З аўтарытэтам маршала

Нумары Соцыум

IMG_2655 копия 2

Уладзімір Ягоравіч Жукаў, можна сказаць, цёзка знакамітага маршала, быў апошнім, адзінаццатым дзіцем у сям’і. Трое яго братоў – Пётр, Мікалай і Андрэй – загінулі на фронце ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго бабуля Акуліна пражыла 105 гадоў. І калі б ні няшчасны выпадак (яна звалілася з кладачкі і ўтапілася), пражыла б і больш. Уладзіміру Ягоравічу ўжо 82 гады, чаго ніяк не скажаш па яго бадзёрым выглядзе, здольнасці захоўваць парадак на падворку і ў доме, абслугоўваць сябе. Ужо многія гады ён удавец, з любоўю ўспамінае сваю Марыйку, з якой пражылі шчаслівае сямейнае жыццё, нарадзілі і выхавалі пяцярых дзяцей. Ва Уладзіміра Ягоравіча адзінаццаць унукаў, шасцёра праўнукаў. Унукі паспяховыя, атрымалі вышэйшую адукацыю. Ёсць сярод іх Ягор, яго назвалі ў гонар прадзеда. А Андрэй, напрыклад, носіць імя дзедавага брата, які загінуў на фронце. Усё гэта змацоўвае традыцыі роду моцным духоўным стрыжнем. На Стаўбцоўшчыну са Смаленскай вобласці (адкуль родам) Уладзімір трапіў падчас будаўніцтва чыгуначных пуцей, якія злучалі Расію з Беларуссю. На тэрыторыі Беларусі сустрэў сваю палавінку – Марыйку, якая стала яго лёсам, тут і застаўся. Са сваёй працоўнай біяграфіі Уладзімір Ягоравіч 40 гадоў адпрацаваў у райспажыўтаварыстве. Ён развозіў па гандлёвых кропках, рэстаранах, сталовых свежы хлеб. Успамінае, як усе чакалі баранкі – яны былі апетытныя, на нізцы. Яго з радасцю чакалі прадаўцы, буфетчыцы. Ветлівы і паважлівы да ўсіх, Ягоравіч падымаў ім настрой на ўвесь дзень. Тэхніка ў яго руках служыла доўга, таму за гады работы ў спажывецкай кааперацыі ён працаваў толькі на двух хлебных фургонах. Па новы (другі) аўтамабіль сам адправіўся на Горкаўскі аўтамабільны завод у Ніжні Ноўгарад. З прыемнымі ўражаннямі гаворыць аб гэтым падарожжы. У ветэрана спажывецкай кааперацыі цікавыя ўспаміны. Ён яшчэ застаў той час, калі лямпы палілі газай, гэтае паліва ён дастаўляў на спецыяльнай машыне ў гандлёвы ларок. Уладзіміру Жукаву давялося папрацаваць з пяццю старшынямі райспажыўтаварыства. Аб кожным захаваліся свае ўспаміны, нейкія цікавыя выпадкі з паўсядзённых будняў. Па гэтых успамінах ветэрана можна пісаць гісторыю спажывецкай кааперацыі раёна. У сваім шаноўным узросце Удазімір Ягоравіч жыве хрысціянскім жыццём. Па нядзелях і ў царкоўныя святы адпраўляецца ў кафедральны сабор на службу. Сам пераадольвае трохкіламетровую адлегласць з Акінчыц. На шляху дамоў зойдзе да дачкі Валянціны, супрацоўніцы раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Валянціна Уладзіміраўна гаворыць: «Яго крокі па лесвіцы заўсёды пачую, адрозню ад іншых. І колькі б нам ні было гадоў, пакуль жывыя бацькі, мы застаёмся дзецьмі, абароненымі і сагрэтымі іх малітваю».
Святлана ЖЫБУЛЬ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *