Оперупаўнаважаны

Эканомiка

Да 100-годдзя службы крымінальнага вышуку
IMG_1609
Крымінальны вышук – падраздзяленне міліцыі, якое было, ёсць і будзе на пярэднім краі барацьбы са злачыннасцю. Здаўна так павялося, што ў аддзяленні крымінальнага вышуку нясуць службу самыя кваліфікаваныя і аўтарытэтныя кадры.
Пацвярджэннем гэтага можа быць Часлаў Гарэлік, у нядаўнім мінулым – старшы оперупаўнаважаны. Сёння ён у адстаўцы, але па-ранейшаму запатрабаваны: працуе ў ваенізаванай ахове воінскай часці ў Наваколасаве. Яго службовая біяграфія ўтрымлівае нямала характэрных адметнасцяў, якія падкрэсліваюць значны асабісты ўклад у гісторыю і развіццё крымінальнага вышуку. Да прыкладу, Часлава Баляслававіча не раз прызнавалі лепшым участковым інспектарам Мінскай вобласці, лепшым оперупаўнаважаным Мінскай вобласці на падставе конкурсаў прафесійнага майстэрства.
Ён завочна закончыў каледж па спецыяльнасці «правазнаўства» і адрозніваўся імкненнем да дасканалага ведання заканадаўства, інтуіцыяй. У яго характары – уседлівасць, «дакопванне» да кожнага юрыдычнага нюансу. Расследаванне крымінальнай справы – гэта цяжкая інтэлектуальная праца, творчы працэс, які не прызнае выхадных, святочных дзён… Калі яшчэ не было пад рукой інтэрнэта як крыніцы інфармацыі, ён хадзіў па юрыдычную літаратуру ў бібліятэку, набываў яе ў магазіне. Такім чынам, дома стварыў сваю бібліятэку з розных кодэксаў і каментарыяў да іх. Са школы займаўся лёгкай атлетыкай. Добра страляў. І, адпаведна, райаддзел прадстаўляў на турнірах па стральбе. У 2014 годзе атрымаў першы разрад па стральбе.
– На шчасце, прымяняць зброю ў рабоце не прыйшлося. А ў мяне – 25 гадоў службы ў райаддзеле міліцыі, з іх восем апошніх – у аддзяленні крымінальнага вышуку. Пачынаў пасля службы ў арміі, з малодшага сяржанта. Служба ніколі не была лёгкай, – прызнаецца Часлаў Гарэлік.
Адметна, што яго армейская служба праходзіла ў Мінску, у танкавых войсках. Вярнуўся дамоў, у сваю Хатоўку, а следам прыйшло пісьмо з запрашэннем на працу ў Ленінскі РАУС г. Мінска. Бацька Часлава Баляслававіча слушна разважыў: навошта сталіца, калі працаваць можна і ў міліцыі свайго раёна. У райаддзеле міліцыі тады служыў інспектарам па дазвольнай рабоце бацькаў пляменнік (Часлава Баляслававіча стрыечны брат). Якраз была на той момант і вакансія.
А самым цяжкім для Часлава Гарэліка быў 2006 год, так бы мовіць, пераходны ў яго службовай дзейнасці, калі кіраўніцтва райаддзела міліцыі прызначыла на афіцэрскую пасаду. Не менш за паўгода асвойваўся, вучыўся.
– Не шкадую, што звязаў жыццё з міліцыяй. Тут прайшлі мае лепшыя гады, – сцвярджае Часлаў Гарэлік, бадай, адзін з самых маладых ветэранаў стаўбцоўскай міліцыі. Да выхаду ў адстаўку ён быў настаўнікам для аднаго з маладых калег, леташняга выпускніка Акадэміі міліцыі Максіма Нагорнага. Па-бацькоўску перадаваў яму Часлаў Баляслававіч самае неабходнае: уменне размаўляць з людзьмі, збіраць рэчавыя доказы, працэсуальныя тонкасці ў афармленні матэрыялаў.
Час ідзе непрыкметна, змяняюцца пакаленні, а прафесійныя спецыялісты пакідаюць свой след у гісторыі крымінальнага вышуку. Калісьці, калі Часлаў Гарэлік толькі пачынаў службу ў міліцыі, добрыя водгукі хадзілі пра інспектара крымінальнага вышуку Юрыя Каленчыца. Ён быў унікальным, умеў раскрываць крымінальныя справы.
Сёння ў аддзяленні крымінальнага вышуку працуе шмат моладзі. Практычна ўсе ў калектыве – юрысты з вышэйшай адукацыяй. У кожнага на рабочым стале – камп’ютарная тэхніка (і, дарэчы, менавіта з камп’ютарамі, інтэрнэтам звязана апошнім часам вялікая колькасць «высокатэхналагічных» злачынстваў, такіх як махлярствы ў сацыяльных сетках, узломы акаўнтаў і т. п.). Для выезду оперупаўнаважаных на месца здарэння прадугледжаны два сучасныя аўтамабілі. Узначальвае аддзяленне Аляксандр Куракевіч.
…Дзяжурствы па графіку, работа ў выхадныя і святочныя дні, магчымы пад’ём па трывозе ноччу, калі здараюцца цяжкія і асоба цяжкія злачынствы, – гэта ўсё неад’емныя кампаненты работы крымінальнага вышуку. Нягледзячы на гэта, цякучкі ў аддзяленні не назіраецца, кадравы састаў – стабільны. У гэтым, напэўна, асаблівая заслуга афіцэрскіх жонак, якія забяспечваюць сваім мужам сапраўдны надзейны тыл.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *