Разам – супраць наркотыкаў

Медыцына Нумары

наркотики
З пачатку новага навучальнага года ў раёне будзе рэалізоўвацца план сумесных дзеянняў па выяўленні і папярэджанні ўжывання, распаўсюджання наркатычных сродкаў, алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва сярод школьнікаў.
Аналагічны план мерапрыемстваў, у якім задзейнічаны ўсе зацікаўленыя службы і ведамствы (упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, райаддзел міліцыі, установы аховы здароўя і т. п.), рэалізоўваўся на тэрыторыі раёна і ў 2017-2018 навучальным годзе. Усе яго пункты былі выкананы ў поўным аб’ёме.
Эфектыўнасць работы ў даным напрамку, а таксама прапановы ў новы план на 2018-2019 навучальны год былі абмеркаваны на пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх. Яна праходзіла з удзелам намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Мінскага аблвыканкама Алы Кардаш.
Інфармацыю падрыхтавала і выступіла з ёю загадчыца сектара ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Яўгенія Слесарчык. Звернута ўвага, што ў мінулым навучальным годзе ў раёне не выяўлены непаўналетнія, якія ўжывалі наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх прэкурсары. Разам з тым, з УАЗ «Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца» паступіла інфармацыя, што 5 ліпеня 2018 года ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі была дастаўлена стаўбчанка 2001 года нараджэння з прыкметамі ўжывання псіхастымулятараў. На падставе гэтага паведамлення паводзіны дзяўчыны былі разгледжаны на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Належныя меры рэагавання пацягнула і інфармацыя аб парушэнні палавой свабоды вучня, якая была перададзена ў інспекцыю па справах непаўналетніх 18 красавіка бягучага года педагогам сацыяльным адной са школ раёна.
У сувязі з агучаным відавочна, што не губляе актуальнасці патрабаванне да ўстаноў адукацыі аб своечасовым інфармаванні пры выяўленні непаўналетніх са знешнімі прыкметамі ўжывання наркатычных сродкаў. Адпаведная памятка з указаннем таго, што можа насцярожыць, распрацавана ўрачом псіхіятрам-нарколагам ЦРБ. Гэтыя прыкметы павінны ведаць бацькі і, безумоўна, кожны педагог, які працуе з дзецьмі і бачыць іх, нярэдка, больш за бацькоў. На гэты конт распрацаваны алгарытм узаемадзеяння супрацоўнікаў праваахоўных органаў і педработнікаў.
Ала Кардаш зазначыла, што на Міншчыне праблема ўжывання наркатычных сродкаў найбольш вострая ў дачыненні да навучэнцаў прафесійна-тэхнічных вучылішчаў. На Стаўбцоўшчыне такіх навучальных устаноў няма, але калектывам школ нельга губляць пільнасць.
Педагогі і супрацоўнікі райаддзела міліцыі на першых у новым навучальным годзе агульнашкольных бацькоўскіх сходах давядуць бацькам інфармацыю аб прафілактыцы ўжывання псіхаактыўных і наркатычных рэчываў, папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, насілля над дзецьмі, іх палавой недатыкальнасці. Нагадаюць і пра меры крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за незаконны абарот наркатычных рэчываў, парушэнне антыалкагольнага заканадаўства.
Гэтая інфармацыя размешчана ў школьных «Кутках прававых ведаў», на інтэрнэт-сайтах устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Сацыяльная рэклама, накіраваная на супрацьдзеянне п’янству і наркаманіі, змешчана ў школьных аўтобусах. Сярод дзяцей і іх бацькоў будуць распаўсюджвацца лістоўкі па тэме здаровага ладу жыцця. У новым навучальным годзе працягнецца практыка шматлікіх прафілактычных мерапрыемстваў сярод школьнікаў з удзелам валеолага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, оперупаўнаважаных і інспектараў райаддзела міліцыі, урача-псіхіятра цэнтральнай раённай бальніцы і т. п.
Раённы камітэт БРСМ запрашае моладзь да адкрытых дыялогаў па тэме наркатычнай і іншых залежнасцяў, развівае актуальныя ў маладзёжным асяроддзі трэнды і свае фірменныя праекты. Упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме штоквартальна актуалізуецца банк даных аб занятасці падлеткаў падуліковай катэгорыі ў аб’яднаннях па інтарэсах, гуртках і секцыях. Па традыцыі да 1-га кастрычніка пройдзе міжведамасная акцыя, якая прызвана аказаць выпускнікам школ дапамогу з вучобай або працаўладкаваннем.
Укараняюцца новыя формы і метады работы з падлеткамі. За чэрвень-жнівень аздароўлены 26 непаўналетніх, з якімі райаддзел міліцыі праводзіць індывідуальна-прафілактычную работу, і 101 дзіця, становішча якіх прызнана сацыяльна небяспечным.
Прадстаўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, ДУА «СПЦ Стаўбцоўскага раёна», райаддзела міліцыі, устаноў адукацыі раёна працягнуць рэйды ў сем’і. Рэйды і дзяжурствы настаўніцка-бацькоўскіх патрулёў наладжваюцца і ў месцах масавага адпачынку моладзі.
Супрацоўнікамі райаддзела міліцыі пастаянна праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне і спыненне фактаў рэалізацыі на гандлёвых аб’ектах спіртных напіткаў, піва і тытунёвых вырабаў непаўналетнім. На працягу верасня-жніўня 2017-2018 гадоў выяўлены пяць фактаў рэалізацыі непаўналетнім спіртных напіткаў і піва, за што ў адносінах да прадаўцоў складзены адміністрацыйныя пратаколы.
– Пры тым, што ў нас колькасць фактаў рэалізацыі спіртных напіткаў непаўналетнім зменшылася, значна «падрасла» іншая статыстыка – выяўлены 63 факты ўцягвання падлеткаў у антызаконныя паводзіны шляхам набыцця ім спіртнога ці сумеснага распівання. Вінаватыя ў гэтым дарослыя асобы таксама прыцягнуты да адказнасці, – адзначыла намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.
У пунктах плана мерапрыемстваў на пастаянным кантролі – пытанні рэалізацыі Дэкрэта № 18, ранняга выяўлення сямейнай нядобранадзейнасці, папярэджання сацыяльнага сіроцтва. Вырашаць іх без эфектыўнага міжведамаснага ўзаемадзеяння немагчыма.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



1 комментарий по теме “Разам – супраць наркотыкаў

  1. «Раённы камітэт БРСМ запрашае моладзь да адкрытых дыялогаў па тэме наркатычнай і іншых залежнасцяў»
    Грамадская кампанія Legalize Belarus, якая складаецца з большага з моладзі, гатова весці адкрыты дыялог са стаўбцоўскім камітэтам БРСМ. А БРСМ гатовы?:)

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *