В Столбцах презентовали проект «Открытый диалог»

Главное Соцыум

У Стоўбцах у рамках кампаніі «Павестка-50»  прайшло мерапрыемства, на якім быў прэзентаваны праект «Адкрыты дыялог». Галоўная мэта праекта – інфармаванне людзей з інваліднасцю аб іх правах. Удзел у мерапрыемстве разам з прадстаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра, раённай арганізацыі інвалідаў узялі супрацоўнікі Офіса па правах людзей з інваліднасцю, а таксама польскія эксперты з фонду TUS.

Нагадаем, што кампанія «Павестка-50» накіравана на рэалізацыю Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, якую Беларусь ратыфікавала 3 кастрычніка 2016 года. Канвенцыя складаецца з 50-ці артыкулаў, і менавіта разуменне і рэалізацыя кожнага з іх на ўзроўні мясцовага таварыства дазваляе ператварыць Канвенцыю з юрыдычнага дакумента ў канкрэтную і зразумелую праграму. Кампанія «Павестка-50» рэалізуецца, акрамя Стоўбцаў, яшчэ ў чатырох гарадах рэспублікі (Бабруйску, Шчучыне, Століне і Валожыне), фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

Дырэктар ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Святлана Блашко зазначае:

– На пачатку лютага бягучага года адбылася ўстаноўчая сустрэча, на якой было вызначана стратэгічнае планаванне па паляпшэнні якасці жыцця людзей з інваліднасцю ў нашым раёне і ўключэнні іх у грамадства на 2018-2020 гады. Прадстаўнікамі рэгіёна ў даным мерапрыемстве сталі парламентарый Алена Анісім і яе памочнік Мікалай Новік, кіраўнік праваабарончай арганізацыі Офіс па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і яго намеснік Міхаіл Мацкевіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль, кіраўнікі грамадскіх арганізацый раёна, кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра.

За адносна кароткі прамежак часу, з лютага па ліпень, з удзелам польскіх экспертаў з фонду TUS М. Перацятковіч і П. Тодыса прайшлі рабочыя сустрэчы ў рэжыме каманднай работы. Па метадалогіі «22 крокі» былі вызначаны існуючыя сацыяльныя праблемы людзей з інваліднасцю раёна. Сярод іх – адсутнасць магчымасці перасоўвання ў горадзе і сельскіх населеных пунктах, недастатковасць безбар’ернага асяроддзя, адсутнасць месцаў працы, немагчымасць атрымання бясплатных юрыдычных кансультацый і суправаджэння ў судзе, няведанне людзьмі з інваліднасцю сваіх правоў, недастатковае інфармаванне насельніцтва па праблемах і правах людзей з інваліднасцю, неадпаведнасць даступных тэхнічных сродкаў рэабілітацыі патрэбам людзей з інваліднасцю, недахоп даступнай рэабілітацыі ў медустановах, адсутнасць сацыяльнага таксі.

Работа над стварэннем мясцовай павесткі дазволіла вызначыць рашэнне адной з сацыяльных праблем, а менавіта – «Недастатковая інфармаванасць насельніцтва па праблемах і правах людзей з інваліднасцю, у тым ліку саміх людзей з інваліднасцю» праз удзел у конкурсе на міні-грант. Ініцыятарам гэтай работы сталі раённая грамадская арганізацыя інвалідаў. Тэрытарыяльны цэнтр выступіў сацыяльным партнёрам міні-праекта.  Вынікам каманднай работы прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, тэрытарыяльнага цэнтра з’яўляецца напісаная павестка для свайго рэгіёна з выкарыстаннем міжнароднага вопыту.

Старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Зінаіда Катлашэўская ў сваім выступленні звярнула ўвагу, што ў раёне пражывае 2875 чалавек з інваліднасцю, ці каля сямі працэнтаў ад усяго насельніцтва раёна. Не ўсе яны, іх блізкія дастаткова праінфармаваны аб відах дзяржаўнай падтрымкі, і гэта перашкаджае людзям з інваліднасцю інтэгравацца ў грамадства. З рэалізацыяй міні-праекта «Адкрыты дыялог» (тэрмін яго заканчэння – 5 снежня 2018 года) сітуацыя ўжо пачала змяняцца. Актыўнымі тэмпамі праводзяцца круглыя сталы і сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і ўстаноў, у якія людзі з інваліднасцю звяртаюцца па дапамогу. Людзей з інваліднасцю запрашаюць на сацыяльныя кансультацыі. Выпушчаны буклеты, тэматычныя брашуры, якія могуць зацікавіць людзей з інваліднасцю. Іх раздача плануецца ў сельвыканкамах, тэрытарыяльным цэнтры, грамадскіх арганізацыях і т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *