай, але са сваімі абавязкамі студатрадаўцы спраўляліся.
IMG_1382
– Моладзь старанная, працавітая. Умее сябе паводзіць, – пацвердзіла старшая медсястра паліклінікі Людміла Хвясевіч.
Сезонных памочнікаў прынялі ў калектыве медыкаў з прыязнасцю, стварылі для іх належныя ўмовы працы. Дапамаглі не толькі асвоіцца, а і падбадзёрылі. «Цяжка было толькі першы дзень», – жартуюць члены «Імпульса». Ім да твару ўсмешка, а таксама беласнежнае спецадзенне, падагнанае да тоненькіх дзявочых фігурак.
У райцэнтры студатрады на базе ЦРБ пачалі працаваць упершыню за многія гады.
– На нашу прапанову з ахвотай адгукнулася галоўны ўрач бальніцы С. З. Глебка. Быў заключаны дагавор і сфарміраваны тры студэнцкія сэрвісныя атрады. Кожны дзейнічаў на працягу дзесяці дзён. Жадаючых трапіць у іх аказалася нямала. Першы атрад пачаў работу 23 ліпеня. Такім чынам, атрымалі працаўладкаванне 23 старшакласнікі гарадскіх школ, студэнты, – зазначае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.
У рэгістратуры нас сустрэла медрэгістратар і камандзір атрада «Імпульс» Дзіяна Шуцько. Дзіяна – не навічок у студатрадаўскім руху. Была камандзірам і першага атрада на базе ЦРБ. Яна – будучы медык. Займаецца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы і ўжо ў наступным годзе атрымае дыплом фельчара. У студэнткі, былой выпускніцы СШ № 2 г. Стоўбцы, былі канікулы.
– Вольнага часу дастаткова. Чаму б не папрацаваць? – даводзіла Дзіяна. Як і больш вопытныя работнікі рэгістратуры, яна старалася абслугоўваць наведвальнікаў хутка. Раніца – самы напружаны час у медрэгістратараў. «Чым магу вам дапамагчы?» – першай звярнулася Дзіяна да пажылой жанчыны з чаргі. У гэтым – і праяўленне павагі, увагі да старэйшага пакалення, і, так бы мовіць, індывідуальны падыход.
Не губляла часу і яе калега, член атрада Ульяна Асаёнак. З карткай пацыента яна не пайшла, а пабегла ў адзін з урачэбных кабінетаў. У гэтым – Ульянін характар. Заяўку ў студэнцкі атрад яна напісала яшчэ вясной, калі супрацоўнікі раённага камітэта БРСМ наведвалі СШ № 3. А пакуль чакала варыянтаў, на пачатку лета індывідуальна працаўладкавалася прыбіральшчыкам службовых памяшканняў у тэрытарыяльны цэнтр. Адпрацавала там месяц. «Зарабіла грошай, паспела і адпачыць», – па-даросламу разважае дзяўчына. У яе шматдзетнай сям’і ўсе прывычныя да працы.
У «Імпульсе» працавала і адзінаццацікласніца Паліна Міткевіч. Яна была ў першым атрадзе і без ваганняў згадзілася быць і членам трэцяга, калі адна з заяўніц у апошні момант адмовілася. Абодва разы выконвала работу санітаркі ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні. «Мне было лёгка, таму што дапамагала пастаянная работніца – Л. У. Сайкоўская», – гаворыць Паліна. Дзеліцца, што заробленае ў студатрадзе хоча патраціць на набыццё новага камп’ютара.
Разам трымаюцца дзве сяброўкі – дзесяцікласніцы Аліна Вільнявец і Марыя Булаш. Неразлучныя яны і ў працы. «Праціраць пыл – справа манатонная, але разам нам не сумна», – шчабечуць дзяўчаткі.
IMG_1386
У атрадзе працавалі і двое хлопцаў – Андрэй Руперт і Павел Хвасько. Іх накіравалі на правядзенне рамонтных работ у Цясноўскую амбулаторыю. Да мужчынскай працы хлопцы падрыхтаваныя, ды і прыходзяць адзін аднаму на выручку, калі што. Пасля работы ў студатрадзе Андрэй прыступае да заняткаў у каледжы, а Павел, сёлетні выпускнік СШ № 3, пачынае студэнцкае жыццё ў ВНУ.
Настрой у членаў студатрада ўжо сапраўды нялетні. Пачынаецца новы навучальны год. Яны падкрэсліваюць, што «Імпульс» стаў для іх жыццёвай навукай, крокам да будучага выбару прафесіі. І сапраўды, прыкладам служыць камандзір другога сэрвіснага студатрада Анастасія Шышло. Паспрабаваўшы сябе медрэгістратарам, яна выбрала прафесію медыка – паступіла сёлета ў Віцебскі медуніверсітэт.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *