Аўтарытэты міліцыі

Грамадства На кантролі Нумары Факты, падзеi, людзi

аўтарытэты крымінальнай міліцыі: (злева направа) Віктар Жарнасек, Генадзь Уласік і Раман Лісавец.
аўтарытэты крымінальнай міліцыі: (злева направа) Віктар Жарнасек, Генадзь Уласік і Раман Лісавец.

Генадзь Уласік, Раман Лісавец, Віктар Жарнасек – былыя калегі, саслужыўцы, якія прыкладна ў адзін час, на пачатку 2000-х, выйшлі ў адстаўку. За плячыма ў кожнага каля трыццаці гадоў міліцэйскага стажу. У Генадзя Уласіка – нават 33 гады! Месца службы – райаддзел міліцыі, Стаўбцоўшчына. У кожнага, праўда, была свая пасада і рост па службовай лесвіцы, але ад гэтага змаганне з крыміналам не мяняла свайго спецыфічнага сэнсу. Вынік для ўсіх быў адзіны – раскрыць злачынства.
Генадзь Уласік у 1984 годзе стаў начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку. Тады ў аддзяленне прыйшоў інспектарам Раман Лісавец. Абое – мясцовыя, родам з Кучкуноў і Мешычаў. Раней кожны папрацаваў участковым інспектарам – гэта значыць, з людзьмі, у соцыуме, навідавоку. Гэтыя аператыўнікі аказаліся не проста прафесійнымі, а і перспектыўнымі кадрамі. Так, Генадзь Уласік выходзіў у адстаўку з пасады намесніка начальніка райаддзела міліцыі, Раман Лісавец – з пасады начальніка райаддзела.
Іх калега Віктар Жарнасек, ураджэнец Лепельскага раёна, перш чым трапіць на Стаўбцоўшчыну, закончыў спецыяльную школу міліцыі, паслужыў у крымінальным вышуку ў г. Перм. Пасля пераводу ў 1980 годзе на Стаўбцоўшчыну быў адразу начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх, потым – інспектарам і начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку.
Як бачна, міліцэйская служба падносіла розныя кадравыя перастаноўкі, але доўгі час усе трое працавалі ў адной звязцы, пад кіраўніцтвам Генадзя Уласіка.
– У нашу бытнасць часта ўчыняліся крадзяжы з магазінаў, аб’ектаў будаўніцтва, паштовых аддзяленняў, комплексных прыёмных пунктаў, складскіх памяшканняў, – прыгадвае Генадзь Мікалаевіч. – Фіксавалася нямала крадзяжоў асабістай маёмасці грамадзян, асабліва матацыклаў. Злачынствамі суправаджаліся вяселлі і іншыя масавыя гулянні, куды з’язджалася да 500-700 чалавек. Пры гэтым штат супрацоўнікаў крымінальнага вышуку быў невялікі. Адзін час горад абслугоўваў У. І. Савасценя, а раён – я і І. І. Рэкець. Было няпроста, таму што на Стаўбцоўшчыне напрыканцы 70-х пражывала каля 57 тысяч чалавек. Потым была ўведзена адзінка начальніка аддзялення, і яе на працягу чатырох гадоў займаў І. І. Сімончык.
Якая была матэрыяльна-тэхнічная база ў крымінальнага вышуку? Некалькі матацыклаў на райаддзел – гэта лічылася раскошай. Раман Лісавец быў шчаслівы, калі яму, маладому ўчастковаму інспектару, купіў матацыкл калгас імя Леніна, а калгас «Дружба» пазней дапамог з рухавіком да яго. Затое быў службовы конь. Прыходзілася шмат хадзіць пешшу. Добрая аказія, калі ўдасца пад’ехаць спадарожным транспартам. Восенню або вясною немагчыма было без трактара даехаць з Літвы ў Куль ці з Рубяжэвічаў у Тонава, Ціханаву Слабаду. Аднак на вёсцы ў раскрыцці злачынства дапамагалі ўсе – ад старшыні калгаса да пенсіянера.
З сабою ў аператыўніка былі ручка, фотаапарат, лінейка (для вымярэння слядоў злачынцы). «Збярэш інфармацыю, а потым, нібыта камп’ютар, яе аналізуеш», – даводзіць Генадзь Уласік. Тады не тое што пра камп’ютары, а і пра пішучую машынку размова не вялася. Цяжка паверыць, але ўсю дакументацыю і справаводства афармлялі ад рукі.
Асобнай прафілактычнай службы ў міліцыі тады не было, таму гэта нагрузка была ўскладзена на крымінальны вышук (яму да 1991 года падпарадкоўваліся і ўчастковыя інспектары). Ажыццяўлялі ўлік раней судзімых і кантроль за імі, абследаванне аб’ектаў, якія могуць быць падвергнуты крадзяжам, з абавязковым складаннем схем адыходу злачынцаў і т. п.
Пры тым, што супрацоўнікаў крымінальнага вышуку кармілі ногі і, безумоўна, цесны кантакт з людзьмі, былі і іншыя прыдумкі. Да прыкладу, раней сельскія магазіны размяшчаліся наводшыбе, і на ўсю вёску быў ці не адзін тэлефон, таму сярод тых, хто жыў блізка ад магазінаў, яны знайшлі сабе памочнікаў. Гэтыя назіральнікі навязвалі ля магазіна сабаку і, пачуўшы вечарам ці ноччу брэх, аператыўна правяралі трывожны сігнал. У далейшым стаўбцоўскі вопыт аховы магазінаў з дапамогай сабак быў распаўсюджаны на ўсю Мінскую вобласць.
Мае суразмоўцы ўспамінаюць, як ім выпала забяспечваць самае адказнае на той час мерапрыемства – маскоўскую Алімпіяду 1980 года. Праз наш раён пралягла міжнародная траса, таму адпрацоўвалася кожная вёска, кожны падазроны. Не зважаючы на занятасць, аператыўнікі «заселі» за англійскія і нямецкія «размоўнікі». Тады на трасе ніякіх эксцэсаў не здарылася, а вось пазней, у 90-я, з развалам СССР, пайшла серыя разбойных нападаў на фуры, іншыя дзёрзкія злачынствы, якія мелі шырокі рэзананс. Усе іх Віктар Жарнасек памятае ў падрабязнасцях і дэталях. Для затрымання злачынцаў прымянялі розныя спосабы, у тым ліку ставілі лавушкі, і неўзабаве выйшлі на інтэрнацыянальную крымінальную групу з сямі чалавек. Сабраная доказная база была прадстаўлена суду, і абвінавачаныя панеслі заслужанае пакаранне.
Помніцца, як цяжка ішоў збор доказаў па факце забойства жыхаром Жацерава сваёй сужыцелькі. 75-гадовы мужчына сам заявіў у міліцыю і… знік з дому. Пазней высветлілася жудасная ісціна: гэта ён забіў і закапаў труп на ўласным агародзе пад грушай… Няпроста было раскрыць абрабаванне хаты на хутары каля Дзераўной, але ўсё-такі змаглі разблытаць клубок злачынства.
Асобая старонка ў гісторыі крымінальнага вышуку – барацьба з браканьерамі. Аператыўнікі таго часу выпраўляліся са стрэльбамі на возе на праверку хутароў. Суткі, а то і двое, ездзілі па балотах… З гэтых і іншых прыгодаў ім было няпроста вырвацца. Аднойчы напярэдадні Новага года трапілі дадому акурат за некалькі мінут да бою курантаў…
У размове Раман Лісавец прыгадвае адзін з першых сваіх падарункаў за дасягнутую раскрывальнасць злачынстваў – радыёпрыёмнік. Генадзь Уласік не прамінае заўважыць: «Нездарма атрымаў у вышэйшай школе МУС пяцёрку па крыміналістыцы!» Віктар Жарнасек, як сапраўдны аператыўнік, больш слухае, чым гаворыць сам, дае магчымасць выказацца старшым па званні. Іх прызнавалі лепшымі інспектарамі Мінскай вобласці, узнагароджвалі граматамі і т. п.
Мае суразмоўцы прыгадваюць сваіх калег: Генадзя Круцько, Юрыя Каленчыца, Сяргея Жука, Міхаіла Кутаса (гэта ён быў адзін на адзін з бандытам Місюрам), Віктара Янчура, Андрэя Юрэля. У 70-я гады ў крымінальным вышуку працаваў франтавік Павел Някрасаў (сёння ў аддзеле ДАІ працуе яго ўнук).
– Крымінальны вышук заўсёды жыў дружнай сям’ёй. Гэтую традыцыю мы працягваем і сёння, – падкрэсліваюць мае суразмоўцы.
Яны вядуць актыўны лад жыцця. У курсе ўсіх падзей у раёне, райаддзеле міліцыі. Людзі да іх – з павагай. А ў цэлым рэальныя работнікі крымінальнага вышуку любога пакалення са сваёй цяжкай паўсядзённай работай зусім не падобныя на тых, якіх паказваюць у кіно. Ва ўсе часы застаюцца галоўным у міліцэйскай рабоце прыстойнасць і добрасумленнасць.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *