Спадчына, якая з намі спрадвеку

Культура Нумары Факты, падзеi, людзi

На свяце «Дажынкі-2018» яго ўдзельнікаў вітаў мясцовы народны фальклорны ансамбль «Коласавы землякі» ДУК «Любкаўшчынскі СДК». Калектыў захоўвае каларыт часу і даносіць яго да гледачоў. Аб дзейнасці ансамбля мы вырашылі пагутарыць з яго кіраўніком Лідзіяй Варывоцкай.
DSC_0371
– Лідзія Васільеўна, раскажыце, калі ўзнік народны фальклорны ансамбль «Коласавы землякі»?
– Ансамбль з’явіўся ў 1949 годзе. Арганізатарам і першым кіраўніком быў Міхась Скарабагаты, вясковы артыст. У той час у склад мастацкага калектыву ўваходзілі калгаснікі, настаўнікі, вясковая моладзь. Удзельнікі ансамбля выконвалі беларускія народныя песні і песні на вершы Якуба Коласа, праводзілі абрады, рабілі пастаноўкі спектакляў «Модны шляхцюк», «Несцерка», «Паўлінка». Міхась Скарабагаты доўгі час працягваў працаваць кіраўніком ансамбля. Удзельнікі «Коласавых землякоў» спявалі песні так, як гэта рабілі спрадвеку ў нашых мясцінах, захоўваючы характэрную манеру выканання. У 1990 годзе калектыў атрымаў ганаровае званне «народны».
– Колькі ўдзельнікаў цяпер налічвае калектыў?
– Адзінаццаць удзельнікаў ва ўзросце ад 23 да 70 гадоў. Сярод іх мастацкі кіраўнік і акампаніятар Міхаіл Міткевіч, які ўжо больш за дваццаць гадоў у ансамблі. Харэографам з’яўляецца адначасова і салістка ансамбля Аляксандра Варывоцкая. Частку калектыву з 2006 года складаюць настаўнікі Мікалаеўшчынскай СШ імя Якуба Коласа. Вялікая падзяка Ліліі Кротавай, дырэктару Мікалаеўшчынскай школы, і настаўнікам Алене Маляўка, Таццяне Чэрнік, Марыі Белай за тое, што, нягледзячы на занятасць, яны адданы ансамблю «Коласавы землякі». Іна Ермаковіч, Софія Кабылінская, пражываючы не ў Мікалаеўшчыне, заўсёды з бадзёрым настроем прыязджаюць на рэпетыцыі, бо музыка – гэта тое, што жыве ўнутры. У калектыў уліліся і новыя ўдзельнікі: Сяргей Хамко, Дзмітрый Клочка, Вацлаў Найдзён, Кацярына Ефімовіч. Аляксандра Варывоцкая з’яўляецца ўдзельніцай з трынаццаці гадоў. Гэта вельмі прыемна, бо працаваць з маладым пакаленнем цікава. Калі хто пакідае калектыў на пэўны час, то жадаем, каб ён абавязкова вярнуўся. Мы вельмі ўдзячны сем’ям удзельнікаў ансамбля, якія заўсёды іх падтрымліваюць.
– Што новага вы ўносіце ў працу ансамбля?
– У нас вялікая сувязь з ансамблем дзіцячай народнай песні «Кропелька» ДУА «Старасвержанская дзіцячая школа мастацтваў» (філіял Новы Свержань). Разам у нас зроблена шмат нумароў. Таксама дапамагае ансамбль народнай музыкі «Перазвоны» пад кіраўніцтвам Мікалая Булаша, Віталій Чарняўскі дапамагае з музычным афармленнем, за што мы ім вельмі ўдзячны. У суполцы працуем з таленавітай Наталляй Грынкевіч. Яна заўсёды, калі нам патрэбна дапамога, аказвае яе. Вялікі дзякуй хочацца адрасаваць Марыі Грэсь, заслужанаму работніку культуры, і Людміле Несцярук, харэографу, кіраўніку ўзорнага ансамбля танца «Лявоначкі».
– Чым насычана дзейнасць ансамбля сёння?
– Вельмі модна стала на вялікіх мерапрыемствах аб’ядноўваць калектывы і рабіць сумесную шоу-праграму. Такое сяброўства ў нас з народным хорам «Нёман» ДУК «Старасвержанскі цэнтр культуры», вакальным дуэтам «Пяшчота», народным ансамблем «Дольніца» і аркестрам народных інструментаў Стаўбцоўскай школы мастацтваў. Аб’яднаўшыся, мы сталі ўдзельнікамі такіх знакавых мерапрыемстваў, як трынаццаты фестываль народнай творчасці Мінскай вобласці «Напеў зямлі маёй», дзе сумесна занялі трэцяе месца, абласныя «Дажынкі» ў Лагойску. У рамках міжнароднага свята традыцыйных культур «Браслаўскія зарніцы» праходзіў абласны агляд-конкурс «Браслаўская харавая асамблея», дзе мы таксама занялі трэцяе месца. Не так даўно разам з хорам «Нёман» пабывалі на міжнародным фестывалі-конкурсе мастацтваў «Казкі Чорнага мора» і атрымалі Гран-пры фестывалю. Дуэт Лідзіі і Аляксандры Варывоцкіх стаў лаўрэатам першай ступені. У 2018 годзе быў арганізаваны прафтур «Белпрафсаюзкурорт-2018», дзе мы тры дні працавалі ў Палацы прафсаюзаў і праслаўлялі край Якуба Коласа. Вядома, ні адно свята ў раёне не праходзіць без нашага ўдзелу.
– Якія планы на будучыню?
– На наступны год у нас вялікія планы, таму што 2019-ы будзе юбілейным, калектыву споўніцца 70 гадоў.
Галоўнай нашай мэтай з’яўляецца захаванне традыцый, культуры, спадчыны, якая з намі спрадвеку. Мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне тое, што ведаем, цэнім і чым ганарымся. Я спадзяюся, што той час, які мы праводзім разам, узбагачае нас. Прыемна, што і маладое пакаленне любіць сваю малую радзіму, актыўна ўдзельнічае ў рабоце ансамбля.
Ксенія РУБІН
Фота Аляксандра ПЯТРОВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *