
«У нашай рабоце ёсць службовая рамантыка, бо мы працуем не са звычайнымі парушальнікамі закона, а са злачынным элементам», – заўважае адзін з самых маладых оперупаўнаважаных раёна Максім Нагорны.
Камусьці з сучаснай моладзі, якая любіць усё экстрэмальнае і наглядзелася тэлебаевікоў і міліцэйскіх серыялаў, гэтая думка пакажацца сугучнай. Але ў оперупаўнаважанага ёсць і іншыя аргументы. Ён сцвярджае, што работа яго напружаная, дзяжурствы – па 24 гадзіны і, калі нават узнікне думка сысці з такой неспакойнай службы ў якое-небудзь іншае падраздзяленне, наўрад ці гэта ўдасца. «Мы вучыліся для гэтага. Абралі такую спецыялізацыю – «Аператыўна-вышуковая дзейнасць». Служым Рэспубліцы Беларусь!», – гаворыць Максім Нагорны.
Фактычна ўсе яго калегі па аддзяленні крымінальнага вышуку (а служаць яны не год, а значна больш) таксама могуць падпісацца пад гэтымі словамі. Сёння пераважная большасць іх – выпускнікі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, спецыялісты менавіта ў аператыўна-вышуковай рабоце. Маладым, якія толькі пачынаюць службу, дапамагаюць больш вопытныя супрацоўнікі.
Цяперашні начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандр Куракевіч у свой час займаўся ў профільным міліцэйскім класе СШ № 2. Паступіў у акадэмію. У аддзяленні пачынаў оперупаўнаважаным пад чуйным кіраўніцтвам Міхаіла Мігуры. З 2014 года, калі Міхаіл Мігура быў прызначаны першым намеснікам начальніка райаддзела міліцыі – начальнікам крымінальнай міліцыі, змяніў яго на пасадзе начальніка аддзялення.
Аб’ём аператыўных задач
Мы задалі Аляксандру Куракевічу некалькі пытанняў.
– Аляксандр Аляксандравіч, у раёне ў бягучым годзе здарыліся тры цяжкія злачынствы – забойствы. У крымінальных зводках нямала і іншых складаных спраў. Якія асаблівасці іх раскрыцця?
– Ва ўсіх трох забойствах устаноўлена асоба, якая ўчыніла злачынства, сабрана доказная база, і матэрыялы перададзены нашым калегам у раённы аддзел Следчага камітэта для далейшай работы. Мы ў такіх выпадках працуем калегіяльна, усім аддзяленнем.
На рэзанансныя злачынствы супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку выбываюць у поўным саставе незалежна ад часу сутак і дзён тыдня, каб максімальна ў сціслыя тэрміны і ў поўным аб’ёме сабраць рэчавыя доказы для прыцягнення вінаватай асобы да адказнасці.
– У раёне кожны дзень, згодна са статыстыкай, фіксуецца той ці іншы крымінальны факт. Хто дапамагае вам у іх раскрыцці?
– Злачынствы адбываюцца ўсё больш з прымяненнем новых тэхналогій, інтэрнэт-рэсурсаў. Многае раскрываем па гарачых слядах, на працягу сутак, і гэта аптымальны варыянт. Пры неабходнасці працуем над устанаўленнем асобы, якая ўчыніла злачынства, аж да сыходжання тэрмінаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці, а яны вызначаны да 15-ці гадоў.
Узаемадзейнічаем з упраўленнем крымінальнага вышуку Мінскай вобласці і аператыўнымі падраздзяленнямі рэспублікі, з усімі падраздзяленнямі райаддзела міліцыі. Найбольш эфектыўнае супрацоўніцтва наладжана з аддзелам аховы правапарадку і прафілактыкі. Працуем з людзьмі, каб атрымаць неабходную інфармацыю. Для выкрыцця злачынцаў выязджаем у тым ліку ў камандзіроўкі па тэрыторыі рэспублікі.
– Сёння тэмп жыцця ў многіх з нас такі, што не хапае аднаго рэсурсу – часу.
– Наш рабочы дзень сканцэнтраваны, сціснуты і, разам з тым, ён сапраўды прабягае непрыкметна. Перад супрацоўнікамі ставіцца вялікі аб’ём задач. Кожны дзень яны новыя. Каб усё паспець, прыходзіцца ўсім напружвацца: старшым оперупаўнаважаным Сяргею Станкевічу і Дзянісу Кавальчуку, оперупаўнаважаным Міхаілу Турко, Дзмітрыю Канавалу, Дзянісу Недзеню, Паўлу Даўнаровічу, Алегу Шарупічу, Максіму Нагорнаму. Калектыў аддзялення працаздольны, у добрай фізічнай форме.
Гутарыла
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
Да ўвагі
Па тэлефоне 5-01-70 можна ананімна перадаць інфармацыю, якая дапаможа ў раскрыцці таго ці іншага злачынства.
Всё равно, толку от них никакого.
Рейтинг комментария:
+2
-1