Рэагаванне і ўзаемаабмен

Афіцыйна Нумары

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях раённага выканаўчага камітэта. На ім разгледжаны актуальныя пытанні дня.З улікам новага указа Прэзідэнта краіны змяняецца парадак работы з закінутымі пабудовамі.
– Пакуль ідзе вывучэнне гэтага дакумента, у бліжэйшы час будзе адпрацавана методыка дзеянняў органаў улады, праведзена нарада са старшынямі сельвыканкамаў, – зазначыў старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр ЦЫВАКА.
У святле новых заканадаўчых актаў звернута ўвага на яшчэ адзін важны нюанс, які павінны своечасова давесці да людзей сельвыканкамы: можна будаваць толькі на падставе дазвольных дакументаў. І першы дакумент, які павінен быць на руках, – дазвол з адводам зямельнага ўчастка, інакш любы аб’ект на ім прызнаецца самавольным і падлягае зносу.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын прапанаваў сельвыканкамам правесці дадатковае абследаванне закінутых, струхлелых і аварыйных пабудоў у сельскіх населеных пунктах, якія ўяўляюць пагрозу і могуць стаць прычынай пажару. Іх задача – прыняць меры па абмежаванні доступу да такіх пабудоў, а таксама інфармаваць РАНС у выпадку правядзення там якіх-небудзь работ. Не так даўно ў цэнтр аператыўна-дыспетчарскага кіравання паступіў сігнал аб загаранні пустуючага дома на тэрыторыі Старасвержанскага сельсавета, што выклікала адпаведныя меры рэагавання, а ў выніку гэта аказалася не пажарам, а планавай ліквідацыяй будынка.
На першы план, звяртаючы ўвагу на каляндар, выходзіць падрыхтоўка суб’ектаў гаспадарання да ацяпляльнага перыяду. З інфармацыяй выступіў кіраўнік энергаінспекцыі МРА «Энерганагляд» Віктар Шлапкоў. Пашпарты гатоўнасці не атрымалі філіял ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ЗАТ «Стаўбцоўскае аграпрамэнерга», турбаза «Высокі бераг», сем дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў.
– Праблема бачыцца адносна філіяла маторнага завода, турбазы. Філіялам ММЗ пакуль не падрыхтаваны да зімы цеплакрыніцы (а гэта адзіны пастаўшчык цяпла гораду), не гатовы філіял і як спажывец цяпла, – заўважае Віктар Шлапкоў. – Астатнія суб’екты гаспадарання, якія не атрымалі пашпарты гатоўнасці, рыхтуюцца. Абследуем іх. Са свайго боку імкнёмся не зацягваць працэс рэгістрацыі пашпартоў. Бывае такое, што суб’екты гаспадарання прадстаўляюць дакументы на рэгістрацыю, а самі яшчэ не гатовы, – акцэнтуе ўвагу Віктар Шлапкоў.
У ходзе падрыхтоўкі да зімы канкрэтныя ўказанні дадзены кіраўнікам дарожных арганізацый, аб’яднання камунальных службаў па нарыхтоўцы пясчана-салянай сумесі, падрыхтоўцы тэхнікі да работы ў зімовых умовах.
Валерый Ілюшын выказаў заклапочанасць ростам пажараў. На даны момант у раёне зарэгістравана 49 пажараў (за ўвесь 2017 год – 44), у іх двое чалавек загінулі. Каля 70 працэнтаў пажараў у раёне прыходзіцца на гаспадарчыя пабудовы грамадзян. У сувязі з гэтым сельвыканкамам неабходна актывізаваць работу сваіх аглядавых камісій, мэта якіх – узаемаабмен інфармацыяй з пажарнай службай, энерганаглядам і іншымі суб’ектамі прафілактыкі. У сельскай мясцовасці пройдуць сходы па пытаннях пажарнай дзейнасці.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *