Столбцовское бюро путешествий и экскурсий расширяет границы

Важное Главное Нумары Соцыум


У Мінску нядаўна завяршыла сваю работу міжнародная выстаўка «Турбізнес-2018». Яна прадставіла ўсе магчымасці турызму – уязнога і выязнога, спартыўнага, забаўляльнага, рэкрэацыйнага, медыцынскага, сямейнага, дзіцячага, паляўнічага… На выстаўцы прэзентаваў сябе і буйны тураператар «Беларустурыст».
Пад эгідай гэтай арганізацыі працуе і Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій, з прадстаўніком якога, спецыялістам па турызме Палінай СІКОРСКАЙ, мы пагутарылі.
– Паліна, выстаўка дала штуршок, бліжэй пазнаёміла з запытамі турыстаў. Якія ў вас з’явіліся думкі?
– Беларустурыст прадставіў на гэтай выстаўцы два стэнды. Для наведвальнікаў былі прадугледжаны буклеты, лістоўкі, праграмкі… Больш шырока мы рэкламуем свае паслугі на выстаўцы «Прафтур», якая звычайна праходзіць у лютым, напярэдадні новага турыстычнага сезона. У ёй, як правіла, задзейнічана ўся сістэма Беларустурыста, уключаючы турыстычныя бюро, гасцінічныя комплексы, турбазы. Запрашаюцца аграсядзібы і рамеснікі са сваёй эксклюзіўнай прадукцыяй. Мы ўжо рыхтуемся да гэтай выстаўкі. На ёй турбаза «Высокі бераг» будзе прадстаўляць імправізацыю з Купалля. На турбазе рэалізаваны і іншыя праекты, якія прыцягваюць турыстаў.
– Стаўбцоўскае бюро даўно супрацоўнічае з турбазай «Высокі бераг». Чым яна прываблівае турыстаў?
– На турбазе распрацавана шмат праграм для дзяцей і дарослых, туры выхаднога дня, якімі карыстаюцца нашы кліенты. Сярод папулярных дзіцячых праграм магу назваць «Ключы ад лета», «Нёманскія рабінзоны». Для сямейнага адпачынку – Familysport, лазертаг «Апошні герой». У сезон цікавасць выклікае новая велапраграма – «Сонца на спіцах». Адметна, што па дарозе за відовішчамі мы абавязкова заязджаем у адзін з філіялаў музея Якуба Коласа. Такім чынам, спалучаюцца адукацыйныя, выхаваўчыя, забаўляльныя функцыі турызму. Многія школьнікі раёна наведалі аграсядзібу «Вясёлая хата» ў Капыльскім раёне, дзе прапануюць анімацыйную праграму. На даны момант школы ўжо робяць заказы на навагоднія прадстаўленні, спектаклі. На гэтыя і іншыя экскурсійныя паездкі запатрабаваны аўтобусы вялікай умяшчальнасці. Іх мы заказваем у аўтапарку № 17.
– Моладзь – ваш асноўны кліент?
– Асноўны наш кліент – школьнікі, прычым, пачынаючы з малодшых класаў, хоць і прафсаюзныя камітэты прадпрыемстваў не стаяць убаку. Так, часта ездзяць з экскурсіямі па Беларусі і за яе межы работнікі філіяла маторнага завода, мясакансервавага камбіната, электрычных сетак, занальнага вузла электрасувязі, торфабрыкетнага завода «Нёман», сельгаспрадпрыемстваў. Наша бюро абслугоўвае турыстаў не толькі Стаўбцоўскага, а і суседніх раёнаў – Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага, Дзяржынскага.
– Што найбольш карыстаецца попытам?
– Ёсць попыт на экскурсіі па Беларусі: як аднадзённыя, так і туры выхаднога дня. Сярод замежных маршрутаў папулярны маршрут у Закарпацце, таму ў наступным годзе паспрабуем арганізаваць яго сіламі свайго турбюро. Актыўна прапануем ужо напрацаваныя маршруты. Лідарства трымае Мінск. У сталіцы адкрываюцца новыя музеі, культурныя і іншыя аб’екты. Дзеці, ды і дарослыя, з ахвотай адгукаюцца на вытворчыя экскурсіі. У гэтым плане мы добра супрацоўнічаем з прадпрыемствамі «Кока-кола», «Слодыч», «Камунарка», МТЗ, БелАЗ, «Белхудожкерамика», шклозаводам «Нёман» і т. п.
У мінулым годзе апробавалі маршрут у Дзяржынскі краязнаўчы музей, які сумяшчаем з наведваннем так званага «Кукурузнага лабірынта». Дзецям падабаецца блукаць па ім у пошуку пікетаў. З’явіўся новы маршрут – у музей-сядзібу Т. Касцюшкі і палац Пуслоўскіх.
– Вы – малады спецыяліст, які прыехаў працаваць на сваю малую радзіму. Не шкадуеце?
– Я так і планавала. Працую ў турбюро з 2017 года пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Турызм і прыродакарыстанне». У мяне яшчэ невялікі вопыт, але мне пашанцавала папрацаваць у пары з прафесіяналам Леанідай Высоцкай. Яна дала мне грунтоўныя практычныя веды, пакінула сетку напрацаваных кантактаў. Гэта вельмі важна. Разабрацца ў лічбах мне дапамагае галоўны бухгалтар Мая Юрчанка.
– Як трапілі ў сферу турызму?
– З дзяцінства люблю падарожнічаць. Са сваім класным кіраўніком І. А. Жыбуль (гімназія № 1) мы аб’ехалі Беларусь і пабывалі за яе межамі.
– Куды марыце паехаць?
– Мару пра Грэцыю, Грузію. Збіраю грошы.
Гутарыла
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *