Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

У пажарнай часці згадалі выезд у вёску Церабейнае, дзе ўспыхнуў хлеў. Жыхар горада Мінска прыехаў на сваю малую радзіму і, наводзячы на ўчастку парадак, падпаліў сухую траву. Але вецер нечакана змяніў напрамак і агонь перакінуўся на хлеў суседа. Пабудова згарэла датла. За выпальванне сухой травы, якое ў пажаранебяспечны перыяд забаронена і якое прывяло да пажару, мінчанін аштрафаваны на 3 900 000 рублёў (30 базавых велічынь). На столькі ж аштрафаваны і жыхар Гуменаўшчыны, які таксама выпальваў траву, у выніку чаго агнём была знішчана старая гаспадарчая пабудова.

Міліцыяй зарэгістравана 106 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 16 крымінальных спраў, у 12-ці з іх устаноўлены падазраваемыя.  З дачы ў вёсцы Падгорная прапалі бензапіла, дзве каністры з бензінам і маторным маслам. Двое зламыснікаў, будучы нецвярозымі ў кватэры па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах, збілі грамадзяніна і адкрыта забралі з кішэні яго курткі мабільны тэлефон. Грамадзянка, не маючы адпаведнага дазволу, незаконна збыла ў магазіне «Гаспадарчыя тавары» нож, які экспертамі быў прызнаны халоднай зброяй.

Пракуратурай раёна праведзены аналіз звестак, прадастаўленых раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі па пытаннях выканання патрабаванняў заканадаўства ў вобласці санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, у ходзе якога ўстаноўлены парушэнні з боку ААТ «Маладзечналес». Так, вытворчая тэрыторыя ніжняга склада гэтага прадпрыемства, размешчаная ў Новым Свержані, захламлена драўніннымі адходамі, металаломам, касьба і высечка расліннасці выкананы не ў поўным аб’ёме. Дырэктару ААТ «Маладзечналес» вынесена прадпісанне, для выканання якога быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці галоўны інжынер.

Суд аштрафаваў на 1 300 000 рублёў 33-гадовага мінчаніна, які незаконна здабыў на рацэ Нёман паблізу вёскі Слабодка трох плотак, двух язёў і акуня. Грамадзянін пакараны штрафам у памеры 390 000 рублёў за самаўпраўства, якое выразілася ў зрыванні з аўтамабіля, які яму не належыць, рэгістрацыйнага знака. 22-гадовы стаўбчанін, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, вынес з магазіна «Дабраном»  вафлі і жвачку, за што пакараны штрафам на суму 1 300 000 рублёў.

ДАІ выявіла 186 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных і восем бяспраўных вадзіцеляў, 26 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана дзесяць дарожных здарэнняў. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў.

«Хуткая» выязджала да хворых 434 разы, у прыватнасці дзевяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Пяць зваротаў у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *