Вялікі Двор – іх малая радзіма

Адукацыя Нумары Сацыяльная сфера Стаўбцоўшчыны Соцыум

Хачу расказаць аб маладых людзях, ураджэнцах вёскі Вялікі Двор. Мне як педагогу прыемна, што былыя вучні дабіваюцца поспеху, праяўляюць ініцыятыву.
У сям’і Іосіфа і Алы Полацкіх – два сыны. Старэйшы, Аляксандр, пасля заканчэння Нававёскаўскай школы паступіў у ВНУ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Закончыў гэтую ўстанову і зараз працуе ў Стаўбцоўскім РАНС на пасадзе першага намесніка начальніка аддзела ў званні маёра. Работа заўжды напружаная і адказная, таму і патрабуе асаблівай увагі ўсяго працоўнага калектыву. Сам Аляксандр Іосіфавіч вядзе актыўны лад жыцця, займаецца спортам, удзельнічае ў спаборніцтвах па валейболе, шахматах. А Міхаіла Полацкага прываражыла радыётэхніка. Закончыўшы радыётэхнічны каледж, ён паступіў ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Зараз працуе па спецыяльнасці: займаецца электрадыягностыкай аўтамабіляў.
Нельга не сказаць добрыя словы пра дочак Валянціны Лабковай. Старэйшая, Іна, па прыкладзе маці выбрала педагагічны напрамак. Атрымаўшы спецыяльнасць выкладчыка фізкультуры і пачатковых класаў, Іна Аляксандраўна плануе для пачаткоўцаў забаўляльныя гульні, якія ім падабаюцца. Малодшая дачка, Алена, вырашыла звязаць свой лёс з аховай здароўя. Закончыўшы Слуцкае медвучылішча, яна стала медыцынскай сястрой і некалькі гадоў працавала ў Стаўбцоўскай раённай бальніцы на самым адказным участку – у рэанімацыйным аддзяленні. За міласэрнасць і добрасумленныя адносіны да хворых дзяўчына не раз чула словы падзякі ад пацыентаў і атрымлівала ўзнагароды ад кіраўніцтва медустановы. Цяпер наша паважаная зямлячка працуе ў адной з бальніц Мінска.
Сям’я Людмілы і Мікалая Стэльмахаў таксама можа ганарыцца сваімі дзецьмі. Старэйшы сын, Аляксандр, пасля сярэдняй школы навучаўся ў Баранавіцкім каледжы грамадскага харчавання. Хлопец па праву лічыцца поварам вышэйшай катэгорыі. Некалькі гадоў працаваў у стаўбцоўскай фірме «Астэрыя». Яго арыгінальныя стравы часта адзначалі наведвальнікі ў кнізе водгукаў. Цяпер Аляксандр дэманструе сваё поварскае майстэрства ў сталічным кафэ, а некаторым гурманам прапануе стравы і на дамашні заказ. Брат Аляксандра, Віктар, звязаў свой працоўны лёс са знакамітай швейцарскай фірмай «Штадлер». Яна вядомая ў Еўропе вытворчасцю хуткасных сучасных электрычак. Здольнага юнака накіравалі ў Швейцарыю ў працяглую камандзіроўку для азнаямлення з тэхналогіяй вытворчасці электрапаяздоў. Хлопец экзамен вытрымаў паспяхова. Цяпер працуе ў Фаніпалі кіраўніком брыгады.
Радуе бацькоў і Аляксандр Сянько, які служыць ва ўнутраных войсках Беларусі. Юнак зарэкамендаваў сябе як прыкладны абаронца Айчыны, які карыстаецца аўтарытэтам у камандзіраў і таварышаў па службе. Аляксандр часта ўзначальвае групу патрульнай службы. Калі бацькі прыехалі да сына, то даведаліся, што ён атрымаў Ганаровую грамату за затрыманне наркамана падчас патрулявання. Застаецца ў сіле і намер юнака пасля тэрміновай службы заключыць кантракт і далей заставацца ў радах унутраных войскаў.
Працягвае бацькоўскую традыцыю Дзмітрый Гаўрыш, які працуе механізатарам у мясцовай гаспадарцы. Хлопец ён сціплы, вызначаецца высокай адказнасцю за даручаную справу.
Як старанны работнік зарэкамендавала сябе на жывёлагадоўчым комплексе і Юлія Касякова. Дзяўчына шчыруе на вырошчванні маладняку. Група цялят, якую яна даглядае, дае высокія прывагі.
Прыклады працоўных біяграфій маладых людзей з Вялікага Двара можна яшчэ прыводзіць. Са сваёй малой радзімы яны атрымліваюць надзейную пуцёўку ў самастойнае жыццё, праяўляюць сябе ў самых розных сферах.
Адам ГРЫНКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *