Подростки в нашем районе стали хулиганить в пять раз чаще

Важное

У раёне ў бягучым годзе назіраецца рост падлеткавай злачыннасці, што не можа не выклікаць трывогу. Абмеркаванню гэтага пытання было прысвечана адно з апошніх пасяджэнняў раённай камісіі па справах непаўналетніх. Праходзіла яно з удзелам памочніка пракурора раёна Яўгена Асосава.
Старшыня раённай камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая звярнула ўвагу на мэтанакіраваную работу, якая праводзіцца з непаўналетнімі раёна, у тым ліку ў летні перыяд. Станоўчая тэндэнцыя – не дапушчана падчас летніх канікулаў учынення злачынстваў непаўналетнімі. Да 1-га кастрычніка працягваецца дзеянне міжведамаснай праграмы «Клопат», і ў рамках праграмы ўсе суб’екты прафілактыкі працуюць згодна з планам мерапрыемстваў.
Намеснік старшыні раённай камісіі Наталля Хвасько пазнаёміла з вынікамі абласной праверкі па пытаннях комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Парушэнняў не выяўлена, а сярод напрацовак адзначаны максімальны ахоп падлеткаў рознымі формамі занятасці, у тым ліку такімі, як, да прыкладу, праца ў студэнцкіх атрадах. Некаторыя з гэтых падлеткаў паступілі сёлета ў ліцэі і каледжы, будуць пражываць за межамі раёна, таму комплексныя рэабілітацыйныя праграмы ў адносінах да іх будуць накіраваны па месцы вучобы.
Разам з тым, за восем месяцаў бягучага года вырасла з дзевяці да адзінаццаці ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі або з іх удзелам.

– Калі аналізаваць гэтыя злачынствы ў разрэзе цяжкіх і асабліва цяжкіх, якія ўчынены менавіта школьнікамі, у стане алкагольнага ап’янення, падлеткамі з судзімасцю і т. п., – то рост назіраецца па большасці паказчыкаў, – зазначыў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч. – Пяць злачынстваў сярод зарэгістраваных – хуліганствы (летась такі факт быў адзінкавы). Тры хуліганствы ўчынены непаўналетнімі ў стане алкагольнага ап’янення. Сярод месцаў учынення злачынстваў фігурыруюць Стоўбцы, а таксама сельскія населеныя пункты Заямнаўскага, Старасвержанскага, Вішнявецкага сельсаветаў.

Падлеткавая злачыннасць прыходзіцца, як правіла, на перадвыхадныя і выхадныя дні тыдня. Назіраецца і рост адміністрацыйных правапарушэнняў, хоць адміністрацыйны рэсурс, асабліва ў сувязі з ужываннем падлеткамі спіртных напіткаў, пакуль застаецца практычна нявыкарыстаным. Варта адзначыць, што значна павялічылася, да 63-х фактаў, колькасць матэрыялаў у дачыненні да дарослых, якія ўцягвалі непаўналетніх у антыграмадскія дзеянні шляхам набыцця спіртнога ці сумеснага распівання.

У жніўні ў міліцыю паступіў трывожны сігнал аб знікненні без вестак непаўналетняй жыхаркі раёна. Гэтую дзяўчыну міліцыя шукае ўжо не першы раз. На гэты раз знайшлі яе, як заўсёды, у горадзе Мінску. Сям’я ў жніўні 2017 года пераехала са сталіцы ў наш раён. Па згаданым факце паводзіны дзяўчыны разгледжаны на раённай камісіі па справах непаўналетніх. З ёю вядзецца прафілактычная работа, каб у далейшым не дапускаць фактаў бадзяжніцтва. Сёлета яна паступіла вучыцца ў ліцэй.
Акрамя таго, узбуджана дзевяць крымінальных спраў супраць палавой недатыкальнасці, у якіх непаўналетні прызнаны пацярпелым. Размова ідзе пра распусныя дзеянні і распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў.

Усё гэта сведчыць аб тым, што прафілактычная работа як з непаўналетнімі, так і з педкалектывамі праводзіцца суб’ектамі прафілактыкі на недастатковым узроўні. У праекце рашэння, прынятага раённай камісіяй па справах непаўналетніх, прапісана, што ў новым навучальным годзе неабходна актывізаваць прафілактычную работу, найбольш увагі надаўшы слабым і праблемным напрамкам. У бліжэйшы час запланавана правядзенне маніторынгу занятасці школьнікаў у гуртках і секцыях на базе школ і ўстаноў культуры па месцы жыхарства.

Таксама варта заклікаць бацькоў да актыўнай выхаваўчай работы са сваімі дзецьмі. Толькі апрануць іх і сабраць партфель у школу, забяспечыць сродкамі на кішэнныя расходы – гэтага мала. Трэба ўдзельнічаць у жыцці дзяцей, ладзіць з імі агульныя справы, развіваць сямейныя традыцыі, выхоўваць асабістым прыкладам. Гэта штодзённая праца. Супрацоўнікі міліцыі падзяліліся назіраннямі: падчас выступленняў на бацькоўскіх сходах яны прыводзяць канкрэтныя факты, якія здарыліся не дзе-небудзь там, у іншым горадзе ці іншай краіне, а ў нашым раёне, з нашымі падлеткамі, і рэакцыя многіх бацькоў на гэтую інфармацыю – шок. Маўляў, у нас такога не можа быць. Таму цікаўцеся жыццём сваіх дзяцей, не пакідайце без увагі іх праблемы і, зразумела, не губляйце пільнасці!
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *