Укараненне сучаснай тэхналогіі вытворчасці малака на МТФ «Рудзевічы» ААТ «Рочавічы» дазволіла жывёлаводам істотна павялічыць вытворчасць прадукцыі. За два месяцы бягучага года ў сярэднім ад кожнай каровы тут атрымана па 1191 кілаграму малака. А гэта важкая заяўка на тое, што па выніках года працаўнікам фермы цалкам рэальна перакрыць сямітысячны рубеж. Кармоў на зімоўку было нарыхтавана дастаткова. Значна палепшыліся ўмовы ўтрымання жывёлы. І для людзей створаны камфорт – пабудаваны бытоўка, санвузел, душавая. Зманціравана ацяпленне. У даільнай зале, дзе ўстаноўлена малочнае абсталяванне «Паралель» вытворчасці СП «Унібокс», працуе малады аператар машыннага даення Вольга Сядура. Пакуль дзяўчына доіць дзевяноста кароў, але ідуць расцёлы і група паступова папаўняецца. Рэкаструяваная ферма разлічана на беспрывязное ўтрыманне дойнага статка колькасцю 400 галоў.