Десять случаев бешенства зарегистрировали на Столбцовщине

Важное

luxfon.com-34320
З пачатку года на Стаўбцоўшчыне зарэгістраваны дзевяць выпадкаў шаленства (за ўвесь 2017 год – сем).
У чатырох з іх хворымі былі лісы. Па два выпадкі шаленства сабак і буйной рагатай жывёлы, адзін – ката.
– Дамашняя і дзікая жывёла ўсіх відаў успрымальная да шаленства – аднаго з самых небяспечных інфекцыйных захворванняў. Зыход яго лятальны як для жывёлы, так і для чалавека. Заражэнне чалавека або дамашняга гадаванца адбываецца пры ўкусе хворай жывёлінай або пры пападанні інфіцыраванай сліны на пашкоджаную скуру ці слізістую абалонку. Абараніцца ад шаленства дапамагае толькі своечасовае правядзенне прышчэпак і выкананне пэўных рэкамендацый, – падкрэслівае галоўны ветэрынарны ўрач раёна Анатоль ГУСАЧОНАК.
– Анатоль Іванавіч, што павінна насцярожыць уладальнікаў дамашняй жывёлы?
– Існуе мноства формаў цячэння захворвання. Звычайна пачынаецца ўсё са слабых праяўленняў сімптомаў, потым стан пагаршаецца. У жывёлы наступае агрэсія, боязь святла, слінацячэнне, сутаргі, параліч глоткі і задніх канечнасцяў. Замест агрэсіі могуць быць адваротныя паводзіны – надзвычай ласкавыя.
– А калі гадаванец раптам гіне?
– Пры смерці без відавочных прычын, як і пры праяўленні названых вышэй прыкмет, змяненнях у паводзінах дамашяй жывёлы, атрыманні ёю пашкоджанняў ад іншай жывёлы неабходна абавязкова звярнуцца да ветэрынарнага спецыяліста для ўстанаўлення назірання або высвятлення прычыны гібелі. Жывёліну, якая нанесла ўкус, ні ў якім выпадку знішчаць нельга.
– Што важна ведаць бацькам, у якіх малыя дзеці? Яны ж любяць гладзіць катоў і сабак.
– Дзеці часцей за ўсё церпяць ад укусаў, таму неабходна пастаянна гутарыць з імі на гэтую тэму і старацца пазбягаць непатрэбных кантактаў з жывёлай, асабліва дзікай і безнагляднай. Не варта падбіраць такіх жывёлін на дачы, у лесе, на вуліцы, а калі ўзялі – знайсці магчымасць адразу паказаць ветэрынарнаму ўрачу і прывіць ад шаленства. Усім неабходна выконваць правілы ўтрымання дамашняй жывёлы. Адно з патрабаванняў якраз і датычыць таго, што дамашні гадаванец кожны год у прафілактычных мэтах павінен быць прышчэплены супраць шаленства.
Пры з’яўленні на ўласным падворку або ў вёсцы, на вуліцах горада дзікай жывёлы трэба прыняць усе меры перасцярогі і бяспекі, таму што здаровая жывёліна наўрад ці пойдзе насустрач чалавеку. Паляўнічым нагадаю, што да палявання на дзікую жывёлу не дапускаюцца невакцынаваныя сабакі.
– Якія першыя меры бяспекі пасля ўкусу жывёлы?
– Калі кантакту з хворай або падазронай жывёлінай пазбегнуць не ўдалося, неабходна правесці пярвічную апрацоўку раны. Рана старанна прамываецца струменем вады з мылам на працягу 10-15 мінут. Але толькі мясцовай апрацоўкі раны недастаткова, каб папярэдзіць такое захворванне, як шаленства. Як мага хутчэй трэба звярнуцца ў паліклініку для кваліфікаванай медыцынскай дапамогі і вырашэння пытання аб прышчэпках. Чым раней пачнецца лячэнне, тым большая верагоднасць спрыяльнага зыходу.
Гутарыла
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *